Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Прычына

Сцяпан Якубавіч Вячорка,
Хоць быў караць сябе гатоў,
На ўлонне роднага падворка
Не заяўляўся шмат гадоў.

Ён разумеў: нядобра гэта,
I ўсё збіраўся завітаць.
"Абавязкова ўжо налета!
Далей няможна адкладаць".

Налета зноў не выпадала -
I зноў ён бэсціў сам сябе.
На шчасце, маці прыязджала
Сама, знябыўшыся ў журбе.

Відаць, таму, што бачыў зрэдку,
Не так пакутваў ад віны.
"Прыедзь, Сцяпаначка, улетку -
На спелы яблычак вінны.

На тыя ж вішні, на маліну
Ці на любімы свой агрэст..."
Расчулены ад успаміну,
Сын абяцаў старой прыезд.

I шчыра верыў сам, і нават
Ужо ўяўляў, як нацянькі
Ідзе праз луг, па спелых травах,
Сцяжынкай вогкай да ракі;

Як, разамлеўшы на спякоце,
Ён акунаецца ў віры;
Як растае салодка ў роце
Даспелы яблычак вінны;

Як ён пад венічкам якоча
У лазні брата Тамаша -
А дыхту болей, болей хоча
Не толькі цела, а й душа;

Як потым матчыны "кумпанкі",
З нагоды клікнутыя ў дом,
Сваёй дзявоччыны вяснянкі
Пяюць для госця за сталом;

Як апасля ў суседняй вёсцы,
Дзе караніўся матчын род,
Гасцюе ён у дзядзькі Лёксы,
Каштуе свежы, з вузай, мёд,

А дзядзька сыпле, нібы з меха,
Навіны ўсякія, ды так,
Што ён заходзіцца ад смеху,-
О, дзядзька выдумаць мастак!

"I для душы спажытак быў бы,
I адпачыць бы добра змог,
I не было б у мамы крыўды...
Паеду ў свой Каменны Лог!.."

Але, правёўшы маці, тут жа
Ён акунаўся з галавой
Не ў вір маленства - праца-служба
Штодзённа ў вір цягнула свой.

Пасля музфонд даваў пуцёўку,
Калі ён водпуск браў якраз,-
I аглядаў Вячорка зноўку
Ці Крым, ці Сочы, ці Каўказ.

Так адпачынку пал чарговы
Прывык у моры ён гасіць,
I так зрываўся план ягоны -
Улетку ў маці пагасціць.

Зноў бачыў: выбрацца не зможа,
Уявы светлай тух прамень,-
I адкладаў ён падарожжа,
Як бы да нейкіх перамен,

Да нейкай послабкі-аддухі,
Што ўрэшце выпадзе яму,
Каб хоць на тыдзень сэрца й думкі
Даверыць котлішчу свайму...

Была яшчэ адна прычына,
Што астуджала ўраз запал.
Вы здагадаліся: жанчына,
З якой знаёмы быў Сцяпан.

Ды і не проста так знаёмы.
Зусім, зусім не проста так...
Над імі колісь дзень маёвы
Устаў, як лёсу добры знак.

Пасля... да жудасці раптоўна
Той дзень бязлітасна патух -
I доўга крыўдай невымоўнай
Цямрэла ў сэрцы ноч пакут.

Хоць знаў: у тым, што толькі горыч
Яму пакінуў на ўспамін
Вясновы вечар ясназоры,-
Быў вінаваты ён адзін.

Што ж, скрухі ён пазбыўся з часам -
Жыццё на ўсё знаходзіць лек,
Яно не любіць, каб няшчасным
На свеце чуўся чалавек.

Тым больш - у гэтакім узросце,
У самым розгары вясны...
Але вясна прайшла, а штосьці
Ад той пары не збегла ў сны.

Не-не,- і марнае пытанне:
Чаму так здарыцца магло? -
Будзіла крыўду, шкадаванне,
Пакутнай прыкрасцю гняло.

Калі ж нарэшце крыўда гэта
З вірлівай мутнасцю сплыла -
Было запозна ўжо: Альжбета -
За іншым замужам была.

Памылку выправіць, хоць з болем,
Назад, хоць з кроўю, адкруціць -
На гэта ўзняцца ён не здолеў.
Рашыў: няхай перабаліць.

Нашмат пазней, калі ўжо ўласнай
Быў сам ён звязаны сям'ёй,
Цераз знаёмага дазнаўся
Сцяпан што-кольвечы аб ёй.

Альжбета шлюб свой разарвала:
Ёй шчасця замуж не прынёс,
I марнаваць яна не стала
З нялюбым свой жаночы лёс.

Ішлі гады... Аднойчы ўвосень
Яму прывезла маці ў дом
Такую вестку, што здалося:
Над галавою грымнуў гром.

