Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Былая сядзіба асадніка

 

На ўзлеску, дзе трава буяе дзіка,
Дзе захмызеў удзірванелы дол,
Калісь асадніка была сядзіба —
Чужынца-пана ўтульнае гняздо.

Ён думаў тут навек укараніцца
I ўсе загрэбці, ўсё прыбраць да рук:
I лес, і луг, і поле, і крыніцу,
I нават песню, што пяе жаўрук!..

Ён азіраў куток — амаль не райскі —
I верыў: «Я тут гаспадар адзін!
А ўсе Сымоны, Пётры ды Параскі
У служках будуць у мяне хадзіць.

Я выб'ю, выб'ю, — паўтараў ён хмура, —
Бунтоўны дух з тутэйшага хам'я:
Мая тут будзе панаваць культура,
I мова будзе тут гучаць мая!..»

Гугнелі модлы пад жалезным дахам,
Грымелі клямкі, бразгалі замкі.
А двор мычаў, і рохкаў, і кудахкаў,
I гагаў, і брахаў, — на ўсе бакі!..

I вось — нічога: ні двара, ні дома,
I цішыня — як быццам дзень аглух.
Адзін падмурак выступае з долу,
Ды яблыні здзічэлыя наўкруг...

Гляджу і думаю: які нялюдскі
I марны лёс асадніцкіх сядзіб!..
На ацалелым камені-прыступцы,
Як дух пустэчы, яшчарка сядзіць.