Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Лодачкі (паэма)

 

Жылі, жылі, жылі — і дажыліся...
Ішлі, ішлі, ішлі — і вось прыйшлі...
Так колісь казачнікі пачыналі,
I добра ім, не горка ім было,
Бо зналі: казка ёсць не больш чым казка,
Знарок прыдуманая небыліца,
Каб супакоіць і суцешыць тых,
Каму гаротна і няўтульна ў свеце,
Каб усяліць у душы іх надзею,
Што можна ўсё-такі і дачакацца
Шчаслівай, радаснай развязкі лёсу,
Як дзед і баба ці мужык і жонка:
Жылі, жылі, чакалі й прычакалі,
Або як тыя тры браты-малойцы:
Ішлі, ішлі й прыйшлі да хаткі ў лесе...
Так, добра баяць бахарам было
У той далёкі час міфалагічны.
А як сягоння ў наш вучоны век
Сказаць: жылі, жылі — і дажыліся?
Сказаць: ішлі, ішлі — і вось прыйшлі?
Куды і з чым прыйшлі? Дзеля чаго
Жылі, жылі? I што ж на дажыванні?..
У незалежнай, суверэннай, вольнай,
У нашай роднай, любай Беларусі,
Што разам з іншымі тры чвэрці веку
Раўняла крок на сонечнае заўтра, —
Пасля вялікіх перамог працоўных
I гістарычных заваёў народа, —
Настаў вялікага жабрацтва час.
I як калісь пасля вайны апошняй,
Ізноў на гора наша і нястачу
Спагадным сэрцам адгукнуўся Захад
I, нібы пагарэльцам, нам, ахвярам
Чарнобыльскай аварыі жахлівай,
Пачаў дарункі ўсякія дарыць —
Адзетак, вобуй, лекі, харч дзіцячы...
Нярэдка — друк не раз пісаў пра гэта —
I рызманы, і транты-неданоскі
З нявыветраным духам нафталіну.
(А што ж вы, братцы-жабракі, хацелі?
Каб шубы новыя з пясца ці з норкі
Мы вам прывозілі? Ага, чакайце!)

Ізноў, мінулае было забыўшы,
На схіле веку і тысячагоддзя
Абрабаваныя нядоляй людзі,
Сваёй краіны негаспадары,
На падарункі квапяцца чужыя
I да начальства з крыўдаю прыходзяць,
Чаму нячэсна дзеляцца дары.
"Чаму маім не дасталіся дзецям
Прывезеныя з-за граніцы транты,
I той абутак, і прысмакі тыя?
Ці радыяцыя маіх не труціць?
Ці мо яны зусім жыцця не варты?.."
I плача маці, а пры ёй дзяўчына
Гадоў трынаццаці, таксама, бачу,
Не сутрымаецца, вось-вось заплача,
Худзенькая, з сінечай пад вачыма,
Нездаравячая па ўсіх прыкметах.
На ёй сукенка з міткалю ў гарошак,
А на нагах — стаптаныя танкеткі,
I тыя завялікія ёй трошкі,
Хутчэй за ўсё, як гэта ў нас адвеку
Было зазвычай, — матчыны даноскі...

I да таго мне блізкім і знаёмым
Здалося штосьці ў вобліку падлетка,
Што, дзеі гэтай выпадковы сведка,
Я памяццю сваёй у сорак сёмым
У роднай вёсцы апынуўся раптам.
Прымружыў вейкі і на міг убачыў
Дзяўчынку, гэткага ж якраз узросту,
З такой жа марай у вачах дзіцячых:
Замест дашчэнту зношаных апорак,
Ужо ў рамонце быўшых неаднойчы,
Узбуць на ногі цуда-чаравічкі —
Свае, уласныя! I выйсці ў іх
Упершыню на людзі, — хай глядзяць
I дзівяцца... I нават хай зайздросцяць,
Што ў іх няма такіх... Той успамін
Азваўся болем у мяне ў грудзях,
I я адчуў, што мушу, што павінен
Балючай згадкай падзяліцца з некім.
Вось і бяруся расказаць сюжэт
Пра туфлі-лодачкі, хоць слаба веру,
Што старамодную маю манеру
Апавядаць ты выцерпіш, чытач,
I па радках не пусцішся наўскач.

* * *

У тым далёкім паваенным годзе
Яны сям'ісцы нашай дасталіся
З амерыканскіх рэчаў, што прывезлі
У чатырох мяшках у нашу вёску
I растлумачылі, што гэта нам
Якаясь "юнраўская" дапамога.
Па спіску, складзеным у сельсавеце,
Адзетак і абутак з тых мяшкоў
(Усё ўжо ношанае — больш ці менш)
Размеркавалі самым бедным сем'ям:
Асірацелым за вайну, бяздомным
I мнагадзетным... Што каму прыпала:
Каму сукенка, ці каптан, ці джэмпер,
Каму жылет, ці плашчык, ці пантофлі,
Каму гамашы, ці халат, ці хустка...
Нам, можа быць, з увагі, што ў сям'і
Аж тры дзяўчыны, — лодачкі далі.

