Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Купальскія васількі

Як хутка ўсё наўкол заціхла:
Дзявочы смех, дзіцячы крык,
Агідны вуркат матацыкла,
Ля нейчай студні корбы скрып...

А быў жа час: купальскай ноччу
Не спалі ў вёсцы да зары -
Ганялі ведзьму-патарочу,
Агні палілі на гары,

Спявалі песні і скакалі,
Вянкі пускалі на ваду
I кветку-папараць шукалі -
З жыццём і доляй не ў ладу...

Нічога з колішняга свята
Не засталося ўжо - няма.
"А раз няма - праблема знята.
Зняла гісторыя сама!"

Цытата гэтая ў Сцяпана
Сядзела ў чэрапе, як косць.
"Праблема знята для васпана,
А для мяне - праблема ёсць!

Вось - не палілі вогнішч хлопцы,
Вянкоў дзяўчаты не вілі -
Дзень цэлы дзюбалі па стопцы
I, ачмурэўшы, спаць ляглі..."

Вячорка, седзячы на лаўцы,
Курыў так прагна, бы ў запас,
I ўжо хацеў было падацца
На вышкі ў пуню - самы раз! -

Калі пачуў, што нехта вулкай
Ідзе ад школы ў гэты бок:
Абцасы тахкаюць нягулка
I часта - лёгкі, шпаркі крок.

Вячорка ўраз насцеражыўся,
Ператварыўся ўвесь у слых,
Разгледзеў постаць, падхапіўся
I зноў замёр, стаіўшы дых.

Яго заўважылі таксама -
I замарудзілі хаду.
"Няўжо яна? Няўжо Мар'яна?
На шчасце мне ці на бяду?"

А постаць круць! - і шыбкім крокам
Назад - у морак-цішыню.
- Пастойце! - выгукнуў Вячорка.-
Я ўсё адно вас даганю!..

Нібы дзяцюк, рвануўся з месца
Ступой сажнёвай наўздагон.
Яна - стаяла. Дзе ж ёй дзецца,
Калі пазваў не хтось, а ён!

- Вы што пусціліся наўцёкі,
Як бы я звер, што з'есць ураз?
I ён пачуў уздых глыбокі:
- Я не чакала ўбачыць вас...

Я толькі думала: прайдуся,
Бо спаць не хочацца зусім...
Балючай марай светла-русай
Яна стаяла перад ім.

Той сон пакутлівы, што сніўся
I вабіў цягам доўгіх год -
Яму здалося: раптам збыўся,
Зрабіўся явай для яго.

- А што - вас мама адпускае
Адну так позна са двара?
- Не, я сама... Яна не знае,
Яна б дазволу не дала...

- Дык вось якая вы, Мар'яна! -
Ён адабрэння не ўтаіў.-
Што ж, раз абоім спаць нам рана,
Дык мо і пройдземся ўдваіх?

Як, згода? - Згода.- Малайчына!
Які ж маршрут мы абяром?
Яна паціснула плячыма:
- Не знаю... Хораша кругом!..

- За вёску, можа, у жытное,
Дзе ціша долы спавіла?
- Ага, за вёску. Так даўно я
У полі ноччу не была!..

Вячорка глянуў на кафтанік:
- А не прастудзіцеся - так?
- Ды што вы! Я - з загартаваных.
Мне гэткі холад ані ў знак!

- Будзь блаславёна тая сіла,
Што вас прымусіла ўцячы!
Айда шукацьма, дзе згубіла
Зара вячэрняя ключы!

А раптам знойдзем? Вы не супраць,
Каб мы знайшлі іх дзесьці тут -
На вашу мілую прысутнасць
Я запісаў бы гэты цуд!

- Ключы у возеры ўтанулі,
Іх месяц знойдзе давідна...
А што б вы імі адамкнулі? -
Цяпер спыталася яна.

- Я адамкнуў бы імі дзверцы
Той студні ў вотчынным двары,
Адкуль сабе натхненне ў сэрца
Бяруць музыкі й песняры.

Я ўжо даўно адтуль не чэрпаў,
Не даставаў жывой вады...
- А без ключоў зары вячэрняй
Вы не дасягнеце туды?

- Не, нават нечага і марыць.
Ключы патрэбны мне, ключы!..
Яна задумалася, мабыць,-
Маўчала, побач ідучы.

