Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Белы май

Альжбета Францаўна Кудзёлка
У тыя дні - даўным-даўно -
Была дзяўчына, як вясёлка:
Уся свяцілася ажно.

Жывога розуму дзяўчына
I шчодрай, ласкавай душы.
А гляне карымі вачыма
На дзецюка - прапаў, пішы!

У педвучылішчы сталічным
Яна выдатніцай была.
Яшчэ і талент ёй музычны
Прырода-матухна дала.

На лыжках грала вельмі хвацка!
Як забразгоча польцы ў такт
На вечарынцы інтэрнацкай -
Маэстра сам не змог бы так!

"Во, шэльма дзеўка! Во, зараза!" -
Гукаў сёй-той пад перамірг,
I сказ гучаў не як абраза,
А як прызнання светлы міг.

Такою, з лыжкамі, і ўбачыў
Яе Сцяпан у першы раз
I, заварожаны няйначай,
Па-за плячмі ў сяброў "завяз".

Сюды, да будучых настаўніц,
Ва ўтульны, чысты інтэрнат
Іх Юзік Бэнсь прывёў на танцы -
У гэтай справе зух і хват.

Сцяпан, пакуль яна іграла,
Глядзеў, не зводзячы вачэй,
А цуда-музыка гучала
Усё званчэй, усё званчэй.

Калі ж нарэшце полька змоўкла,
Дзяўчына ўстала даць паклон -
Усе запляскалі навокал,
Не зварухнуўся толькі ён.

"Альжбеце брава! Брава, Аля!" -
Завыгукала ўся гурма.
"Альжбета?..- Дзіўна як назвалі
Бацькі... Забытае імя!"

Вядучы рэй, лабасты хлопец,
Гукнуў: "Цяпер - жаночы вальс!"
Каля Вячоркі ўзнікла постаць: -
Я запрашаю ў танец вас!

Сцяпан як быццам прабудзіўся:
Глядзіць - Альжбета перад ім!
Ад неспадзеўкі - разгубіўся,
Хацеў адмовіцца зусім.

Але ў апошняе імгненне
Кіўнуў на згоду галавой
I, не сказаць, каб зграбна вельмі,
На круг брусчасты выйшаў з ёй.

О першы вальс! Павек забыцца
Не зможа той паднебны ўзлёт!
Як лёгка з ёй было кружыцца,
Адчуўшы ў сэрцы веснаход!

Як далікатна, нібы пёрка,
Далонька ўлеглася ў руцэ!
Як звабна блізка, нібы зорка,
Радзімка ззяла на шчацэ!

"Вы нейчы госць тут?" - запытала.
"Не, мы зайшлі к вам... проста так".
Язык яму - як завязала:
Адно глытаў сухі камяк.

Хоць меў прыгожы голас звонкі
I быў не з роду маўчуноў -
Ён не знаходзіў для гаворкі
Зачэпкі добрай, вартых слоў.

"А вы ігралі, як артыстка!" -
Знямогся ўрэшце ён маўчаць.
I ўбачыў: сонечная іскра
У карых бліснула вачах.

Кранула водзывам ягоным!
"Ды што вы! Так - дурэць люблю..."
Тут абарваўся вальс - і гоман
Спусціў іх з неба на зямлю.

Музыка ўпараны на крэсла
Баян паставіў: "Перакур!"
Сцяпан туды рвануўся з месца:
"Дазвольце мне сыграць, пакуль..."

Мо ад няёмкасці хлапечай
Уздумаў гонар апраўдаць?
Ускінуў дзве шляі на плечы
I з ходу ўрэзаў - як аддаць!

"Эге! - адразу ўсе адчулі.-
Вось гэта ўзровень, гэта клас!"
Аж пыл пайшоў па вестыбюлі -
Так завіхрыла полька ўраз.

Што праўда, сам музыка трохі
Занерваваў і ўмерыў дух:
Альжбета-лыжачніца ў скокі
З нахабным Бэнсем выйшла ў круг.