Ах, тыя цуда-лодачкі з-за мора!
Такіх ніколі я не бачыў зроду.
Такіх у нашай Слабадзе не мела
Ані адна красуня-прыгажуня,
Такіх не толькі ў радавых "каўхозніц",
А і ў настаўніц нашых не было.
Фігурныя, але мадэлі строгай,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З люстрана-чорнай натуральнай скуры,
Знутры — усцеленыя гладкай сцелькай,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
Ну, адным словам, лодачкі — на славу,
А як на тым пасляваенным нашым
Суцэльным гумава-кірзовым фоне —
Дык і багацце не абы-якое!

Старэйшай з трох маіх сястрыцаў Ліне
Прыйшліся лодачкі не па назе —
Не ўздзела нават. Бедная студэнтка
Ажно заплакала ад шкадавання,
Ад крыўды на несправядлівы лёс.
Ды тут ужо нічым не дапаможаш:
Памеру іх не павялічыш сілай
I на другія ў краме не заменіш.
Адно і застаецца, што паплакаць.
Затое гэту акалічнасць, помню,
Без засмучэння ўспрыняла Ідзея —
Сярэдняя з дзяўчат у нашай хаце.
Не раз, не два я апынаўся сведкам,
Як, улучыўшы час, калі нікога
З усёй сям'іскі дома не было,
Яна вымала лодачкі са схову
I прымярала на сваю нагу.
Было дванаццаць ёй, калі яна,
Не па гадах цыбаценькі падлетак,
Іх першы раз абула і з вялікім,
Непераможным трапятаннем сэрца
Глядзела-любавалася спярша,
Як ёй пасуюць, як сядзяць яны,
Ці завялікія нашмат, а потым
Прайшлася асцярожна па масніцах
I нават не стрывала — о жанчына! —
На момант закружылася шчасліва
У нейкім вольным танцы, узмахнуўшы,
Як птушка крыллем, тонкімі рукамі.
Не разумеючы, на жаль, таго,
Што адбываецца ў душы дзяўчынкі,
Я пакрывіўся кісла і сказаў:
— Зламі, зламі абцасікі! От будзеш
Ад мамы мець! Кладзі хутчэй на месца.
Яны зусім табе не падыходзяць...

Сястра гарэзліва, бы мне наўперак,
Ізноў крутнулася, з прытупам нават,
Але зняла і, ў куфар кладучы іх,
З вясёлым выклікам дала адказ:
— Нічога! Сёлета яшчэ мне трохі
Велікаватыя, але налета...
Убачыш — будуць самы-самы раз!
— I ты абуеш іх і па гразішчы,
Па нашым бруку ў школу пабяжыш, —
Падкалупнуў я з посмехам сястрыцу.
— Ага, знайшоў дурную! Па гразішчы
Я іх у торбе панясу да школы,
I то — па святах толькі, для канцэрта.
А там... — Аж вочы сплюшчыла яна,
Як уявіла той шчаслівы момант, —
А там абую і на сцэну выйду —
Дэкламаваць і пець, і ўсе пабачаць,
I ўсе пабачаць... лодачкі мае!..

* * *

Праз год, налета... Бедная сястрыца!
I ў страшным сне ёй не магло прысніцца,
Што тая сонечная думка-мара
Пра лодачкі, што дастануцца ёй,
Ураз, імгненна лясне і пагасне.
I праз каго! Праз брата. Праз мяне.
Хоць быў я толькі ўскосна вінаваты,
Бо не выходзіў з ініцыятывай
I лёсу лодачак не вырашаў, —
А ўсё ж, а ўсё ж! Калі б не я, калі б
Не ўзнікла вострым-вострае пытанне,
У чым паеду ў Мінск я на вучобу, —
Пра лодачкі не ўспомнілі б, бадай.
Яны ляжалі б там, дзе і ляжалі,
У запаветным для сястрыцы схове,
Пакуль не стануць ёй зусім якраз...
Але сказала нейк увечар мама,
Галодны гурт уцешыўшы заціркай,
Хутчэй прысіўленаю, чым бялёнай, —
Сказала мне і для мяне, сам-насам,
Ніхто з дзяцей не чуў яе разваг:
— Не знаю, сын, за што табе купіць
Хоць трохі людскія штаны якія,
Каб не смяяліся з цябе студэнты.
Нічога болей не магу прыдумаць,
Як з тымі лодачкамі развітацца.
Вязі, прадай у Мінску на базары
I там за выручку купі штаны...
Бязбожны, чэрствы, подлы эгаіст!
Свой пераследуючы інтарэс,
Я з пагатоўнай радасцю згадзіўся
Уранку ж заўтра ехаць на базар,
I не падумаў, і не ўспомніў нават,
Што павязу не лодачкі на продаж,
А мару, мару — ды якую мару! —
Маёй сястрыцы!.. Божа літасцівы!
Паўвека ўжо, як я цябе прашу:
Даруй мне грэх мой і ўратуй душу!
I да апошніх дзён свайго жыцця,
Успомніўшы сястрыцу, што даўно ўжо
На родных могліцах слабодскіх спіць,
Я кожны раз аб гэтым жа прасіць,
Маліць Цябе не перастану, Божа.
Назаўтра раненька, з усходам сонца,
У чыстую анучку загарнуўшы,
Паклала мама лодачкі ў стары
Абшэрпаны портфель, з якім калісьці
Па службе ездзіў у райцэнтр бацька.
Дала з сабой мне праснака акраец,
Два яйкі, звараныя укрутую,
Два агуркі з грады і шчопаць солі.
Тады ад нас дабрацца ў стольны Мінск
Адзін быў спосаб: пешшу да Лагойска,
А там, каля піўной сярод мястэчка,
Прасіся ў шофера грузавіка,
Каб ён узяў цябе... А ён і возьме.
Але спытае перш: "А грошы маеш?"
"Ага", — адкажаш ты. "Гані трыццатку —
I марш у кузаў!" — кіне той з пагардай.
Вось тут ты маху не павінен даць.
Вядома, такса — трыццаць, і для ўсіх,
Але ты будзеш ёлупень апошні,
Калі не зможаш збіць хоць на пяцёрку,
А той й на дзве... Па-першае, ты ўсё ж
Яшчэ, лічы, падлетак, па-другое,
Без багажу, без кошыкаў і вёдзер,
Паўнюткіх ягадамі ці грыбамі,
А раз улегцы — мусіць скідка быць.