Маўчала ноч. Маўчала неба.
Свяціўся месяца цаўкруг.
Калматай коўдрай бела-срэбнай
Засланы быў прырэчны луг.

З лагчыны ўезджаным прасёлкам
Да ўзгорка крочылі яны,
I вось у твар дыхнула цёплым,
Адвечным духам збажыны.

I перапёлка ў прывітанне
Ім пракрычала: "Жаць пара!"
Жаданай тайны прадчуванне
Было ім за павадыра.

- Скажыце мне, а што павінна
Лічыцца шчасцем у жыцці?
- Па мне - з найлепшаю жанчынай
Вось гэтак поручкі ісці.

I знаць: яна цябе кахае,
Як ты яе - усёй душой,
I што за лёс вас ні чакае -
Табе не зробіцца чужой...

- I ўсё? - спынілася Мар'яна.
- I ўсё!..- А творчасць? А тварыць?
- Тварыць - штодзённа, апантана -
Для чалавека значыць - жыць...

- А ці не шчасце - поспех, слава,
Прызнанне публікі? - О, не!
Усё, што слава - нецікава.
Ва ўсякім разе - для мяне.

- Але яна ў вас ёсць, аднак жа,
I без яе ўжо вы - не вы.
- За гэта час, відаць, адкажа -
Маёй нямнога тут віны...

Мар'яна, гладзячы рукою
Па шорсткай грыве каласоў,
Крутнула русай галавою:
- Не, вы віноўнік перш за ўсё.

Адной той песні, што ў застоллі
Сягоння спелі дзеля вас,-
Адной яе было б даволі,
Каб не ўскладаць віну на час...

Прабачце мне, што я, магчыма,
Бяру занадта смелы тон:
Я вам удзячна, шчыра-шчыра,
За светлы талент ваш і плён!

Я вашу музыку звычайна
Па першых гуках пазнаю,
Што нейкай сілай ачышчальнай
Душу ў палон бяруць маю.

Пачую раптам, выпадкова -
I ўся, да клетачкі адной,
Замру ад нечага такога,
Што лучыць з вечнасцю самой.

I родны кут адразу ўбачу -
У светлых днях жыцця свайго.
Знямею, слухаю і плачу -
Сама не ведаю чаго.

Ад шчасця, можа? Ці ад болю?
Ад крыўды той за нас саміх,
Што краю роднаму з любоўю
Не аддаём свой кожны міг?..

Мар'яна ўся ажно трымцела,
Уся пылала перад ім.
Не гаварыла - песню пела,
Найсветлы ў свеце пела гімн!..

Сцяпан глядзеў зачаравана
У малады прыгожы твар. -
Дык вось якая вы, Мар'яна!
Які вам выпаў божы дар!

А я не знаў, што вы такая.
Што вы наогул... недзе ёсць...
Што ў роднай вёсцы напаткае
Мяне нанова... маладосць!

Я скалясіў не раз, не двойчы
Удоўж і ўпоперак наш край:
Як часта радасць біла ў вочы -
Глядзі, любуйся, выбірай!

I я глядзеў, і любаваўся
Жыцця найпекнаю красой,
А выбіраць - не парываўся:
Зайздросны лёс, але - не мой!..

Сцяпан адчуў: сусвету веліч
I міг - зліваюцца ў адно.
Ён быў зусім гатоў паверыць,
Што вось і шчасце, вось яно!

- Дазвольце, я вас пацалую,-
Сказаў даверліва, як мог...
Жагнай, жагнай напрапалую,
Калі ты ёсць, купальскі бог!

Цямніся, ноч! Світай, світанне!
Ярыся, сонца! Днейся, дзень!
Любві і згоды панаванне
Яднае з веку свет людзей.

А розум ставіць спасцярожна
Непераступнае "ледзь-ледзь"...
- Сцяпан Якубавіч... ці можна
Адну вам песню вашу спець?

Я - на паўголаса, нягучна...
- Ды калі ласка! Буду рад!
- Даўно са мною неадлучна
Яе высокі, чысты лад...

Мар'яна стала строга, сціпла
Перад маўклівай збажыной -
Як перад залай чуйна сціхлай
У ззянні зорнасці начной.

