Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Сустрэча

Пакуль жанчыны нетаропка
Стаўлялі закусь на сталы,
Мужчыны ў ценю пад істопкай,
Кругляк асвойтаўшы стары,

Пускалі дым у асалоду,
Вялі гаворку між сабой -
I пра ўраджай, і пра пагоду,
I пра далёкі Лісабон...

Хоць чуўся гурт правамі роўны -
Ніхто не лёкай і не пан,-
Але як рэдкі госць шаноўны
У цэнтры ўвагі быў Сцяпан.

Пачуць яго было цікава -
Аўтарытэтны ўсё ж зямляк:
З начальствам сходзіцца па справах
I свет аб'ехаў як-ніяк.

Што праўда, сам Вячорка лезці
У цэнтр увагі не прывык
I быў заўсёды ззаду дзесьці
На фотаздымках групавых.

Як чалавек не без амбіцый
Дырэктар школы Крутарог
Хацеў павесці асабісты
"На ўзроўні госця" дыялог.

- Сцяпан Якубавіч, ну як вам
На ўлонні роднага кутка -
Тут, дзе ў прысутнасці наяўнай
I лес, і поле, і рака?

Вячорка строс з цыгаркі попел:
- Прыгожа ў вас тут, што й казаць!
Вячысты лес, мурожны поплаў -
Цаніць бы гэта й шанаваць...

- Усе гарантыі і ўмовы,
Каб творчай музе аддыхнуць! -
Дырэктар, бачна, быў гатовы
Бліжэй к мастацтву павярнуць.

Але Вячорка не паддаўся -
На іншы выкіраваў лад: -
А мы, у гэтым і бяда ўся,
Не цэнім свой прыродны клад.

Мы часта думаем: вось недзе!
Вось там - прырода! Там - краса!
Я па зямлі крыху паездзіў -
I хлам з душы павытрасаў.

Заблуд і прымхаў вымеў смецце,
Мне смешна чуць пра нейчы рай:
Для ўсіх і кожнага - на свеце
Найпрыгажэйшы родны край!

Для нас - прыроды болей мілай,
Чым беларуская, няма.
Яна ж усіх нас надзяліла
Душой такою, як сама!

То ж у яе натуры - чуласць,
Гасціннасць, мяккасць, дабрыня,
Гатоўнасць даць табе прытулак -
Ці ты чужы, ці ты радня...

Рай нейчы хвалім у ахвоту.
А вось задумваліся вы,
Што ў нас, апроч, бадай, асоту -
Няма калючае травы?

У нас - ці ў лесе ты, ці ў полі -
Садзіся смела, дзе стаіш:
Не бойся - сцёгны не паколеш,
Як на падушцы, пасядзіш!

Я ж быў у тых краях на поўдні,
Дзе ўсюды горы навакол.
Хадзіў па полі і запомніў:
Які няўтульны, жорсткі дол!

Над ім у поце людзі гнуцца,
А ён на ласку страх скупы:
Нідзе ні сесці, ні прыткнуцца -
Адны калючкі ды шыпы...

А ў нас зямля - якую краску,
Якую былку ні сарві -
Кладзі да сэрца як лякарства
I - здаравей, брат, і жыві!

Мы ад зямлі суздром залежым -
Як і яна ад нас, людзей.
Завошта ж мы яе драпежым -
Штораз бяздумней і люцей?

Вось вы ўжо ўсе немаладыя -
Тут нарадзіліся, раслі:
Дзе ручайкі-крынічкі тыя,
З якіх калісьці мы пілі?

Дзе дзеўся бор на Белых Выспах,
Што быў нам домам у вайну?
Чаму ён знік? Чаму ён высах?
Каму прад'явіць час віну?

Дзеля якой вышэйшай мэты
Бясцэнны клад жывой вады
У акіян мы пром сусветны?
Ну й перапром! А што тады?..

Сцяпан, замоўкшы на паўслове,
Нагой акурак прыдушыў
I зноў адчуў, як крыўдна-злое
Штось варухнулася ў душы.

Не раз, не раз ужо ўскіпала,
Як магма, лютасць у грудзях
Ад горкай думы: што прыспала
У многіх душах - грамадзян?

