Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Іскрынка

Калі аслабла ўжо цікавасць
I да пітва і да яды,
I, каб зусім не ўпасці ў млявасць,
На двор курнуць пайшлі дзяды,-

Тады і даў каманду хтосьці:
- Дзяўчаты! Бабы! Песні дзе?
Ці нас пазвала свята ў госці -
Ці мы сабраліся ў бядзе?

- Альжбета Францаўна! Сябрына
Не запяе без вас, дальбог!
- У гонар маці - песню сына! -
Напомніў важна Крутарог.

- "Дуброву", Францаўна, "Дуброву"!
- I мы паможам - пачынай!
Было відно, што спанарову
Тут песня ўсім. Пявучы край!

Сцяпан зірнуў усхвалявана:
Няўжо Альжбета будзе пець
Яго "Дуброву"? Нечувана!
Як гэткі дар і зразумець?..

- Цішэйце, бабы! Волька! Зіна!
Ішлі б кудахтаць за парог!..
- У гонар маці - песня сына! -
Гукнуў яшчэ раз Крутарог.

Застолле сцішылася, змоўкла,
Альжбета знак жанкам дала,
I вось - суладна, чыста, звонка
У вокны песня паплыла.

"Чарней, чарней, сястра-дуброва,
Чарнець з табой нам удваіх:
Ты па сваім лісці, дуброва,
А я - па лецейках сваіх.

Тваё лісцё, сястра-дуброва,
Зноў забуяе па вясне,
А мае лецейкі, дуброва,
Ужо не вернуцца ка мне..."

Запляскаў першы дзядзька Лёкса:
- А хай вам шчасцем бог аддасць!
От гэта песня! Нават слёзка
На вока выбегла ў адказ!

Сцяпан устаў і да спявачак
Руку з кілішкам працягнуў:
- За талент ваш!.. За сэрца ваша! -
I так расчулена ўздыхнуў -

Аж заўсміхаліся міжволі
I з разуменнем госці ўсе.
А ён дадаў: - Здароўя школе,
Дзе моладзь з песнямі расце!..

Альжбета, мабыць, не чакала
Такой высокай пахвалы.
- За вас!..- разгублена сказала.-
Мы ні пры чым тут... Гэта - вы...

Было ёй цяжка прынародна
Сваю збянтэжанасць схаваць,
I, каб пачуцца больш свабодна,
Гукнула: "Айда ўсе спяваць!"

I пачала. Бясконца - шчыра.
Суздром аддаўшыся журбе.
О, колькі можа нам жанчына
Сказаць у песні - аб сабе!..

"Закладайце, запрагайце
Коні вараныя:
Я паеду даганяці
Леты маладыя.

Як дагнала свае леты
Ў калінавым мосце:
- Вярніцеся, мае леты,
Хоць да мяне ў госці!

- Не вернемся, не вернемся
Мы да цябе ў госці:
Было табе шанаваць нас
Яшчэ з маладосці!.."

***

Як толькі змоўкнуў хор - у сенцах
Ураз завыў магнітафон,
I моладзь - дзе тут ёй уседзець! -
З застолля кінулася вон.

Артур Мікітаў за партнёршу
Мар'яну вывеў твіставаць.
Танцорам ён сябе не з горшых
Лічыў - па ўсім было відаць.

Віхляў спіной, круціў клубамі,
Пучыў жывот, плячыма трос
I апантана тоўк нагамі
Дашчаны вымыты памост.

Задраўшы нос (усіх касую!),
Ён горда выгукнуў з сянец:
- Айцец! Ты глянь, как я танцую!
Па-саўраменнаму, айцец!..

- А ўжо ж! - зазначыў дзядзька Лёкса,
З Вячоркам стоячы ў дзвярах.
- Чым больш свайго сцураўся-зрокся,
Тым больш сучасны, вертапрах!