"Прыйдзі - як снег на квецень маю,
Прыйдзі - як бура на зямлю,-
Не страшна мне, бо я - кахаю,
Не скрушна мне, бо я - люблю.

Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю
I ўсё навек благаслаўлю -
Адно адчуй, як я кахаю,
Адно спазнай, як я люблю.

Ці зладжу я з сабой - не знаю,
I аб адным цябе малю:
Не папракай, што я кахаю,
Не праклінай, што я люблю..."

Чым шчаслівей Мар'яна пела
(Так - раз пяецца на вяку!) -
Тым больш расла ў яго, мацнела
Трывога: што гэта? адкуль?

Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце
Ён напісаў яе... Пазней -
У іншым, новым варыянце -
Пусціў на волю, да людзей.

Яе не часта людзі пелі.
Не дзіва: песень - мірыяд!
Цяпер ён слухаў ва ўтрапенні
Забыты першы варыянт!

Адна душа на ўсю планету
Калісьці ведала яго!..
Спытаў ледзь чутна:
- Песню гэту...
Перанялі вы... ад каго?

- Ад мамы!..
- Значыць, вы, Мар'яна -
Альжбеты Францаўны... дачка?!.
Усё было так нечакана -
Як з неба гром без аблачка.

- Дачка!..
На міг сцяло, здавіла
Яму ў грудзях - не прадыхнуць.
- А што вас гэта... так здзівіла?
- Вы... не падобныя нічуць!..

Ён знаў, ён помніў, што Альжбета
Ад мужыка пайшла з малой.
Але што кветка-цуд вось гэта -
Яе крывінка?.. Божа мой!

Хвіліну цэлую балесна,
Вачэй не зводзячы, глядзеў.
- Дык вось якая наша песня! -
Сказаў працягла, нараспеў.

Мар'яна зразу ж улавіла,
Што нешта сталася, але ж -
Ёй так хацелася шчасліва
Абняць увесь прастор-бязмеж!

I так паверылася моцна:
Жыццё для шчасця існуе,-
Што усумніцца хоць на момант -
Было б забойчым для яе!..

- Світае ўжо... Раса ірдзіцца...
Я пабягу... А вы - пасля.
Са мною разам не ідзіце -
Убачыць можа хто здаля...

Сцяпан цяпер адно заўважыў,
Што ноч радзее пакрысе.
- Я... буду помніць словы вашы!
I слухаць песні вашы ўсе!..

Ужо адбегшыся далёка,
Яна спынілася, затым
Звярнула ўбок і ўмомант вока
У жыце канула густым.

"Там нацянькі, відаць, сцяжына",-
Падумаў ён - і неўпапад:
Мар'яна вынырнула з жыта
I стрымгалоў бяжыць назад.

Падбегла - быццам бы з купання:
I нос, і лоб, і валасы,
I дужкі броў - усё дазвання
У срэбных кропельках расы!

Расой намоклі чаравічкі,
Спаднічка зрошана з бакоў.
А каля сэрца - невялічкі
Букет купальскіх васількоў!

Няйначай цуд прыроды нейкі,
Сатканы з росаў, перад ім.
- Вось,- падала Сцяпану кветкі,-
Аб роднай ніве на ўспамін...

- Ты змокла ўся,- сказаў ласкава.
Яна ўсміхнулася: - Дармо!
I засаромлена спытала:
- Вы мне напішаце пісьмо?

Хоць два радкі, як болей нельга...
- Хоць два радкі,- кіўнуў Сцяпан.
- Да пабачэння! - і пабегла
У шызы досвітны туман...

* * *

Альжбета Францаўна паспала
Зусім не шмат - гадзіны дзве.
Пасля гасцей - чамусь абвяла,
I боль азваўся ў галаве.

Спачатку думала з Мар'янай
Пагаварыць і ўсё сказаць -
Чаму ёй стала так пагана
Ад жарту Лёдзі: "Чым не зяць?"

Адкрыцца ўвогуле начыста:
Чым столькі год яна жыла -
Якой пакутаю цямрыстай,
Якой іскрынкаю святла!

Але адчула, што не зможа -
Душа зайшлася палыном.
Аддасць хай трохі... Легла ў ложак
I знемаглася цяжкім сном.