Па халадку па ранішнім, бязважкім
Вясёлым крокам, з радасным настроем,
За дзве гадзіны я ў Лагойск прыджгаў.
Каля піўной стаяў адным-адзіны,
Нагружаны амаль да неба сенам,
Магутны тупаморды "студэбекер".
Наўзбоч, ля вёдзер і кашоў з дабром,
Жанчыны тоўпіліся ладным гуртам
I з зайздрасцю глядзелі на кабіну,
Дзе ўжо сядзела, з хлапчуком пры боку,
Шчасліўка — з іх жа, мабыць, грамады.
"Калі вось гэтак — па адной, па дзве,
Дык да мяне чарга няскора дойдзе, —
Прыкінуў я, засмучаны знянацку. —
Так і паўдня тут можна пратырчаць...
А што, калі... — Я зноў і зноў агледзеў
Бухматы воз, як сцірта, здаравенны, —
А што, калі наверх я папрашуся?
Там — парубень і ўпоперак вяроўкі,
Трымацца ёсць за што. Па цэнтру лягу,
Дзе ўціснута, дык і не бачны буду..."
Тым часам з забягайлаўкі-піўнушкі
Вярнуўся шофер — малады мужчына
З вясёлымі, смяшлівымі вачмі.
I гэта падняло мае надзеі.
— Мне надта ў горад трэба тэрмінова,
Дазвольце мне туды, наверх, залезці,
Я заплачу... — Наверх? — здзівіўся той. —
А не зляціш, як страсяне дзе-небудзь?
— Не, не зляту. Я за вяроўку буду
У дзве рукі трымацца... Падвязіце!
— Арол! Ну што ж, залазь. Адсюль, з кабіны.
Але запомні: я цябе не бачыў.
Ты ўпотай сам забраўся. Зразумеў?
— Ага, — кіўнуў. I выняў два чырвонцы. —
Вось грошы... — Грошы мне твае не трэба.
Пакінь сабе іх — як узнагароду
За смеласць і адвагу... Эйш, арол!

"Арол" між тым зусім арлом не чуўся,
Бо ўся была ў выбоінах дарога,
I так раз-пораз гоцала машына,
Што падкідала і мяне наверсе,
I я мацней сціскаў вяроўку ў пальцах,
Не выпускаючы й партфель бясцэнны,
Каб ад мяне не ўцёк неспадзявана.
Бо выпушчу — і ўсё! Пішы прапала:
Адгэтуль крыку шофер не пачуе,
I не пастукаеш яму ў кабіну,
Каб запыніўся... Аблізнешся толькі —
I без партфеля, значыць, без штаноў,
Як пёс пабіты, прыпаўзеш дамоў.
Таму — аж гучна выдыхнуў нарэшце,
I сэрца зноў вярнулася на месца,
Калі пры ўездзе ў горад "студэбекер"
Зацішыў ход і стаў. Ну, вось цяпер
Магу сказаць, што мне пашанцавала:
Я ў Мінск прыехаў задарма! Ура!
А за "дарожныя", што не растраціў,
Куплю ў кнігарні кнігу, а то й дзве.
У бедны той пасляваенны час,
Галодна-прагны на харчы для духу,
Без кніг дамоў я з Мінска не вяртаўся.

* * *

У сорак сёмым летам стольны Мінск,
Датла спажараны і зруйнаваны,
Яшчэ жахаў пустэчай папялішчаў
I зданямі сляпых муроў разбітых.
Пад Ляхаўкай, дзе Свіслач робіць выгіб,
У той луцэ на поплаве прырэчным,
Дзе да вайны быў слынны іпадром,
У сорак сёмым быў базар-таўкучка, —
Універсальны, пра які казалі,
Што толькі бацьку з маткай там не купіш.
Туды я і прыйшоў — прадаць-купіць.
Прадаўшы лодачкі, купіць штаны.
Народу — процьма, хоць і будні дзень.
Чаго, і праўда, тут не прадаецца —
На тлумным скопішчы людскіх турбот!
Я ў думках паўтарыў наказ-параду,
Што на дарогу мне сказала мама:
"Спярша прайдзіся, пацікаўся, колькі
За туфлі-лодачкі другія просяць,
Прыгледзься, ці такія, як і нашы,
Ці лепшыя, ці горшыя, а потым —
Вымай, паказвай і кажы цану.
На менш, чым трыста, не згаджайся, сынку.
Ну і пільнуйся ж, каб не ашукалі,
Там, знаеш, колькі ўсякага жулля..."