Але заўважыў: хоць дзяўчыне
I сыпле ўсмешкі Юзік-хват,
А ўсё ж яна не-не дый кіне
На баяніста зірк-пагляд.

Пасля яго шалёнай полькі
Альжбета знікла неўпрыкмет.
Калі - не ўгледзеў ён, а толькі -
Застаўся ў сэрцы гулкі след.

Такі гарачы след трывожны,
Што ён пачаў шпацыраваць
Ля інтэрната вечар кожны -
А раптам выпадзе спаткаць?

Ну, дык і выпала нарэшце!
З сяброўкай-дылдай пад руку
Яна аднойчы выйшла з весніц -
Якраз насустрач дзіваку.

Сцяпан сумеўся, разгубіўся:
Пракляты сорам, каб ты счах!
Даў "добры вечар" і спыніўся -
З мальбой і радасцю ў вачах.

Яны таксама крок стрымалі.
Лілася з вокан гамана.
"Вы так прыгожа ў нас ігралі! -
Сказала шчыра... не яна.-

Прыходзьце зноў! Абавязкова!" -
Штось "дылдзе" рупіла самой.
Яна ж - ні слова, ні паўслова
Але глядзела... божа мой!

Як на яго яна глядзела!
З якой прадоннай глыбіні!
Якая светлая надзея
Пускала ў сэрцы карані!..

Ледзь дачакаўшыся суботы,
Сцяпан падаўся ў інтэрнат.
Адзін. I шмат іграў з ахвоты.
I танцаваў з Альжбетай шмат.

Але сказаць ёй хоць намёкам,
Чаго прыйшоў ён зноў сюды,
Чаго блукаў ля іхніх вокан,-
Не змог музыка малады.

I ён рашыў пакарыстацца
Вядомым спосабам старым:
Прызнацца ў вершы - і на танцах
Аддаць лісток ёй. А затым...

Ужо што будзе - тое будзе.
Ва ўсякім разе - будзе знаць.
Тры дні мазгі мазоліў-трудзіў,
Каб як найлепей напісаць.

У рыфму ён яшчэ са школы
Грашыў - умеў цаляць як след.
I вось на лісціку васковым -
Амаль класічны трыялет:

"Ты сэрца мне усхвалявала,
Як краска першая вясной
На ціхай просецы лясной -
Ты сэрца мне усхвалявала.

Пасля іх будзе тут нямала
Цвісці, буяць, зырчэць красой.
Ты ж сэрца мне усхвалявала,
Як краска першая вясной".

Перачытаў сто раз - не меней,
Рашыў: "I ў друк бы падышло!"
I ў нагрудной паклаў кішэні -
Каб лёгка выхапіць было.

Назаўтра ж вечарам, у танцы,
Пад шоргат ног, пад гоман-гам,
Ён у кішэньку сунуў пальцы,
Сказаў: "Вазьміце, гэта вам!.."

I чуе: "Мне? Але навошта?
Не разумею, што за жарт?.."
Зірнуў - бы хтось яму бязбожна
Чабэхнуў кіпенем у твар.

Ён не лісток дае з блакноту,
Дзе ёй прызнанне ў вершы сплёў,-
А глянцавітую банкноту -
Ні больш, ні менш - на сто рублёў!

Паблытаў, гад! Ляжала ў той жа
Малой кішэньцы на грудзях.
Якая ганьба-стыд, о божа!
Які канфуз! Ды пры людзях!

"Даруйце!" - згроб купюру ў жменю
I ў дзверы ледзьве не бягом.
Яна - на ганак праз імгненне,
А там - на вулку, наўздагон.

"Сцяпан! Вярніцеся! - гукнула.-
Прашу, вярніцеся! Сцяпан!.."
Спыніўся ён. Душа пачула:
Ад сэрца голас - не спадман.