Чаму яны так неабачна,
Не прадчуваючы бяды,
Ідуць за глупствам і нахабствам
Якога-небудзь Гламазды?

Няўжо яны не разумеюць,
Што тут яны - гаспадары:
Адвеку тут аруць і сеюць
I шлюць у свет свае дары!

Што ў рэшце рэшт і іх нашчадкам
Не дзесь, а ў краі родным жыць -
I трэба мець, каб чуцца шчасным,
Што шанаваць, чым даражыць!..

- Сцяпан,- зірнуў Тамаш на брата,-
Ты так гаворыш, як бы тут
Сабралі тых, хто вінаваты,
I ты выносіш ім прысуд.

А нашай, брат, віны не болей,
Як і тваёй, а можа, й менш,
Бо ты ж усё-ткі, божай воляй,
Дзесь там з уладаю наўзмеж.

Напрыклад, я - не растлумачу,
Чаму так сталася і як,
А толькі многімі ў нас, бачу,
Кіруе хэнць "пажыць усмак".

На ўсё ядомае ў прыродзе
Пайшоў у наступ спажывец -
I звер і птах ужо на зводзе,
I ў рэчцы рыбіне - канец.

Усё наважыў зжэрці, знішчыць -
Без сантыментаў, лішніх слоў -
Мільёнавокі паляўнічы,
Мільёнарукі рыбалоў.

Ніхто не мучыцца дакорам,
Ніхто не думае пра грэх,
I ўжо не стане ягад скора,
Звядуцца жолуд і арэх.

А з'ездзі ў лес, у гушчу нетраў,
I глянь, што робяць грыбнікі:
З-за грыба мох на сотні метраў
Дзяруць і рыюць, як дзікі!

Як бы іх страшны голад гоніць -
I трэба грэбці наўзахоп,
Усё каб выграбці сягоння,
А заўтра - заўтра хоць патоп!..

- Тут і са школы трэба многа
Спытаць за рост падобных з'яў,-
Зірнуўшы ўскос на Крутарога,
Антось-філосаф слова ўзяў.

- Напомню прыклад досыць даўні:
Калісьці ў нас у буквары -
Было на "б" апавяданне -
"Барыс і белка у бары".

Што непісьменна - не "вавёрка",
А "белка" - тэма на пасля.
Цяпер пра іншае гаворка:
Чаму драпежнасць узрасла?

"Барыс са стрэльбай. Бачыць: белка!
Бах! - міма. Белка на суку.
Зноў: бах! - не лучыў. "Эх, няўмека!" -
Гаворыць белка хлапчуку".

I вось сынок бацькоў нядрэнных
На ўсё жыццё запамінаў,
Што трэба біць звярка на дрэве,
Каб ён зваліўся і сканаў!

Не жыць у радасці з ім дружна,
Не любавацца і любіць,
А біць - бязлітасна, бяздушна,
Страляць і біць, страляць і біць!

I паспрабуй пасля ў такога
Перавярнуць душу інакш!..
- Ён пераверне сам любога! -
З запалам выгукнуў Тамаш.

- У нас такую сілу мае
Меліяратар Гламазда:
Яго нішто, брат, не стрымае,
Яму нічога не шкада!

Яму, што збег ад аліментаў
За восем тысяч вёрст сюды
I што, паводле дакументаў,
Прайшоў і турмы і суды.

Такія вывернуць з карэннем
Апошні кусцік на зямлі,
Каб атрымаць адно скарэй ім
На апахмелку тры рублі...

Відаць, мы ўсе папроку варты.
Я і мастацтва закрану:
Вось быў я неяк у тэатры -
Глядзеў камедыю адну.

Дык там якісь артыст на сцэне
Іграў старога цурбяля
I ўсё крычаў, аж пырскаў пенай:
"За што любіць цябе, зямля?!"

I што жылі мы небагата,
I пухлі з голаду парой -
Зямля была ў тым вінавата,-
Даводзіў бравы дзед-герой.

Я слухаў гэта - і, не блазен,
А ўсё ж патомны хлебароб,
Адчуў, што ён мяне абразіў,
I рушыў з залы ў гардэроб.