- Да нас вучыцельку аднекуль
Прыслалі ў школу працаваць.
Яшчэ ў тваім прыблізна веку,
Альжбетай Францаўнаю зваць.

Дык дзецям гэтак дорыць ласку,
Як маці родная, дальбог!..
- Альжбета Францаўна? - знянацку
Схаваць здзіўлення ён не змог.

- Хіба мо ведаеш яе ты? -
Як бы ўлавіў штось матчын слых.
- Не, проста дзіўна, што... Альжбета,
Імя такое... са старых.

- Ну, так. А прозвішчам - Кудзёлка.
Разводка быццам бы... Але
Па ўсім відаць, што не свісцёлка.
Да ўсіх з павагай у сяле.

Як толькі далі ёй хаціну,
Што завуч вызваліў, Зяцькоў,-
Гадоў пятнаццаці дзяўчыну,
Дачку, прывезла ад бацькоў...

Сцяпану ў сэрца, як іголкай,
Кальнула: "Вось дык навіна!
Альжбета Францаўна Кудзёлка!
Няма сумнення, што яна..."

Маўчаў, аглушаны як быццам,
I зразумець ніяк не мог:
Чаму ёй собіла прыбіцца
Якраз жа ў іх Каменны Лог?

Ці ж мала школ у іхнім краі -
У межах вобласці ўсяе?
Які ж "асветнік" ёй нараіў
Атайбавацца ў іх сяле?

А можа быць, яна наўмысна
Зрабіла так?.. А для чаго?
Нашто - калі ёй ненавісна
Любая згадка пра яго?

Відаць, тут проста выпадковасць.
Відаць, забылася суздром,
Што гэны кут - яго мясцовасць,
Яго бацькоўскі, родны дом.

- Была і ў нас, у нашай хаце:
То ж вучыць Паўліка якраз,
Дык ушчувала бацьку, маці,
Што той кладзецца спаць не ў час.

I пра цябе спытала потым:
Ці праўда, значыць, ці мана,
Што ты мой сын і згэтуль родам...
- I што?..- Здзівілася яна.

Такі, гаворыць, талент звонкі
Радзіўся ў гэтакай глушы...
Ад большай пэўнасці ў Вячоркі
Паспакайнела на душы.

"Ну, так, забылася няйначай,
Што гаварыў я колісь ёй -
Аб нашай вёсцы, школе нашай,
Аб першай музыцы маёй...

От можа фокус быць вясёлы:
Прыеду я - і як на грэх
Адразу ўбачымся ля школы..."
I зноў па сэрцы цень прабег.

Ён мусіў сам сабе прызнацца:
Паклаўшы крыж на той бядзе,
Ён не хацеў бы сустракацца
З былым - ніколі і нідзе.

Тут справа, знаў ён, не ў капрызах
Яго натуры. Справа ў тым,
Што калі нават попел-прысак
Астыў - нашто капацца ў ім?

А ёй? Хіба ёй будзе ў радасць
Узрушыць памяць гаркатой?
Яна ж дагэтуль лічыць здрадай
Яго правінны ўчынак той.

Калі ў яе спакой і немуць
Пануе ў сэрцы - не бунтуй!
Авось пачасе куды-небудзь
Перабярэцца і адтуль...

У гэткіх роздумах-развагах
Бываў Вячорка ўсякі раз,
Калі матуля ў госці звала -
На адпачынак, на папас.

I ўсякі раз яго паездка
Ізноў не месцілася ў план...
Ды вось прыйшло пісьмо-павестка,
Якой чакаў ужо Сцяпан.

"Ты не забыўся, брат наш кроўны,-
Струменіў водар з родных слоў,-
Што маме, Сохвіі Пятроўне,
Праз месяц семдзесят гадоў?

Якраз на свята, на купалле.
Дык выкрай часу і прыедзь.
Каб потым людзі не казалі -
Парадуй маму і прывець..."

Сцяпан і сам у тлуме будняў
Не забываў пра юбілей.
"Ну, што ж, рыхтуйся, сын аблудны!
Тут не адкласці надалей.

Набок усякую нязмогу!
На свята маці рушым, брат,
Каб нават падаў на дарогу
Перад табой каменны град!

Ну, а наконт магчымай стрэчы...
Ці не пара прасцей, дзівак,
Глядзець на гэтакія рэчы?
Табе ж за сорак як-ніяк!..

Ці мала што ў жыцці бывае!
Якіх вузлоў не вяжа лёс!
Няшчасны той, хто ўсё прымае
Да сэрца блізка і ўсур'ёз.

Спакойна, брат, звычайна стаўся
I да сябе, і да людзей...
Ах, ты, на жаль, не гэткі ўдаўся?
Не можаш звольна і прасцей?

Тады - ты сам свой інквізітар,
I - як сказаў алкаш-сусед:
"Прабач, таварыш кампазітар,
За гэтым я прыйшоў на свет!.."