Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

З кроплі-кропелькі крыві гарачай...

Толькі што на старонках “Народнай Волі” народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч з сардэчнай любоўю павіншаваў свайго ўкраінскага пабраціма і сябра нашай краіны, найвыдатнага творцу і грамадскага дзеяча суседняй дзяржавы Дзмітра Паўлычку з яго 80-годдзем.

А заўтра, 30 верасня, свой дзень нараджэння — ужо 78-ы — сустракае сам. Канечне ж, каштоўным дарункам Нілу Сымонавічу будуць добрыя віншавальныя словы ад сяброў і блізкіх, знаёмых і незнаёмых чытачоў, якія не ўяўляюць свой духоўны свет без дыяментаў паэзіі, перакладаў і публіцыстыкі ад старэйшыны і волата сучаснай беларускай літаратуры. Але Ніл Сымонавіч не быў бы самім сабою, каб і ў такі дзень не толькі прымаў дары, а і не адорваў сам. Зусім нядаўна мы атрымалі 16-ы том з 23-томнага збору яго твораў, які складаюць эсэ, успаміны пра паэтаў і пісьменнікаў Беларусі — ад Скарыны, Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Крапівы, Куляшова, Танка, Панчанкі, Геніюш, Караткевіча, Брыля, Грахоўскага, Быкава і іншых валадароў беларускага слова да творцаў, што сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Неацэнная крыніца ведаў для ўсіх, хто цікавіцца роднай літаратурай, гэтая кніга (Мінск, ТДА “Пантограф”, 2009 г.).

А вось і новенькая, з пылу з жару: у серыі “Беларускі кнігазбор” (Мінск, “Кнігазбор”, 2009 г.) толькі што выйшаў ёмісты, важкі том “Выбраных твораў” Ніла Гілевіча з яркай прадмовай знанага філосафа-эстэта Уладзіміра Конана, які піша: “Амаль за шэсцьдзесят гадоў жыцця ў літаратуры Нілу Гілевічу, мабыць, не здрадзіла муза паэзіі... На еўрапейскім паэтычным кантыненце ёсць беларускі феномен: паэзія песеннага складу захавалася ў творчасці Н.Гілевіча і яго сучаснікаў, не страціла перспектывы на будучыню”.

Слушна сказана: усе мы захапляемся шматграннасцю таленту жывога класіка. Духоўнае і нацыянальнае Адраджэнне — і аб гэтым сведчыць гісторыя чалавецтва — нараджае творцаў універсальнага дару і моцнага характару. Што і пацвярджае Ніл Гілевіч — нашчадак вялікага сялянскага роду з Лагойшчыны — кожным днём свайго шчыравання на ніве роднай культуры, кожным словам, што вырастае “з кроплі-кропелькі крыві гарачай”.

Багаты плён гэтага шчыравання не ўціскаецца і ў 23 тамы. А як скласці адну кнігу з самага лепшага?
— Кнізе я рады, ды бядую, — прызнаецца аўтар. — Ніводзін сатырычны твор, п’есу ці пераклад прадставіць не ўдалося. Усяго толькі — 350 выбраных вершаў, дзве паэмы, раман у вершах “Родныя дзеці”, аповесць “Перажыўшы вайну”, эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры, тое-сёе з публіцыстыкі. Вось і ўсё...

“Вось і ўсё... Усяго толькі” — гаворыць прыродная сціпласць пісьменніка-інтэлігента. А насамрэч — гэтага “ўсяго толькі” хопіць для наталення і ўзвышэння душы мноству людзей, не глухіх да чарадзейства паэзіі. Гартаю старонку за старонкай. Усё — маё любімае. Маленькая чароўная паэма “Лодачкі”, дзе проза цяжкага пасляваеннага побыту сагрэта чысцінёй і самаадданасцю першага кахання... Раман “Родныя дзеці” — як на мой погляд, дык “Новая зямля” нашага часу, з яе найбалючымі праблемамі сённяшняй вёскі, пададзенымі праз захапляльна-пакручастую сямейную гісторыю. А вершы... Многія, праз гады і гады, у памяці і сэрцы — духоўнай апорай і асалодай мастацкай дасканаласці. Пяшчотна-лірычныя, поклічныя, іранічна-ўсмешлівыя... Пярліны-шэдэўры, што, злучаныя з музыкай лепшых нашых кампазітараў, пайшлі па свеце як народныя песні: “Вы шуміце, бярозы”, “Я хаджу, закаханы”, “Шлях да Беларусі”.

Чую сярдзіта-грэблівы голас “таксама пісьменніка”, намнога маладзейшага за Ніла Сымонавіча: маўляў, ну хто такі Гілевіч? Традыцыяналіст-правінцыял, не болей за тое...

Тут чамусьці згадваецца даўні эпізод, калі грозны цэкоўскі бонза ад культуры рабіў кіруючае настаўленне сваёй пастве. Яно гучала прыкладна так:
— Прекратите этот “лямант”: национальная культура, национальная культура... Где она?! Кто из вас назовет хоть один, всего один “твор”, нужный нашему народу? Что-о-о? “А я лягу-прылягу”?! Чему это учит? Вместо того, чтобы воспитывать активного строителя коммунизма, призывает валяться под кустом...

А тым часам беларуская песня “Вы шуміце, бярозы” на верш Ніла Гілевіча з музыкай Эдуарда Ханка ў выкананні “Сяброў” трыумфальна ляцела па абсягах былога Саюза, ды і зараз, праз чвэрць стагоддзя, радасна і дружна падхопліваецца любой залай у любой кропцы на карце - збяры там хоць мільён чалавек... А тым часам (зноў вяртаюся назад, да “высокай” ідэалагічнай накачкі) з паліц кнігарань і шапікаў “Саюздруку” змяталіся, бы ўраганам, непамысныя зараз 100-тысячныя тыражы тады яшчэ ананімнага “Сказа пра Лысую гару” (на жаль, ён не змясціўся ў томе “Выбранае”).

Аматары “скідваць Пушкіна з парахода сучаснасці” заўсёды знойдуцца. Толькі трэба мець маштаб геніяльнага Маякоўскага, каб прыйсці да некалі “павержанага” куміра з павіннай. А заслаба самім скідальшчыкам напісаць нешта такое, каб надоўга засталося на вуснах тысяч і тысяч людзей?

...На жаль, далёка не ўсе жадаючыя змогуць набыць кнігу любімага паэта — цяпер не тыя тыражы. І рэдакцыя не ў стане перадрукаваць хаця б самае-самае. Таму нагадваем вам, шаноўныя чытачы, толькі тры вершы, якія, верым, гавораць вам так многа.

З днём народзінаў, дарагі Ніл Сымонавіч! Здароўя Вам, творчага настрою і чалавечай мужнасці яшчэ на доўгія гады!

Аўтар: Святлана Кліменценка