Танцуеш толькі для прыліку -
Катлеты выйшаў утрасаць!
Шкада: не клікнулі музыку
Што-небудзь наскае сыграць,

А то б, дальбог, назло балбесам,
Не паглядзеў бы на гады -
I ўшпарыў польку з "падкіндэсам".
Каб аж разявілі раты!

Сцяпан, скажы ты мне, старому:
А нашы танцы ў свет пайшлі?
Ну "Крыжачок" ці, скажам, "Ойру"
Дзе-небудзь скачуць на зямлі?

Ці нас Еўропа абдурыла,
Ці самі мы...
А крыўдна нейк,
Што скрозь - ад Буга да Курылаў -
Усе мы скачам твіст і шэйк!..

Сцяпану ў Лёксавай асобе
Быў люб народны педагог.
- Спыталі б, дзядзька, тымчасове
Пра што лягчэйшае, дальбог!

Не чуў, не бачыў, каб у модзе
Наш "Крыжачок" быў між людзей.
Пайду дыхну на прахалодзе! -
Міргнуў ён Лёксу весялей.

* * *

Сцяпан стаяў каля штыкету,
Дзе шыкаваўся куст вяргінь,
I думаў... Не, не пра Альжбету
I не аб даўнім-дарагім.

Ён рады быў, што не чапала
Яна той лёсу прыгавор.
А думаў ён... I нечакана
Мар'яна выбегла на двор.

Сцяпан знячэўку аж падаўся
Насустрач ёй - на нейкі крок.
- Натанцаваліся? - спытаўся
Бадзёра, гучна назнарок.

- Ён выпіў шмат і скача брыдка,
Ды і наогул... пустапляс! -
Сур'ёзна, проста і адкрыта
Мар'яна мовіла ў адказ.

Вячорку ўразіла, як строга
Яна гатова зло судзіць.
- А я тут... згледзеў кветак многа,
Якія спрэс паспеў забыць.

Вы не паможаце, Мар'яна,
Мне іх імёны прыгадаць?
- Не знаю... можа, я таксама
Усіх не здолею назваць.

Вось гэту помніце? Вяргіня!
- Вяргіня? Часам не з княгінь?
А як па-бацьку? - Жарт дзяўчыне
Дапаў - падаўся неблагім.

- Па-бацьку будзе Тамашоўна -
Тамаш Якубавіч садзіў! -
I засмяяліся раптоўна
Абое - хораша наўздзіў.

Іх шчыры смех пачула Анця,
Альжбету выманіла ў двор,
Шапнула: - Францаўна, пагляньце:
Па-мойму, пара - на падбор!

Ну чым не зяць? А нам - нявестка!..
Альжбета смыкнула губой
I абарвала Анцю рэзка:
- Ён у бацькі гадзіцца ёй!

А на душы ў самой заскрэбла.
"Яму на выгляд - трыццаць пяць,
I нават менш... Жаніх - што трэба!
Дык і папраўдзе: чым не зяць?

Сабраны, стройны, маладжавы,
Яшчэ зусім без сівізны
I ўжо - вядомы, паважаны...
Аб чым так гутараць яны?

Што разглядаюць за штыкетам?
Напэўна, кветкі... Мілы госць,
Ты пагарджаеш этыкетам:
Вы - не адны: тут людзі ёсць!

Дай повад ім - не абярэшся
Пасля ад плётак і размоў.
Дый я таксама ёсць, нарэшце...
I я скажу дачцэ: дамоў!

Я ж, можа, маці? Ці, па-твойму,
Ужо ніхто я? Здань? Мара?.."
I - не сказала... а раптоўна -
Сама цішком пайшла з двара.

Пайшла, прыдушаная крыўдай,
Ад болю сцяўшыся, пайшла.
Ніхто не чуў, як немым крыкам
Крычала ўся яе душа.

Паспакайнела нечакана
Ужо ля дому, ля варот.
"А ён... ці знае, што Мар'яна -
Мая дачка? Мой горкі плод?..

Ды не, напэўна!.. Бо каб ведаў...
Як і Мар'яна... Знаць бы ёй!..
Ад усяго ўтаіла свету
I ад яе... Дачкі сваёй..."