О прастата, ды не святая!
Як ты далёка завяла!
Падумаць толькі: ён пытае:
"За што любіць цябе, зямля?"

За што любіць? Во ліха-матры!
Во даў задачку для глузда!
Відаць, арудуе ў тэатры
Таксама добры Гламазда!

Калісь дзяды навук не зналі,
Але карміцельку-зямлю
Ласкава "матухнаю" звалі -
Як маці родную сваю...

Стамлёна з хаты выйшла Лёдзя,
Падсела к Віньку на кругляк:
- Напрацавалася - аж годзе!
Дый наспыталася няўзнак.

- Ну як там - скора ўжо, сястрыца? -
Міргнуў ёй весела Антось.
- Гатова ўсё, маглі б садзіцца,
Але не чутна дзядзькі штось.

Альжбета Францаўна чамусьці
Яшчэ таксама не прыйшла...
Сцяпан адчуў, як вена ў вусці
Звужацца раптам пачала.

У думках сам сабе ўсміхнуўся:
"А ты хвалюешся, аднак!
Як бы на стрэчу з ёй вярнуўся
Той сарамяжлівы юнак.

Спакойна, брат! Не ўскрэсне тое.
Даўно ўжо зеллем парасло.
Вы не захочаце абое
I ўспомніць нават, што было..."

- А дзе ж Мікіта? - хтось пытаннем
Ягоных думак ход спыніў.
- Сказаў: пайду на прагулянне.
- А вунь ён - лёгкі на ўспамін!

I сапраўды, з гумна да гурту
Паважна крочыў зводны брат -
Не йшоў, а нёс сваю фігурку -
Глячок паўнюткі акурат!

Ён зранку добра быў паддаўшы -
Цадзіў, пакуль не набрыняў.
Паспаў на сене, у паддашшы,
I мацыён цяпер прыняў.

Вінцусь рашыў "душу адвесці" -
Увагай швагру "дагадзіць":
- Мікіта Зміцеравіч дзесьці
Адзін сызволіў пахадзіць?

Мікіта зіркнуў, нібы стрэліў:
- А што з табой тут дым глытаць,
Калі ўвяздзе такая прэлесь
I пасматрэць і падышаць?..

З усёй радні сваёй найболей
Ён Вінцуся не паважаў,
Бо зразумець не мог ніколі:
Сур'ёзна кажа той ці ў жарт?

- Ты - гарадскі, табе, Вінцэнты,
Паняць прыроду не дано.
А я ўвесь век жыву ў райцэнтры -
Што і ў дзярэўні ўсё адно.

Бывае, выйдзеш вутрам з хаты -
Так благавухае сярэнь -
Аж нос зрываюць араматы!
Здаецца б, нюхаў цэлы дзень!

Вінцусь тыраду ледзь даслухаў:
- А я на гэта вам скажу:
Народ не цэніць благавухаў -
Ён любіць водар сенажу!..

Сёй-той ухмылку сцёр на вуснах,
Мікіта ж глянуў на радню:
- Ты прыдзяржы язык распусны -
Прывык плявузгаць ерунду!..

Крыху няёмка стала Лёдзі -
Аж злосць мільгнула на губе:
- Ну, муж, калі б не пры народзе -
Ой, благавухнула б табе!..

Агульны смех з яе пагрозы
I жартаў-рэплік цэлы рой -
Знялі канфлікт, амаль сур'ёзны,
Пераламалі ўраз настрой.

Каб як лягчэй астатак часу
Счакалі госці на двары:
- Прынесла б, Лёдзя, ты нам квасу,-
Кіўнуў-міргнуў Сцяпан сястры.

- Такі бярозавік з ячменем
Тамаш прыпас - што валіць з ног!..
На гэты голас захаплення
У тон азваўся Крутарог:

- А нарачанскага кефіру
Вам не даводзілася піць? Шкада!
Вось ім бы музу-ліру
Натхнілі вы як мае быць!

Я ў санаторыі залетась
Лячыўся там - такой парой:
Вады і ў рот не ўзяў за месяц -
Ні гатаванай, ні сырой.

