Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Адступленне пятае - кулiнарнае

Што наша закусь у пашане
У знатакоў застольных страў -
Аб гэтым хораша ў Варшаве
Адзін наш сябра напісаў.

Цытую сцісла па газеце:
"Як журналіст і дыпламат
Я пабадзяўся шмат па свеце
I ўсякіх кухань знаю шмат.

Але якую б вы закуску
Мне ні даўмеліся назваць -
За "парася па-беларуску"
Аддам любую без разваг!

О, млечны дзюдзік на талерцы!
Цалком засмажаны ў духу!
Ягоны вобраз будзе ў сэрцы,
Пакуль не стлею на труху!

О, як ляжыць ён маляўніча
На падагнутых капытках,
Задзёршы ўгору пекны лычык
З пахучай траўкай у зубах!

Як той анёлачак - румяны,
Са скуркай крухкаю, ядкой,
I грэцкай кашаю напханы -
Не абы-як - абы-якой!

У кашы - яблынак мядовы
Ці ўпрэлы пахкі баравік!
Самлець нядоўга там, панове,
Калі к раскошы не прывык!

Я на прыёмах, у застоллях,
Прызнацца вам, і састарэў,-
А для душы сваёй раздолля
Нідзе такога не сустрэў.

Калі б я мог, то ў школах нашых -
Каб падхапіла Польшча ўся -
Прадмет увёў бы: "Як засмажыць
Па-беларуску парася"!.."

Што ж, знаць прыемна і не лішне,
Чым слаўны ў свеце родны край.
Ды ты, зямляча, не за іншым,
А за сабой паназірай.

Вось гы ў гасцях - і нават слоўца
Табе сказаць няма калі:
Вяндлінку з водарам ядлоўца
Мяцеш - зараз па два скрылі!

А побач - зірк! - як цуд, як казка -
З каляндрай, з перцам, з часнаком -
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком!

К таму ж падсохла на гарышчы -
Дык толькі плеўка шапаціць!
Умэнт кальцо з паўметра знішчыў -
Адно раз'ятрыў апетыт!

Калі ж дапаў да вантрабянкі -
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш - а ўжо кіндзюк крывяню
На блюда выклалі з гаршка!

О, гэны зверху і сысподу
Наскрозь усмажаны каўбух!
За чатырох змалоў - уходаў!
(Хоць сам ты лічыш, што за двух.)

Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
I ў паясніцы,- а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
I парай дыхае пад столь:

З бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць...-
I так жа ўслед пайшла на змену -
Хоць замычы - каб не маўчаць!

"Усё! - сказаў.- На гэтым дзякуй!"
А на абрус - нясуць бліны
I к ім - мачанку-верашчаку
З наборам рэбрачак свіных!

Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:
"Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?"
I неўпрыкмет на два-тры вочкі
Паслабіў пас на жываце...

Ужо не здыхацца! Падпёрла -
Няйначай крушня камянёў!..
А перад носам... ставяць цёрла
Гарачых, тлустых калдуноў!

Калдун!.. Духмяны, самавіты,
У масле ўсмяглы, а паўзверх -
Смятанкай свежаю паліты!..
Ну, што? Ізноў глядзіш, як звер?

I адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну -
А не зганьбуеш, не стрываеш -
Дасі прытул і калдуну!

Дасі!.. I добра зробіш, браце!
I не ўпікай дарма сябе!
Ты за ядой - як і на працы:
На малацьбе ці на касьбе!

Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць,-
То ўмее ён і смачна з'есці
I - адпаведна - згатаваць!

Таму - дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу -
I беларускаму палетку,
I беларускаму сталу!

I цмокні ў ручку гаспадыні,
Каб сонцам пырснула яна,
I ўскінь яшчэ - а то астыне! -
Ускінь на сэрца... калдуна!..