I вось — хаджу. Нібы — як пакупнік.
Гляджу і слухаю. Цікава — страшна!
Ай, як умеюць свой тавар хваліць!
Якою складнай, вострай мовай сыплюць!
А як таргуюцца! Як не ўступаюць
Ані пяцёркі! Сварацца ажно!
Тэатр, дый годзе! Цэлы б дзень, здаецца,
Глядзеў і слухаў паядынкі-сцэнкі!..
"Генеральская папаха!
Генеральская папаха!
Налятай, каму нядорага!
Ды і ўступім для каторага!"

"Чаравікі! Чаравікі!"
"Колькі?" — "Трыста просім!
Забіраеш?" — "Кошт вялікі!"
"Што ты круціш носам?
Ты бяры й не сумнявайся!
Дома дзякуй скажаш.
Будзеш біць — адно трымайся!
I ў труну ў іх ляжаш!"

"Бурнос па дзяшоўцы!
Бурнос па дзяшоўцы!
Купляй, чалавеча!
Бурнос — заглядзенне!
I сам будзеш цёгаць,
I баба адзене!.."

"Дзядзька, скінь хаця б пяцёрку!"
"Мо табе аддаць дарма?"
"Ён жа, глянь, зусім пацёрты!"
"Ты пацёртая сама!"

"Колькі просіш, мадам?"
"За "бумагу" аддам".
"Хіба разам з табой —
Тады, можа, й куплю!"
"Калі разам са мной —
Палавіну ўступлю!.."

"Што, падабаецца табе
Тальяначка? Бяры!
З ёй і ў асінавай журбе
Не будзеш знаць бяды!"
"Узяў бы, братачка, яе,
Узяў і не гадаў,
Калі б і рукі ты свае
Мне заадно аддаў".

"Ну харасо! Ну харасо!
Сто дваццаць концаных — і фсо!
I то, мадам, сугуба вам!
Бо візу, ві із тых, мадам,
Хто панімае, сто к цаму.
Дык вам — і льготную цану!.."

Прайшоўшы наўкруга і перасекшы
Базарны пляц упоперак крыж-накрыж,
Спыніўся я і выдыхнуў: "Ну, фсо!
Пара і мне свой торг распачынаць".
I я дастаў з партфеля цуд заморскі —
Карцінкі-лодачкі: мадэлі строгай,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, гладкімі, як шкло...
Ні ў кога тут падобных я не бачыў
I блізка нават! А таму цану
Я адпаведна вартасці назначыў:
Паўтысячы — і ні рубля ніжэй!
Мой "цуд" заўважылі, жанкі, вядома,
I пачалі спыняцца, браць у рукі,
Круціць, глядзець дасведчана і ўважна,
Але, пачуўшы, колькі я прашу —
"Ого! — ускрыквалі. — Ну й заламаў!"
I, таргавацца нават не пачаўшы,
Прэч адыходзілі або казалі:
"За трыста — хочаш, дык давай вазьму".
I я, напэўна, з пачуцця пратэсту
Супроць такой насмешкі і абразы,
Успыхваў раптам, траціў сарамлівасць
I ўсё смялей ім сыпаў у адказ:
"Вы паглядзіце толькі! Гэта ж цуд!
Такіх не знойдзеце ва ўсёй краіне!
Абуеш — і саперніцы капут!
Як тому гаду Гітлеру ў Берліне!"
Заўважыў: ацанілі мой нязвыклы
Прэтэнцыёзны хваласпеў тавару.
"Ты бач яго! Як складна прымаўляе!
I ведае, чым падкупіць жанчын..."
Натхнёны, пэўна, я і сапраўды
Зрабіў бы лодачкам сваім рэкламу,
Каб быў і змест у ёй, і склад, і лад.
Але патрэба ў тым адпала раптам.
Перада мной спынілася дзяўчына,
Мая равесніца, а можа, нават
I маладзейшая крыху, — дзяўчына
Такой чароўнай, дзіўнай прыгажосці,
Што я на момант там аслупянеў.
"Прынцэса! Тая, што ў кіно замежным
Нядаўна бачыў. Чыстая прынцэса!.."
З адкрытым, па-дзіцячы мілым тварам,
З блакітна-васільковымі вачыма,
З прыпухлымі пунцовымі губамі,
З даўгой і тоўстай ільняной касой,
У белай кофтачцы з бурштыннай брошкай,
У цёмна-шэрай клёшавай спаднічцы,
Як заварожаная, нейкі міг
Яна на лодачкі мае глядзела,
Затым, назад галоўку павярнуўшы,
Гукнула: — Мама! Мама, йдзі сюды!..