Штодня кефір купляў у Гэлькі -
У магазіне. Вось дзе смак!
Зірнеш - а ў горлачку бутэлькі,
Як корак, маселца камяк!..

Прынеслі квас. Гладыш няспешна
Пайшоў, пад крэкты, па руках.
З усіх гучнейшае, канешне,
Было дырэктарава "а-ах!".

- Не квас - сімфонія лясная!
Глытнеш - і чуеш гаю шум.
Здаецца, так і напаўняе
Святлістай музыкай душу!..

Дырэктар яўна меў на мэце
Не толькі госцю дагадзіць,
А й паказаць, каб гурт прыкмеціў,
Які эстэт у ім сядзіць.

Ды зноў Вінцусь у звыклай форме
Крутнуў нязменны свой педаль:
- Народ не слухае сімфоній!
Яму "Лявоніху" падай!..

I тут з'явіўся дзядзька Лёкса.
"Дзень добры" даў, паставіў кій.
- Фу, братцы, ледзьве прывалокся:
Не служаць ногі - хоць адкінь!

Перш са Сцяпанам парукаўся,
Пасля - з усімі па чарзе.
У Лёдзі ціха папытаўся,
Ці ў поўным зборы дзеці ўсе.

Антось-філосаф тут жа месца
Яму ўступіў на кругляку.
- Ужо і дзядзька непрыкметна
Пачаў катацца на кійку?

- Пашкадаваў купіць машыну -
Дык езджу так. Чаго ж хацець?
Цяпер, каб чуцца чын па чыну,
Сваю "каляску" трэба мець.

Калі не ўзбіўся ты на ўласны
На свой "Масквіч" або "жыгуль",
Дык значыць ты - бядняк няшчасны,
I для людзей ты - круглы нуль.

А калі ты ў сваёй бляшанцы
Сядзіш на колах, дабрадзей,-
Дык у цябе другія шанцы
I на павагу ад людзей!

Дарэчы, цацку гэту нешта
Не завінуўся ты купляць?
- Гляджу на дзядзьку: ходзіць пеша!
Хаця і ногі ўжо баляць...

- А што ты хочаш, ягамосцю,
Ад гэтых збітых капытоў?
Я ўжо ў сярэднім, брат, узросце:
Налета - семдзесят гадоў!

- Ну, дзядзька! Лэбусь вунь таксама
Ужо хадзіў і шкрэбаў дол,
А гляньце, як цяпер гайсае,
Калі пабраўся з маладой!

Пісаў наш друк: якісь іранец,
Хаксар, за семдзесят гадоў -
Пры мусульманскім іх каране -
Жаніўся трыццаць шэсць разоў!

- Ну, Лэбусь столькі ўжо не зможа!
Хаця - як кажа ўсё сяло -
Пасля жаніцьбы, дай ты божа,
Яму на вобмаладзь пайшло!..

Мужчыны дружна рагатнулі,
I ўжо адчулася па ўсім:
На тую тэму павярнулі,
З якой не выблытацца ім.

- Вы раскажыце, дзядзька Лёкса,
Як ваш зарэчанскі Адам
З мадамай мінскай чуць не злёгся
I чуць душу там не аддаў.

- Гэ-э, хто б аддаў там - невядома,
Ён - не слабак, не думай, брат!..
Казаў: ну, чыстая мадонна -
Хоць ты малюй з яе абраз!

А ездзіў ён у Мінск на свята
Як трактарыст-перадавік.
I дзесьці там, хоць не аматар,
Казаў - бутэльку прыдавіў.

Канешне, гакнуў падхадзяшча.
Але не ў тым была бяда,
А ў тым, што быў адранку нашча,
А нашча хмеліць і вада.

Ну, там і высачыў мадонну
I вельмі ж моцна пакахаў.
Праводзіў вечарам дадому -
Трымаў за локцік і ўздыхаў.

На развітанне далікатна
Хацеў у шчочку цмокнуць ёй -
Яна ж сама пайшла захватна
На буську буськаю сваёй.

