Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Ганьба

Аднойчы Бэнсь, як друг бязгрэшны,
Сказаў Вячорку: "Ну - лады:
Ты едзеш з намі да падшэфных
У вёску Доўгія Брады.

Я ўгаварыў дацэнта Дроба
За баяніста ўзяць цябе.
Дадзім канцэрцік хлебаробам -
Паможам музыкай сяўбе!.."

Сцяпан любіў паездкі ў вёску -
Спаткацца з новымі людзьмі,
Пазнаць свой край шырэй хоць трошку,
Павеў жыцця ўдыхнуць грудзьмі.

У вёсцы іх, "артыстаў з Мінска",
Развёў па хатах брыгадзір
I - выпадкова ці наўмысна -
Сцяпану з Бэнсем дагадзіў:

Да Базыля Крата паставіў.
Той быў заможны гаспадар:
Меў новы дом і двор на славу,
I ў тым двары - дай бог тавар!

I меў дачку. Даўно нявеста,
Ды лёс Гілену абмінаў:
Была з "няўходжанага цеста" -
I люд тутэйшы гэта знаў.

Як паглядзець - амаль красуня,
А па натуры - пустальга.
Дзяцюк прыстане, пабузуе -
I прэч нясецца як мага.

Яна загадчыцаю клуба
Рабіла ў вёсцы - і штораз
Было ёй радасна і люба,
Як госці ехалі ў калгас.

Сам брыгадзір улучыў шэптам
На гэта Бэнсю намякнуць:
Маўляў, не грэшна будзе шэфам
З такою краляю гульнуць.

Тады і ўзнікла думка ў Бэнся:
"А што, каб Кротаву дачку
Апрацаваць у пэўным сэнсе
Ды і Сцяпану - пад руку?

Падстроіць так, каб на вячэры
Ён ля Гілены побач сеў,
Каб "гары" выжлукціў звыш меры
I да няўцяму акасеў?

Каб аж не помніў сам, што робіць.
Вось будзе факцік у мяне!
А ўсё астатняе ўжо дробязь:
Альжбеты чутка не міне!.."

Сам лёс зрабіў яму паслугу:
За пуняй стоячы ў садку,
Зусім няўмысна Бэнсь падслухаў,
Як маці бэсціла дачку:

"Ты бач! Яна ўжо па ахвоце
I гэтым пойдзе пасабляць!
Напасаблялася ўжо, годзе!
Праз месяц будзе - не схаваць!

Ці, можа, гэта з іх каторы
I нагуляў табе нябось?.."
У словах чуліся дакоры,
I крыўда горкая, і злосць.

Замёрлы Юзік ад здзіўлення
Аж рот разінуў за сцяной.
"Ого! Дык самы раз Гілене
Яго ўсучыць! Любой цаной!.."

Рашыўшы, Бэнсь, падступны сэрцам,
Пачаў свой план ажыццяўляць:
Дзяўчыну ён перад канцэртам
Адвёў убок хвілін на пяць.

"Вы не здзіўляйцеся, Гілена,
Што так пытаю - па прамой:
Але скажыце мне сумленна:
Вам... па душы таварыш мой?

Ах, вы яшчэ... Ну, што ж, не стану
Патрабаваць. Я сам скажу.
Я - тайну выдам: вы Сцяпану
Страшэнна ўзрушылі душу!

Але ён вельмі сарамлівы!
Ен нізашто не скажа вам,
Што быў бы ў свеце найшчаслівы,
Каб ваша сэрца мець за храм.

Таму - круціце самі гайку...
А што сказаў я вам - маўчок!.."
Гілена "клюнула" на байку,
Як верхаводка на кручок.

Амаль увесь канцэрт, прасцячка,
Вачэй не зводзіла з хлапца,
I Бэнсь паверыў: тут няцяжка
Давесці справу да канца.

Перад вячэрай тонка-хітра
Ён гаспадыні прашаптаў:
"Ну, цётка Тэкля, з вас паўлітра -
Вам зяця ў хату я дастаў!

Мой сябар з вашаю красуняй
Сышліся так адно з другім,
Што будзе проста неразумна
Не паспрыяць у шчасці ім!

Кажу вам шчыра - даастачы:
Не выпускайце зяця з рук!.."
Хвілін праз колькі Бэнсь убачыў:
У справе ёсць прыкметны зрух!

Вячэра, з поснае і беднай,
Як планаваў скупеча Крот,
Пабагацела адпаведна
Задуме, пушчанай у ход.

Не проста ж госці ўжо, выходзіць,
А - сват у хаце з жаніхом!
У гэткім разе не зашкодзіць
Уразіць іх і за сталом.