На кліч "прынцэсы" падышла жанчына —
Мажная целам, у квяцістым плацці,
Са скураною сумкай у руках.
— Глянь, мама, лодачкі, якраз такія,
Як я хачу, — і колер, і фасон... —
Сказала, гледзячы жанчыне ў твар,
Чароўнае, нябеснае стварэнне.
А я... а я з яе не зводзіў воч,
Забыўшыся, чаго я тут і хто я,
I адчуваў, як чырванею ўвесь,
Як залівае твар гарачай хваляй.
— Ну пакажы, — спакойна, не адразу,
Нейк па-начальніцку сказала маці.
I я падаў ёй лодачкі — абедзве.
Адну, з вялікім нецярпеннем, тут жа
Дачка схапіла — разглядае, ставіць
На даланю, і пальчыкамі гладзіць,
I зіркае на маці раз за разам
Такім шчаслівым позіркам, што я
Адчуў у сэрцы дзіўнае жаданне,
Каб іменна яна, яна, яна
Купіла лодачкі мае! I нават
Імгненна вырашыў: дзеля яе —
Цану спушчу, не буду таргавацца...
— Падыдуць, бачу зразу, што падыдуць, —
Пераканаўча, горача, напорна
Яна гаворыць імпазантнай маці,
Каб тая не ўсумнілася, крый бог!..
— Ды пачакай ты! Мы яшчэ не знаем,
За колькі хоча ён прадаць іх, можа,
У нас і грошай гэтакіх няма...

Я не адразу зразумеў, што просяць,
Каб я назваў цану, — мая ўся ўвага,
I думкі ўсе, і чуйнасць, і свядомасць
Былі забраны казачнай "прынцэсай":
Як сам не свой я чуўся перад ёй.
— Дык колькі ж, хлопец, хочаш ты за іх? —
Перапытала голасна жанчына.
I я — куды дзяваўся мой імпэт —
Адкашляўся і, каўтануўшы сліну:
— Чатырыста, — ледзь выдавіў з сябе,
— Што-што? Напэўна, ты жартуеш, хлопец! —
Зрэагавала насмехам жанчына. —
Табе ніхто за іх не дасць і трыста.
Але пра гэта рана гаварыць,
Спярша прымерыць трэба, ці падыдуць.
Хадзем на ўзбочча, дзе няма народу, —
I, згоды не чакаючы маёй,
Пайшла наперадзе, за ёй — "прынцэса",
А за "прынцэсай" — я, усхваляваны,
Разгублены — да роспачы амаль.
"Дык як жа гэта? Не дадуць і трыста?
Мне ж прапаноўвалі... Але такой бяды! —
I тут жа ўслед пераляцела думка
На іншае: "Каб толькі падышлі!
Каб толькі ёй у самы раз былі!.."
Ёй, што ішла перада мной спаважна,
У белай кофтачцы, у клёш-спадніцы,
Такая зграбненькая ўся ў пастаці,
Такая тоненькая ў паясніцы,
З такой прыгожай русаю галоўкай
На роўнай тонкай шыйцы пад касой!..
"Адкуль яна? Хутчэй за ўсё, мінчанка.
I не з галетных. Не з такіх, як я.
Цікава, як яе завуць? Напэўна,
Не па-вясковаму, не Верка, Волька,
А нейк, а нейк... Каб толькі падышлі!
Каб толькі ёй у самы раз былі!.."
— Вось тут і будзем прымяраць, — сказала,
Спыніўшыся на гладка ўбітай сцежцы,
Жанчына. — Дай-ка ж, хлопец, іх сюды!
I я падаў іх — лодачкі з-за мора,
З люстрана чорнай натуральнай скуры,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
— Скідай сандалікі, дачка, і мерай!
Я падтрымаю пад руку цябе...
Амаль не дыхаючы, я сачыў,
Як узбувае лодачкі "прынцэса" —
Без прыкладання сілы, асцярожна
Уздзела правую спярша і цупка
Ступіла ножкай на зямлю — і вось —
Ушчэнт шчаслівая глядзіць на маці.
— Ну што? Нідзе не цісне? — Як уліта!
— Бяры другую...
Левая таксама
Без намагання ўздзелася. "Прынцэса"
Ізноў шчасліва глянула на маці
I паўтарыла ўзнёсла: — Як уліта!
— Прайдзіся трохі!
I яна зрабіла
Тры крокі ўперад і назад... I тут...
I тут, адно цяпер заўважыў я,
Адно цяпер, калі яна прайшлася, —
Якія стройныя ў дзяўчыны ногі!
I не таму, што ў лодачках былі,
А ўвогуле... Ад Бога... Ад прыроды...
Якой прыгожай, дасканалай формы!
У светла-бронзавым загары летнім,
Чысцюткія, без драпінак, яны
Не проста так убачыліся мне,
А ўсхвалявалі нейкай таямніцай,
Што для мяне дасюль не існавала.