Хвілін праз колькі пісьманосец
Гукнуў Мар'яне як грамчэй:
- Эгэй, паненка! Маці просіць,
Каб ты дамоў ішла хутчэй!..

"Паненка" ўраз пачырванела:
Ах, гэты мамін недавер!
I што за прыхамаць-манера
Гукаць дамоў... якраз цяпер!..

- Прабачце мне... Да пабачэння!
- Да пабачэння! - адказаў
Вячорка не без засмучэння.
Глядзеў услед ёй і маўчаў.

Ужо выходзячы за брамку,
Мар'яна ў пальцах трапяткіх
Прызатрымала трохі клямку
I - азірнулася на міг.

Ды хоць і быў зусім кароткі
Той міг, той скрадзены пагляд,-
Іскрынкі ўбачыў ён усё-ткі
У двух карычневых вуглях!

А можа, так яму здалося,
Што сам адчуў, як смутак-жаль
Па тым, што колісь не збылося,
Іскрыць, каб выклікаць пажар?

Што сэрца думкай пранізала:
"Няўжо, аблытаўшы калісь,
Жыццё навек цябе звязала
I ты не ўскрыліш зноў увысь?

А гэта шчасце, на якое
Ты маеш права, як і ўсе -
Неспадзявана маладое,
У весняй квецені-красе?

А гэты позірк - ясны, чысты,
Не замутнёны анічым -
Як ранак сонечна-іскрысты
У росных россыпах лагчын?

Хіба не гэткаю дзівоснай
Ты бачыў мару кожны раз?
Ці не яе пазнаў ты проста -
У рэшце рэшт, у добры час?.."

Сцяпан хацеў пабыць сам-насам,
Ды выйшаў з хаты дзядзька ў двор:
- Прабач: курцы, відаць, калгасам
Твой раздымілі "Беламор"?

- Яшчэ не ўвесь: узяў з разлікам,
Каб і курцам было і мне.
- Тады цягні, няхай ён ліхам,
Усё ж чужы прыемней тхне!

Пусцілі дым.- Пайду-тка ў пуню
Ды паляжу крыху, плямеш.
Як ні храбруся, ні жартую -
А сілы ў целе - менш і менш.

Змарыўся, Сцёпачка, змарыўся,
Выдаткаваўся да асноў.
I толькі з крыўдай не змірыўся,
Што гады плодзяцца ізноў.

- Вы пра каго? - Ды пра фашыстаў!
Ізноў гадзючы іх клубок
Засыкаў і заварушыўся,
Зусім забыўшыся на ўрок.

Каб хто сказаў тады, на Эльбе,
Што так павернецца ў жыцці -
Дальбог, бабахнуў бы са стрэльбы
I - "божа, грэх мой адпусці!"

Падумаць толькі: гад не верыць,
Што ў свеце міру я хачу!
А як у мір уклад мой змераць
I чым яшчэ я заплачу?

Бацькоў, братоў і жонку з дзецьмі -
Усіх паклала ў дол вайна.
I нейкі гіцаль лічыць дзесьці,
Што гэта міру - не цана?

Ах, крывасмокі-людажэрцы!
Калі ўжо нас не зразумець -
Дык што ж тады заместа сэрца
Між чорных рэбраў трэба мець?

- А крывасмокі добра знаюць,
Што мы вайны не распачнём.
Але яны на мэце маюць -
Спаліць нас атамным агнём.

Паколькі свет сацыялізма -
Наш свет! - маяк для цёмных мас,-
Іх марай стала найвялізнай:
Пакончыць з намі, знішчыць нас!

Тут - падаплёка іх паводзін,
Іх агрэсіўнасці выток...
Сцяпан не скончыў: з ганка
Лёдзя Гукнула голасна: - Браток!

Перапрашаю, што гаворку
Нявінна мушу перарваць:
Цябе заве к сабе ў каморку
Матуля - хоча штось спытаць.