Базыль паставіў "гары" кварту,
А Тэкля - закусь: свежы сыр,
I масла жоўтае, і скварку,
I нават кольца каўбасы.

Канешне ж, Юзік пастараўся,
Каб ля Гілены сеў Сцяпан.
З павагі - той і не ўпіраўся,
Не знаў, што змысліў інтрыган.

Базыль - яму паспела Тэкля
Сказаць пра "зяця" і дачку -
Наліў пякучага, як з пекла,
Па поўнай шклянцы першаку.

- Ну, хлопцы, сёння вы героі!
Арлы! Дык як тут не нальеш?..
Сцяпан у добрым быў настроі -
З усіх ён выступіў найлепш.

Ды і наогул - гэта вёска,
I гэта ранняя вясна...
- Дык, хай даруе матка боска,
Давайце, хлопчыкі, да дна!

Хто не блазнюк, а хват-мужчына,
Без перадыху - да канца!..
I, падагрэты гэткім чынам,
Сцяпан "згуляў у малайца".

Сцяло - не мог дыханне звесці,
Як бы ў нутро пайшоў агонь.
- Вазьмі, сынок, хутчэй заесці! -
Гукнула Тэкля да яго.

Гілена вобмігам на сподак
Суседу закусь падала
I ўся ад шчасця млела ўпотай -
Уся брыняла і цвіла.

Ледзь дых вярнуўся да Сцяпана,
Як Юзік ткнуў рукой на іх:
- Вы паглядзіце, што за пара:
Дальбог, нявеста і жаніх!

Старых уцешыў вокліч гэткі:
Быў па душы абоім "зяць".
- Дапраўды кажаш, мае дзеткі:
Такую пару - пашукаць!..

Сцяпан зірнуў на Бэнся грозна:
- Ты... гэта самае, прымоўч!..
Гілена ж соладка-трывожна
Тым часам думала пра ноч.

Была няўрымсная Гілена!
Вячорка раптам так адчуў
Пякельны жар яе калена -
Аж стала горача ўваччу.

Пяршак, што ён кульнуў з ахвотай,
Сцяпана моцна захмяліў.
А ўжо Базыль другім заходам
Ім шклянкі поўныя наліў.

- Давайце кропляю свянцонай
Яшчэ абнашчымся разок,
Хоць вы прывыклі да куплёнай,
А гэта - так сабе, квасок!

I як пад добрую закуску,
Дык можна буталь апрастаць,
Крыху пахыркаць у падушку
I зноў за плуг на полі стаць!..

Не ўнікшы ў гэткую манеру
Хваліць сябе "наадварот",
Сцяпан за чыстую манету
Прыняў усё, што збаяў Крот.

Таму, не быўшы п'яны з роду,
Пасля "заходаў" чатырох
Язык варочаў, як калоду,
I ўстаць з услона сам не змог.

Апошні момант, што назаўтра
Туманна ў памяці ўваскрэс,-
Вясёлы Бэнсь крычыць з азартам:
"Смялей, жаніх! Даёш прагрэс!.."

Старая ўдумліва рашыла,
Каму дзе класціся з гасцей:
Сцяпан, без памяці, за шырмай
Заняў Гіленіну пасцель.

Свабодны ложак у святліцы
Дастаўся Бэнсю. А дачцэ...
Дачка павінна прымасціцца
Ля "зяця" побач. Дзе ж яшчэ?

Ёй Тэкля так і прашаптала:
"Ідзі! Каб ведаў, чый ён зяць.
Ну, што ты бельмы пакуляла?
Цяпер няма чаго куляць!.."

На шчырасць гэткую Гілена
Не спадзявалася ніяк
I аж крыху пачырванела:
"Дык ён жа... п'яны, як мярцвяк!"

"Ты не пра тое зараз думай!
Ты прыбяры спярша да рук!
Калі, дасць бог, ён чэсны дурань -
Дык будзе бацьку мець байструк!

Прайшла з паскуднікам навуку -
Прыруч і добрага хлапца!
Упусціш - выганю, як суку,
У чым стаіш! Ані рубца!.."

* * *
Сцяпан ачнуўся. Так, нібыта
Ужо не спіць, а галавы -
Не павярнуць: свінцом наліта.
I сам увесь - як нежывы.

Але выразна адчувае:
Хтось цёпла дыхае ў шчаку,
Ля шыі коўдру раскрывае
I на плячо кладзе руку.

I тут жа - голас, мяккі, ветлы:
"Прачнуўся? Годзе, годзе спаць!"
Каму і хто гаворыць гэта?
Знаёмы хтось - а не пазнаць.