Ну так, дагэтуль я сваіх равесніц
Цаніў адно па тварыках, — глядзеў
На вочкі — каб свяціліся, як зоркі,
На шчочкі — каб успыхвалі ружова,
На носік — каб не вытыркаўся лішне,
На зубкі, каб — як белыя каралькі,
А перш за ўсё, бадай, на іх усмешкі...
Але на ногі!!. Не! I не таму,
Што не было на што глядзець, што ў кожнай
Яны былі да сінізны худыя,
Парэпаныя ад вады і ветру,
Абшэрпаныя, сколатыя ржоннем,
Сухім бадыллем і калючым хмызам,
Скусаныя сляпнямі... А таму,
Што не прыйшла яшчэ мая пара
Глядзець на ногі... Ну і вось, нарэшце,
Яна прыйшла. Упершыню ў жыцці
Я ўбачыў прыгажосць не зрокам воч,
А зрокам сэрца, што, па маладосці,
Яшчэ зусім сляпенькае было
I не паспела хоць бы раз затахкаць
Тым неўтаймоўным тахканнем, якое
Спыняецца адно ад замірання, —
Вось як цяпер, у гэтую хвіліну,
У гэты міг... О, што ж гэта яна?
Нібы на сцэне, на якім аглядзе,
Яна стаяла момант перад намі —
Перада мной і маці, хоць глядзела
Адно на маці, на мяне ні разу
Не павяла і вокам, — быццам я
Тут ні пры чым быў, выпадковы сведка,
Ці ўвогуле тут не было мяне.
"Ну бачыш? Бачыш?" — аж крычала ўся
Яе шчаслівая наскрозь істота.
I раптам... Каб упэўніцца самой,
Як адмыслова лодачкі глядзяцца,
Яна крыху схілілася наперад
I падцягнула — хай не замінае
Шырокім клёшам — шэрую спаднічку
Угору, — не нашмат вышэй каленак,
А ўсё ж вышэй... I мне перахапіла
Дыханне... Ад неспадзяванкі я
Дадолу вочы апусціў, няйначай
Рашыў зірнуць на шкрэбалы свае,
У латках спрэс, папрышываных дратвай...
Жанчына ўсё заўважыла, напэўна,
I зразумела ўсё — дый хіба цяжка
Было заўважыць ёй і зразумець,
Што робіцца з няшчасным небаракам,
Якое хмелле на яго найшло?

— Здымай! — сказала, як прысуд, жанчына,
Так, нібы ўсё ўжо вырашана ёю,
I ўсё ўжо зразумела: будзем браць.
Чуць павярнуўшыся ка мне, спытала:
— Ну што? Ты хочаш, каб яна ў тэатр
У гэтых лодачках хадзіла, га?
I я, наіўны, смешны, як хлапчук,
Кіўнуў на згоду і сказаў: — Хачу...
Як быццам з гэтай казачнай "прынцэсай"
Пад ручку буду я ў тэатр хадзіць...
Жанчына не стрымалася, відаць,
I спасміхнулася сабе паблажна
З дзіцячай прастадушнасці маёй.
I, не марудзячы, палезла ў сумку.
"Па грошы... Ну вядома!.. Будзе браць.
А колькі? Колькі?" — роспачна ў грудзях
Закалацілася імгненна сэрца.
"А колькі дасць?.. Яно сабе!.. Абы...
Абы ўзяла! Абы вось ёй... вось ёй!.."
Я палымнею ўвесь і адчуваю,
Што калі зараз мне жанчына скажа
Аддаць дарма іх — і дарма аддам!
Таму гляджу, няшчасны, не туды,
Куды павінен — не на тыя пальцы,
Што дастаюць чырвонцы, а на тыя,
Што далікатна лодачкі здымаюць
I ўжо трымаюць іх, нібы свае,
I ўжо назад мне іх не аддаюць...

— Дык вось, — пачуў я голас, як прысуд,
Якім страшэнна буду пакараны,
Які мае шчаслівыя пакуты
Імгненна ператворыць у нішто, —
Канешне ж, гэтулькі яны не варты
I гэтулькі табе ніхто не дасць,
Хоць цэлы дзень тут стой. А я — даю.
Тры сотні роўна. Чуеш? А чаму?
Адно таму, што ты сумленны хлопец.
Ты зразумеў? — зірнула ў вочы мне.
I я ізноў наіўна, па-дзіцячы,
Ёй у адказ ківаю: — Зразумеў!..
— Трымай! Яшчэ раз пералічым разам!..
I ў рукі мне, купюра за купюрай,
Адлічаная сума перайшла...
Я не паклаў іх зразу ж у кішэнь,
Я іх трымаў у пальцах і, напэўна,
Меў выгляд, быццам усумніўся раптам
I зараз закрычу, што перадумаў,
I гэтых грошай не вазьму... Але —
Раззяпілася на ўсю зяпу сумка
I праглынула лодачкі мае, —
Карцінкі-лодачкі, заморскі цуд,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З люстрана-чорнай натуральнай скуры,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
— Бывай здароў! — сказала мне жанчына,
Нібы даўно знаёмаму — звычайна
I як зусім даросламу — сур'ёзна.
— Да пабачэння! — хораша і шчыра
Сказала ўслед шчаслівая "прынцэса"
I паглядзела ў твар мне — першы раз
За ўвесь наш торг без торгу... У адказ:
— Да пабачэння! — я кіўнуў чупрынай
I паўтарыў мацней: — Да пабачэння!..
I аж пакуль яны ў гурме людзей
З вачэй не зніклі, я стаяў на месцы
I сам сабе шаптаў: "Да пабачэння!..
Да пабачэння!.."

Вось і ўсё, бадай.
Праз паўгадзіны, там жа, на базары,
Купіў за выручку сабе штаны
I там жа ў нейкага дзядка сівога
Даволі танна — "Книгу песен" Гейнэ,
Цудоўны, рэдкі антыкварыят!..