I так па-зверску цалавала,
Уся шалеючы знутры,
Што губы ўсе яму парвала:
Казаў, балелі тыдні тры.

Казаў: каб жонка ўночы гэтак
На буську буськаю ішла,
Дык меў бы ён не двое дзетак -
Штогод збягала б з падала!

- А што? У гэтай справе зверства,
Відаць, павінна трохі быць!
- Вы зверствам лічыце майстэрства -
Уменне хораша любіць!

I тут Вінцусь зусім спакойна
Уткнуў тры грошыкі свае:
- Народ цалуецца прыстойна:
Ён ляпу ляпай не ірве!..

- Чакайце! Я ж вам пра Адама
Яшчэ не кончыў. Значыць, так:
Што не бясхозная мадама -
Аб тым не думаў наш басяк.

Пакуль ён буськаўся - з пацёмку
Аднекуль выскачыў мужык:
"Ты што маю цалуеш жонку!" -
Пачуў Адам пісклявы крык.

Казаў: маленькі, кучаравы -
Як пакаёвы сабачок.
Але на выгляд - надта бравы!
I на Адама - кулачок!

Адам як даў нагой пад рэтра,
Дык бедны "пудлік" метраў пяць
Ляцеў, хапаючы паветра,
I якатаў на ўвесь той пляц!..

Пасведчыў смех, што Лёкса хвацка
Падаў праграмны "нумарок".
- А што такое рэтра, дзядзька? -
Спытала Лёдзя назнарок.

- Ды я і сам не вельмі петру,
Але ж цяпер кругом і скрозь
Адно і чуеш: рэтра, рэтра,-
Дык, мабыць, гэта рэтра й ёсць!..

- Цяпер вунь пішуць, што для шчасця
Мужык і жонка між сабой
Ва ўсім павінны сумяшчацца,
Іначай - кранты і адбой!

Нібы часцей за ўсё бярэцца
Развод з-за гэтага якраз.
"Несумяшчальнасць душ і сэрцаў!" -
Такіў судзе даюць адказ.

- Вунь Каптуроў старэйшы, Васька,
Не сумясціўся са сваёй.
Гады ж са два ці тры да загса
Дык сумяшчаўся - божа мой!

I так спляталі рукі ёмка,
Так згодна ў клуб гуляць ішлі!
А толькі сталі муж і жонка -
Несумяшчацца пачалі!

Прычым жа тут віною цела?
Тут цела, братцы, ні пры чым.
Душа заўчасна абыдлела,
У ёй - прычына ўсіх прычын.

Я выдумляць-хлусіць не буду -
Каптур сказаў, чыя віна:
Ніхто не браўся мыць пасуду -
I ён упёрся, і яна!

Два тыдні дыхалі смуродам -
На кухню страх было зайсці!
I спрэчку кончылі разводам:
Не сумясціліся ў жыцці!..

Згусціўшы зморшчыны-барозны,
Вінцусь маўчаў, пахмурыў твар
I ўсім надзіва даў сур'ёзны
К расказу Лёксы каментар:

- Народ умее сумяшчацца,
Народ душою не азыз.
Не сумяшчаецца мяшчанства -
З капрызам дробязным капрыз!

Пакуль на ўсім гатовым дома
Не трэба голаў клапаціць -
Дык ад раскошы той, вядома,
Натуру лёгка распусціць.

А ледзь пачнуць па шлюбе самі
Сябе карміць і даглядаць -
Дык і каханне ўмэнт згасае,
I згоды-ласкі не відаць...

Так зацікаўлена і жыва
Ішла дыскусія ў мужчын,
Што й Лёдзя ўрэшце прылажыла
Да важнай тэмы свой аршын:

- Вам толькі моладзь не па густу,
А ў тым не бачыце бяды,
Што ў блуд, у гулі, у распусту
Ідуць бабулі і дзяды.

Павыдаюць або пажэняць
Дарослых дочак і сыноў,
Старыя мошчы паджэньшэняць
I самі жэняцца наноў.

Калісь, ад нэндзы ўсохлы-дохлы,
У пяцьдзесят гадоў мужык
Старым лічыўся і, нямоглы,
Не браўся бабамі ў разлік.