"А ты такі салодкі, Сцёпчык!
З табою страціш галаву!
Калі ў нас першы будзе хлопчык -
Таксама Сцёпам назаву!.."

Як ток працяў. Дайшло імгненна.
Расплюшчыў вочы. Твар у твар -
Над ім шчаслівая Гілена
Палае, дыхае, як жар.

Пагляд - даверліва-крыштальны,
I губкі - банцікам-вузлом.
Тут шырма шырхнула - і ў спальню
Убегла Тэкля з абразом.

"Са шлюбам вас! Са шлюбам, дзеткі!
Раз самі божы запавед
З сябе знялі - то бог у сведкі:
Ідзіце зразу ў сельсавет!

Калі ўжо гэтак раптам выйшла -
Благаслаўляем вас з айцом!.."
I бацька тут падбег увішна,
Сказаў: "А ты, брат, малайцом!

Умэнт з Гіленкай згаварыўся!
I тыдня ўслед не пахадзіў!.."
Сцяпан, збялелы, падхапіўся,
Памостам ногі астудзіў.

Але кальнула так у скронях,
Што, каб не ўпасці, тут жа сеў,
Заціснуў голаў у далонях,
Адчуў: канец - задушыць гнеў.

"Дык гэта... што ж гэта такое?
Я - звар'яцеў? Або - яны?
Ух, як нясцерпна ў чэрап коле!
Набраўся ўчора, бот дурны!.."

"Ці не муціць цябе, Сцяпанка? -
Бліжэй ступіла Тэкля крок.-
Бач, не пайшла здароўю п'янка.
Базыль, дай похмелкі глыток!.."

"Ідзіце к чорту!" - дзіка, страшна
Сцяпан у гневе закрычаў,
Схапіў свой "клёш" з бліскучай спражкай,
Збірацца похапкі пачаў.

"Ну-ну! Нявольна так, дзіцятка!
Ужо ж нікому не сакрэт!
I справядліва кажа матка:
Цяпер вам толькі ў сельсавет!

А што ж! Дачка ў нас - не круцёлка,
У бацькі-маткі - на слуху.
Паненскі стан трымала цвёрда,
Каб гонар быў і жаніху!" -

Так бацька з годнасцю, спаважна
Размову хітрую павёў
I "гарай" з бутлі учарашняй
Напоўніў шклянкі да краёў.

"Дапусцім, нават і па п'янцы,
Але ж было, зяцёк, было!
Давай асушым, брат, па шклянцы,
Каб сумляванне не ўзяло!

На шчасце гэта неспадзеўка -
Адно патрэбна ўразумець.
Ты паглядзі, якая дзеўка,
Якую жонку будзеш мець!

На ўсе шаснаццаць - гаспадыня:
I ткаць - сама, і шыць, і мыць.
I ўжо бітком набіта скрыня -
Пасаг дадзім - як мае быць!.."

Тым часам, седзячы на ложку,
Гілена хліпаць пачала -
Усё мацней, мацней патрошку
I Тэклі жару паддала:

"Ты што ж? Зрабіўшы дзеўцы псуту,
Як той пранцузкі кавалер...
Каму ж яе цяпер падсуну?
Хто ж возьме гэткую цяпер?.."

Сцяпан, не бачачы нічога
I як не чуючы зусім,
Ужо рвануўся да парога,
Як раптам - Юзік перад ім.

"Я - еду! - крыкнуў.- Гэта пастка!"
"Мне ўсё вядома. Пачакай!
Не гарачыся, калі ласка,
I ад Гілены - не ўцякай.

Падумай сам: бацькі сягоння ж
У камітэт напішуць ліст -
З кансерваторыі пагоняць,
I з камсамола паляціш..."

"Ты што - смяешся? Ці сур'ёзна?"
"Зусім сур'ёзна, галубок!"
"Пусці!" - сказаў Сцяпан пагрозна
Ды так, што той - адразу ўбок.

Сцяпан піхнуў рукою дзверы,
Не зачыніўшы за сабой,-
I са двара, як ад халеры,
Панёсся вулачкай крывой.

У лесе толькі, ля рачулкі,
Спыніўся, лоб вадой абдаў,
Пачуў у скронях стукат гулкі -
I ўрэшце сэрцу волю даў.

Не сутрымаў усхліпу-плачу -
Папёрлі слёзы з глыбіні.
"Каму і як я растлумачу,
Што тут няма маёй віны?

А можа, толькі папужалі -
I не пашлюць у Мінск пісьма?
Тады ўтаіць усё ад Алі?
А як дазнаецца сама?

Не, лепей ёй сказаць адкрыта,
Што ў гэткі трапіў пераплёт..."
Аж задыхаўся ён ад крыўды
I кляў увесь Гіленін род.