* * *

Дадому я вярнуўся адвячоркам.
Пашанцавала сесці на машыну,
Што ехала якраз ажно да Гайны.
Усю дарогу на грузавічку
Я думаў толькі пра адно — пра тое,
Што здарылася на базары ў Мінску, —
Пра неспадзеўнае маё спатканне
З чароўна гожай, казачнай "прынцэсай".
Заплюшчыўшы павекі, зноў і зноў
Перабіраў я ў памяці гарачай
Амаль што кожны момант, кожны міг
Яе прысутнасці на гэным торгу,
На той прымерцы, асабліва ж часта
Успамінаў, як глянула яна
Мне ў вочы, кажучы "да пабачэння".
Да пабачэння — значыць: да сустрэчы.
Дык мо і праўда пашчаслівіць мне
Спаткацца з ёй? Я ж буду жыць у Мінску,
Хадзіць па вуліцах, трамваем ездзіць,
Ды і ў тэатр зрэд часу заглядаць...
Калі сустрэнемся дзе-небудзь раптам,
Абавязкова ёй скажу: "А помніш,
Як лодачкі купляла на базары?
Не пазнаеш? То ж я іх вам прадаў!.."
Я быў амаль упэўнены: спаткаю!
Не можа быць, каб не спаткаў аднойчы!
Хоць і вялікі горад Мінск, а ўсё-ткі
Надзеі ёсць — я ж буду там штодня!
Гара з гарой не сходзяцца, а людзі
Абавязкова сходзяцца!.. Я веру,
Я веру, веру — сыдземся і мы!..

З такімі думкамі, з такім настроем —
Узнёсла радасным і акрылёным —
Зайшоў я ў хату. I адчуў адразу,
Па тым, як стрымана мяне сустрэлі,
Што тым часове здарылася штось.
Я расказаў і маме і малым,
Як па базары лодачкі насіў я,
Як не хацеў ніхто мне больш, чым трыста,
Даваць за іх, і як таму, нарэшце,
За гэту суму я іх і прадаў.
I паказаў штаны — сваю пакупку,
Надзеў іх нават тут жа, каб запэўніць,
Што я і ў гэтым не зрабіў праліку.
I выбар ухвалілі мой... Але,
Але ажно мне пачало рабіцца
Трывожна ўжо, — так, гледзячы на маму
I на малых, адчуў, што нешта стала,
Што нешта тояць ад мяне, і зараз
Пачую штось. I я не памыліўся.
Нарэшце мама, уздыхнуўшы цяжка,
Сказала: — Што ж, прадаў дык і прадаў,
А каб прывёз назад, каб не купілі,
Дык мо і лепей бы яшчэ было.
А то вунь цэлы дзень у пуні плача
I ўсё крычыць: нашто ён іх павёз?..
Не знаю ўжо, якой ёй рады даць.
Схадзі, мо ты як-небудзь угаворыш...

Тут і малыя ўзрушана, з трывогай
I спачуваннем да сваёй сястрыцы,
Загаманілі ўсе наперабой.
— Яна нічога цэлы дзень не ела!
— Ні снедаць не пайшла і ні абедаць...
— А мама так сварылася, хацела
Яе набіць... I плакала таксама.
— I ўсе мы плакалі, і ўсё казалі:
От каб даў Бог ён там іх не прадаў!
I каб назад прывёз! А ты прадаў...
— Ну досцыць, досыць! Сціхніце вы ўжо! —
Прыкрыкнула на іх нязлосна мама.
Я глянуў на яе — і занямеў:
Яна далонню вочы выцірае!..
I так шкада мне стала ўсіх адразу:
I маму, і сястрыцу, і малечу,
А можа, нават і сябе самога,
Што радасць мне мая — ужо не ў радасць,
Як бы я страціў права на яе...