Цяпер і ў шэсцьдзесят не годзе!
А што? Здаровыя, быкі!
На кірмашы вунь так і водзяць
Блудлівым зіркам у бакі...

- Другі праз "грыб" не пераплюне,
Сліняк цячэ па барадзе,
А ўсё адно падчэпіць плюндру
I ў рэстаран паіць вядзе.

Дзядусь, а толькі і цікуе,
Як за здабычаю каршун,
Каб дзеўку злэпаць дзе якую;
I каб прытым не ўзняўся шум!..

- Таму пайшла цяпер распуста
I юр узвірыўся, як вір,
Што надта масла мажам тлуста
На чорны хлеб, на белы сыр.

Бывала, помню, мама ложыць
Арэшак маселца ў камы -
Не для таго, каб заваложыць,
А каб хоць пах той чулі мы...

Антось-філосаф раптам скеміў:
Без філасофскага вянца
Уся дыскусія па тэме -
Што тая казка без канца.

Ён кашлянуў без дай прычыны -
Як знак на ўвагу ўсёй гурме,
Ступіў наперад досыць чынна
I гучна ўрэзаў рэзюме:

- У нас уклад жыцця змяніўся -
Нястача канула ў нябыт.
Як цяжкі груз, на нас зваліўся
Раней не знаны дабрабыт.

Да грузу гэтага, дарэчы,
Не ўсе гатовыя былі,
I ў многіх кволенькія плечы
Пачварна гнуцца пачалі.

Душы падмурак іх маральны
Няйначай трэшчыны дае,
Таму й праблема, натуральна,
Перад грамадствам паўстае...

Закончыць сказ, парыўна ўстаўніы,
Антосю Лёдзя не дала:
- Усё! У зборы госці нашы -
Альжбета Францаўна прыйшла!

На міг замёрлі ўсе на месцы -
Як бы напнулася струна.
Дарожкай жоўтаю ад весніц -
Сцяпан пазнаў - ішла яна.

Ну, так, яна - Кудзёлка Аля,
Яго абранніца калісь!
Як і ў студэнцтве - без караляў,
Без персцянёў, без завушніц.

У строгім светлым гарнітуры,
У белай блузцы... падышла
I сціпла, проста, без натугі
Мужчынам "здраствуйце" дала.

Яму - ледзь бачны ўклон.
Без слова. А позірк вымавіў з тугой:
"Калі так трэба - я гатова:
Мы - незнаёмыя з табой..."

А ён і сам не знаў, як трэба.
I як трымацца: так ці так?
Але з знаёмства іх сакрэта
Рабіць не меціўся, аднак.

Ён пра другое думаў зараз:
Уразіў выгляд: "Божа мой,
Што робіць час! Пачвара-старасць
Красу жывую есць, як моль!

Ёй сорак год, а паглядзеўшы -
Намнога болей можна даць.
Напэўна, лёс зусім не цешыў,
Жыццё не песціла, відаць".

Ён кідаў позірк на Альжбету -
I сэрца кроіў боль скразны:
Амаль нічога - ані следу
Ад той дзяўчынкі, з той вясны!

Як і чакаў і знаў наперад -
Не сустракацца б лепей ім.
Нібы старую рану верад -
Душу спарушыў успамін.

I стала сумна... Горка нават...
Ну, вось і ўсё! I ўвесь разрад!
Зусім без грому, без маланак...
Ды і з чаго быць грому, брат?..

Ад кругляка, дваром, да хаты
Сцяпан з ёй побачкі пайшоў.
- Даўно ўжо тут? - А даўнавата:
У жніўні будзе пяць гадоў.

- I як жывецца? Як работа?
- Жывём... Працуем і жывём! -
Сказала неяк бестурботна.
- А вы - надоўга ў родны дом?

- На пару дзён. Для святкавання.
- То ж нешта мала - пара дзён.
На больш - не маеце жадання? -
Пачуў у словах крыўду ён.

- Чаму ж! Свой дом заўсёды ў сэрцы.
К яму ідзеш з усіх дарог...
I тут ім даў праход у сенцы
Пачцівым жэстам Крутарог.