"Вы трохі дзіўны, выбачайце.
Чаго з-за дробязі ўцякаць?
Забудзьце ўсё - і не зважайце..."
"Я вам хацеў вось гэта даць..."

I ён падаў ёй невялікі
Учвэртку складзены лісток.
Яна ўзяла і для прыліку
Зірнула ўпрыцемку: "Сцішок?!"

"Вы... не цяпер, вы потым гляньце",-
Ён сарамліва папрасіў...
Яны вярнуліся на танцы -
Як быццам іншыя зусім.

Як бы на іх лягла ўжо мета
Якогась кону аднаго.
I цэлы вечар той Альжбета
Не пакідала ўжо яго...

...На цёмнай лесвіцы вячэрняй
Акно расчынена ў прастор -
У весні горад,- да свячэння
Агнёў і зор, агнёў і зор.

"Уночы будзе навальніца",-
Ён, бы сабе, сказаў услых.
Яшчэ сакрэт і таямніца -
Усё, што ўзнікла паміж іх.

Але ўжо з моцнае далоні
Не вырываецца далонь.
Але ўжо хіліцца да скронi,
Нібыта ў лёгкім хмелі, скронь.

I слова згоды ўжо трапеча
На смяглых вуснах - без умоў,
Што не далей, як заўтра ўвечар,
Яны спаткаюцца ізноў.

* * *
Сляпы ад шчасця ў май той белы,
Калі шугаў паўсюдна бэз,
Не знаў Сцяпан, што да Альжбеты
Тады ж "прыліп" і Юзік Бэнсь.

Дый не на жарт "забрала" Бэнся!
Амбітны, хцівы сэрцаед
У інтэрнат зайсці ўжо меўся,
Каб на яе натрапіць след.

I як жа вырачыў ён вочы,
I як напнуўся цецівой,
Калі яна сама аднойчы
Да іх заглянула ў пакой.

Яе прывёў Сцяпан - і проста
Сказаў, не ўмеючы хітрыць:
"Мая знаёмая і госця,
Прашу ласкавымі вас быць!.."

Найлепей Юзік просьбу ўважыў -
Ласкавы быў, аж цераз край:
I шчодра досціпы адважваў,
I згатаваў імгненна чай.

Адшчоўкнуў ключыкам куфэрак
I тут жа ("ахні, слабы пол!")
Кулёк не нейкіх там цукерак,
А "мішак" высыпаў на стол.

Альжбета ахнула, канешна.
Ніхто ёй "мішак" не купляў.
Бэнсь звысака глядзеў належна:
"Частуйся! Семечкі, маўляў!

Яшчэ не гэткае зазнаеш,-
Прасіўся довад з языка,-
Калі, вядома, розум маеш
I прэч адшыеш вахлака!.."

Калі ж яна Сцяпану ўрэшце
Шапнула: "Нам ісці пара!" -
Зніякавеў, застыў ва ўсмешцы -
Нядобрай, як аскал тхара.

"Не, з гэтым я не прыміруся,
I ты не радуйся, дружок.
На ўсё пайду - свайго даб'юся:
Ты будзеш сцёрты ў парашок!.."

Услед за імі з інтэрната
На вулку выйшаў - злы, як звер,
I - прама ў будку "Сто на брата",
Дзе Лёф даваў і напавер.

Сядзеў за столікам дапозна,
За кухлем кухаль асушаў,
I чым далей - тым болей грозна
План помсты ў думках вырашаў.

"Ну хто такі Сцяпан Вячорка?
Паршывы конь у табуне!
Чаму ж павінна гэта зорка
Свяціць яму? Чаму - не мне?

Абдзіртус з віцебскай глыбінкі!
Калі паштэт я ем усмак -
Ён, здыхля, душыцца ад слінкі,
Глядзіць у рот мне, як жабрак!

Ды і наогул!.. Чым ён знаны,
Каб мог супернічаць са мной?
Не, гэны яблычак крамяны
Я адаб'ю любой цаной!.."