Што ёй прыснілася - не помніць,
Але прачнулася яна,
Адчуўшы страх, якраз у поўнач,
Пры пасках месяца з акна.

"Мар'яна!" - рэзкі боль нясцерпны
Апёк раптоўна, як агнём.
Яна ўсхапілася з пасцелі
I - за пярэгарадзь кулём.

Убегла, шырму адхінула -
I дых Альжбеце заняло,
Здавіла так - аж пахіснула:
Мар'яны ў ложку не было!..

- Мар'яна! - клікнула.- Мар'яна! -
I зразумела, што дарма:
Пасцель была не рассцілана.
Дачкі няма! Яе няма!..

Душу здагадка апаліла:
"Мар'яна з ім! Канешне - з ім!"
I, страшна ўсхліпнуўшы, завыла
Альжбета ў цераме сваім.

Яна не плакала - канала,
Слязьмі давілася ўзахліп
I рукі роспачна ламала
Перад бяздушным ззяннем шыб.

Няўцямна выйшла на падворак,
Да весніц моўчкі падышла.
"Маё ж дзіця мне будзе вораг -
Вось да чаго я дажыла..."

Світала. Шызы морак плыўкі
Сплываў у закуткі на дзень.
У скроні білі дум абрыўкі:
"Усё... Ніякіх больш надзей...

Нічога больш... Надзей, уласна,
I не было... А што ж было?
А што ж раптоўна так пагасла,
Суздром рассыпаўшыся ў тло?

Магчыма, памяць, што трымала
Душу на нітачцы жывой?
Цяпер і памяць не стрывала -
Ён нават там ужо не твой..."

Ды вось пачуўся быццам шорах.
У сэрцы тахнула: "Яна!"
Ну, так: сцяжынкай на падворак
Яе дачка ішла з гумна.

Але ішла Мар'яна дзіўна -
Як бы гуляючы з сабой:
То рукі белыя карцінна
Счапляла ўшчэп над галавой,

То нагіналася, зрывала
Травінку, можа, ці лісток,
Да губ прыклаўшы, цалавала
I адкідала тут жа ўбок...

Альжбету згледзеўшы ля ганку,
Яна апомнілася ўміг:
"Ой, будзе мне за прагулянку!
Ой, мама, што ў вачах тваіх!.."

Акамянелы, пастарэлы,
Якісь нядобры і чужы
Быў матчын твар, нязвыкла белы
У дня і ночы на мяжы.

- Ты з кім бадзялася, бадзяга?
- Не трэба, мамачка, пасля...
Альжбеце раптам стала блага:
Спаднічка зрошаная ўся.

- Ты на яго забудзь адразу ж! -
Сказала тонам ледзяным.-
I калі ўздумаеш пра замуж -
То знай: з любым - але не з ім!..

Мар'яна войкнула, замёрла,
Губу падціснула губой
I моўчкі, горда, непакорна
Глядзела ўдаль перад сабой.

Але не бачыла нічога
Праз слёз гарачую імглу,
Апроч усмешкі засмучонай
Ягоных воч, ягоных губ...

А потым кінулася ў хату,
Упала ніцма на пасцель
I доўга трэслася ад плачу -
Ад чорных дум між белых сцен.

* * *

Ці быў хоць дзень адзін, Вячорка,
А ці была хоць ноч адна,
Каб у самотнасці агорклай
Цябе не ўспомніла яна?

Каб не падумала парою:
Хоць дзесь на тысячнай вярсце,
Хоць за апошняю гарою -
А лёс усё-такі звядзе!..

I звёў... "Прыслухаўся", нарэшце,
Да крыку змучанай душы -
I звёў... Узрадуйся, уцешся
I "дзякуй" шчырае скажы.

Лёс абышоўся больш чым злосна.
Ударыў так, што не стрываць.
Свая ж дачка... Пакуль не позна -
Іх стрэчы трэба абарваць!..

Яе вяло на двор знаёмы
Зусім не злосці пачуццё -
Сляпая роспач, страх няўёмны:
Куды ж крутнулася жыццё?

Як лёс прыдумаць мог такое,
Што, нібы торбу ў жабрака,
Усё ў яе найдарагое
Адыме родная дачка?

Што раптам згасне гэткім чынам
Апошні променьчык надзей...
I дзе пакут яе прычына -
Не волен знаць ніхто з людзей.

Крый бог, каб ён або Мар'яна
Штось западозрылі... Каб ён...
Ён, для якога заарана
Сцяжынка ў край юнацкіх дзён.

Ён, для каго Кудзёлка Аля -
Як фільм, што колісь перажыў.
Забыта так, што ў ноч купалля
Яе дачку прываражыў!

У гэткім роспачным настроі
Яна ішла прасіць яго,
Каб ён пакінуў у спакоі
Мар'яну - толькі і ўсяго.

Каб ён знайшоў прыдатны спосаб
I даў дзяўчыне зразумець:
Пасля купальскай ночы ў росах
Патрэбна ёй працверазець...

Альжбета Францаўна застала
Вячорку ў хаце. Штось чытаў
I быў уражаны нямала
Яе прыходам: не чакаў.

Ці мо адразу першы позірк
Усё сказаў яму? Бадай...
- Ну, што спынілася ў парозе?
Праходзь далей, прашу: сядай!

Падаў ёй крэсла. Госця села
I, склаўшы рукі ў падале,
Глядзела моўчкі, анямела
На кветкі ў шклянцы, на стале.

На васількі, што колісь звыкла
Душу ўздымалі над зямлёй,
Што як прысуд, як лёсу выклік
Цяпер стаялі перад ёй...

- Сцяпан Якубавіч, хачу я
Табе бяду сваю адкрыць.
Няхай душа твая пачуе,
Як мне нялёгка гаварыць.

Яна - зялепуха, дурная,
Хоць у яе ўжо і дыплом.
Людскога зла яна не знае,
Узросшы ў маці пад крылом...

- Ты пра каго? - Я пра Мар'яну.
Яна з табой была ўначы.
Ты даў ёй выпіць дурнап'яну,
I ты мне мусіш памагчы...

- Ах, вось пра што ты! - усміхнуўся
Вачыма сумнымі Сцяпан.
Устаў. Цыгаркай зацягнуўся.
- Ты лічыш: гэта - дурнап'ян?

- Так, гэта проста ачмурэнне,
Яна ж уся - як не свая.
Прабач, ты робіш вельмі дрэнна:
Усё ж старэйшы ты ўдвая.

Ты шчасця мець замала будзеш -
Як не апомнішся, павер!
Адно жыццё ёй збаламуціш
Ды, дзякуй, мне ўкароціш век...

Не знаў Сцяпан, якая драма
Якім агнём у ёй смыліць,
Што ў ёй дасюль той май, як рана,
I крываточыць, і баліць.

Што ўчора, першая ж хвіліна,
Калі спаткаліся яны,
Яшчэ выразней праявіла
Далёкі вобраз той вясны...

Не знаў ён гэтага, ды бачыў:
Усё ў ёй стала на дыбы!
Сказаў: - Дарэмна вінаваціш:
Не прынясу я вам бяды.

Сказаў спакойна, у астудзе,
Удзячны лёсу, што сцярог.
I паўтарыў:- Бяды не будзе.
А шчасце... Шчасця - дай вам бог!..

- Бяда ўжо ёсць! - Альжбета рэзка
Згарнула пальцы ў кулачкі
I апантана ўстала з крэсла:
- Сцяпан, не руш маёй дачкі!

Знайдзі да нас у сэрцы літасць -
Як брата роднага, прашу!
Малю найшчыраю малітвай:
Не даканай маю душу!

Даруй! Ты быў мой бог, мой віцязь -
Дык не пазбаў мяне жыцця:
Не дай, не дай мне ўзненавідзець
Маё адзінае дзіця!

Калі ж, не ўстыджаны ўчарашнім,
Яе ты ўцягнеш у капкан -
Праклёнам маці самым страшным
Я пракляну цябе, Сцяпан!..

Узрушна выпаліўшы гэта,
Запалымнела, як агонь,
I - за парог.- Чакай, Альжбета! -
Гукнуў Вячорка наўздагон.

Але яна, хоць і пачула,
Не запынілася ў дзвярах,
Паўз вокны ценем мільганула
I ў вулку выбегла з двара.

Сцяпан стаяў, маўчаў паніклы,
Зацяўшы нерваў вузлякі.
А на стале - як лёсу выклік -
Сінелі кветкі-васількі.