Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Адступленне першае - патэтычнае

О, Беларусь!..- Няхай усклікну
I я - за волатамі ўслед.
Як пілігрым нясе малітву -
Так я нясу іх запавет.

Я скалясіў і змераў пешкі
Твае прасторы ўдоўж і ўшыр -
I ўсе шляхі, дарогі, сцежкі
Пакрыжаваліся ў душы.

Не знаю сам, якога зелля
Ты падліваеш мне ў пітво,-
Што гэтак моцна, гэтак хмельна
Тваё чаруе хараство.

Не знаю слоў, каб растлумачыць,
Разгадку тайны праявіць,-
Чаму штодня мне трэба бачыць
Твой непаўторны краявід.

Чаму без роднага паветра
Я доўга дыхаць не магу.
Чаму мне суджана павечна
У неаплатным быць даўгу -

Перад тваёю некрыхлівай,
Зусім не кідкаю красой,
Што з воч зрываецца імклівай,
Непераможнаю слязой,

Што анікому не чужая
I нават кончаных бадзяг
Адчуць раптоўна прымушае,
Як радасць тахкае ў грудзях.

"Якая дзіўная краіна! -
Пісала госціца адна: -
I да Бабруйска скрозь - раўніна,
I за Бабруйскам - раўніна!.."

Перапрашаю госцю вельмі -
Удакладніць належыць тэкст:
Хоць раўніна - ды не пустэльня,
Хоць і раўніна - ды не стэп!

А ўсё лясы ды пералескі,
Бары, дубровы ды гаі,
Бяроз і сосен пераблескі,
Нязмоўчны шчэбет у галлі.

А ўсё пагоркі, ды лагчыны,
Ды касагоры, ды равы,
Сярод палеткаў - лугавіны,
У ціхіх поймах - паплавы.

А ўсё азёры ды азерцы,
Бруенне рэчак, плыннасць рэк...
Дык што ж за дзіва, што на сэрцы
Адбіўся вобраз твой навек?

Дняпро і Нёман, Сож і Прыпяць,
Дзвіна, Бяроза і Вілля -
Спляліся так, што не разблытаць
Іх у душы маёй, зямля!

Не раз'яднаць і не адсекчы
Ні ручайка - пакуль жывы.
Тваіх артэрый ток адвечны -
Давечны ток маёй крыві.

Спыні на міг - і задыхнуся,
I - як падкошаны ўпаду.
Ды знаю, што прашэпчуць вусны
Раней, чым іх навек звяду.

Тваё імя яшчэ прамоўлю
Апошні раз, о краю мой!
Шчаслівы лёс - плаціць любоўю
Табе і жыць - адною ёй.

З чаго пачаў калісь над Гайнай -
I скончу тым... Спакойны я:
Павек не стане чорнай ганьбай
Любоў прасветлая мая!..