Пайшоў у пуню. Меншыя, канешне ж,
Хацелі сведкамі пры гэтым быць,
Але пачулі мой сярдзіты голас:
— А вы чаго? Абыдзецца без вас! —
I зачыніў вароты за сабою.
У пуні, у кутку, на свежым сене,
Засланым шэрай посцілкай-рызаўкай,
Сядзела сплаканая ўшчэнт сястрыца.
Адкінуўшыся да сцяны спіною,
Глядзела ў шчыліну ў шчыце, адкуль
Лілося звечарэлае ўжо сонца.
Убачыўшы, што гэта я зайшоў,
Не ў твар мне, а на рукі паглядзела,
Як быццам спадзявалася, што ў іх
Я паратунак ёй прынёс ад смерці...
Але былі пустымі рукі брата!..
Я не паспеў загаварыць і толькі
Прысеў на ўскраек посцілкі насупраць,
Як, не ўздымаючы вачэй, сястрыца
Спытала роспачна: — Ты іх прадаў?
Я памаўчаў і адказаў: — Прадаў...
— Ты злодзей! Злодзей! — закрычала раптам
Яна і ўся затрэслася ад плачу.
— Ты ўкраў іх у мяне! Ты ўкраў! Ты злодзей!
Сыдзі з вачэй маіх! Сыдзі з вачэй!..
Закрыўшы твар далонькамі худымі,
Знясілена схіліла галаву
I безуцешна ўсхліпвала глыбока,
Усё радзей, што праўда, і цішэй.
Так даўшы выплакацца ёй яшчэ раз,
Я ўлучыў момант і спытаў знянацку:
— А ведаеш, каму я іх прадаў?
I дзіва дзіўнае: яна імгненна
Адкрыла твар і ўскінула пагляд
Крыху прыпухлых, мокрых воч: — Каму?
— Каму?.. Спачатку пакляніся словам,
Што ты нікому гэтага не скажаш.
— Клянуся чэсным піянерскім словам! —
Сур'ёзна, чынна выпаліла тут жа,
Як перад строем, бедная сястрыца.
— Прадаў адной дзяўчыне, ды такой...
Такой прыгожай — проста як прынцэса!
Каб толькі ты пабачыла яе!
У белай-белай кофтачцы шаўковай,
У цёмна-шэрай клёшавай спадніцы,
А вочы — сінія, як васількі,
А на спіне каса — як чысты кужаль,
А як уздзела лодачкі на ногі,
Як іх абула і прайшлася ў іх...
— А колькі ёй гадоў? — ад нецярпення
Аж перабіла мой расказ сястрыца.
— Дык як і мне, відаць. А можа, нават
I менш на год. — А як яе завуць?
— Не знаю. Матка з ёй была, дык дзе ж я
Пытацца буду! — А адкуль яна?
— Не знаю. З Мінска, пэўна. Ну канешне!..
Хвіліну цэлую сястра маўчала,
А потым: — А яны ёй падышлі?
— У самы раз, сказала. Як уліта!

Сястра ізноў замоўкла. Нейкі час
Сядзела ціха і без дай патрэбы
Круціла пальцам "кольцы" па рызаўцы.
Пасля ўсміхнулася нейк сарамліва
I, як дарослая, мне заявіла:
— Цяпер я знаю ўсё: ты закахаўся!..
— Не гавары пустое! — узлавана
Зрэагаваў я на яе заяву.
— Не бойся, я нікому не скажу, —
Па-змоўшчыцку міргнула мне сястрыца.
— Але, але... а як яе ты знойдзеш?
Ні як завуць, ні дзе жыве, не знаеш...
— Знайду! Не бойся! Мінск, хоць і вялікі,
Але ж я буду там аж тры гады
I хоць дзе-небудзь там яе спаткаю
— А ты штаны сабе купіў? — спытала,
Успомніўшы пра клопат мой, сястра.
— Купіў! Хадзем, пабачыш.
— Пачакай...
А ростам ці высокая яна?
— Высокая! Амаль як я. — Ого!
Дык добра! Я нізюлек не люблю.
А гэта — добра... А калі не знойдзеш? —
Перапытала зноў яна з трывогай.
— Знайду, сказаў жа! Ну хадзем, хадзем!
— Чакай!.. А мне ты скажаш, калі знойдзеш?
— Скажу. — I пазнаёміш нас? — А як жа!
— Ой, як я рада! — Ну хадзем! Хадзем!
— Чакай... Скажы, а я, — і ледзь не шэптам
Спытала: — Я таксама калі-небудзь?..
— Што — калі-небудзь? — не адразу ўцяміў,
Аб чым яна. Пачырванеўшы страшна,
Яшчэ цішэй сястрыца прашаптала:
— Мяне таксама нехта... пакахае?
— А як ты думала! Абавязкова!
Дый не такі, як твой нягеглы брат,
А самы лепшы, самы найпрыгожшы
У цэлым краі хлопец!.. Дык хадзем!
Яна мільгом саскочыла з рызаўкі
I, паглядзеўшы ў вочы мне, сказала:
— Я не злуюся ўжо, такой бяды!
Адно каб толькі ты спаткаўся з ёю...

* * *

Паўста гадоў прайшло ад той пары.
Сястрыцы мілай, у якой калісьці
Я гэтак жорстка радасць адабраў,
Ужо даўно няма: адгараваўшы,
Адмучыўшыся, рана, страшна рана
Пайшла ад нас... А я — яшчэ цягаў
Памалу-поціху свой воз нялёгкі,
Нагружаны грахамі, мабыць, так жа,
Як той магутны "студэбекер" сенам,
Што ў сорак сёмым вёз у Мінск мяне —
З маёю першай перад ёй віною...
I чым бліжэй мне да спаткання з ёй,
Тым балючэй, гарчэй я ўспамінаю
Той летні дзень, не раз пракляты мной,
Калі цішком, употай ад сястры,
Прадаў я лодачкі — яе надзею,
Яе, падораную лёсам, мару...
I хоць яна яшчэ тады ж мой грэх
Мне даравала, як у час расстання
I ўсе астатнія мае правіны, —
Усё ж няма, няма спакою мне,
I я, не знаю сам чаму, але
Хачу сказаць усім мужчынам краю,
Якога б сёння ўзросту хто ні быў:
Не прадавайце сестрыной надзеі,
Ні даччыной, ні матчынай, браты!
Не прадавайце! Як бы хітра д'ябал
Ні падбіваў вас на ганебны торг!
Не прадавайце! Каб пасля аднойчы
Не давялося горка шкадаваць,
Кусаць сябе за локаць і ў прыпадку
Бяссілля — біцца галавой аб мур.

Год выдання: