Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Творчасць Ніла Гілевіча

Амаль за шэсцьдзесят год жыцця ў літаратуры народнаму паэту Беларусі Нілу Сымонавічу Гілевічу ні разу не здрадзіла муза паэзіі. Мабыць, калі-нікалі пакідала яго, але па малітве паэта вярталася. Яму пашчасціла быць нашчадкам моцнага сялянскага роду. Паэт нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947-га жыве ў Мінску. Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 г. атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 г. была высока ацэнена навуковая дзейнасць Н.С.Гілевіча: яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Яна не патрабуе нейкай асаблівай рэкламы, каштоўнасць мастацкага слова паэта відавочная. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык і публіцыст, сатырык і драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык. І ўсё ж феномен Ніла Гілевіча - не ў "цэхавай" прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе - у жыцці і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980-1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1996), старшынёй Таварыства беларускай мовы (1989-1997). Паэзію пацясніла перакладчыцкая творчасць, навуковая і публіцыстычная дзейнасць.

Выступаць з вершамі ў друку Ніл Гілевіч пачаў у 1946 г. У 1954 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1957 г. выйшаў першы зборнік "Песня ў дарогу" - паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў. З таго часу і па сённяшні дзень у розных літаратурных жанрах паэтам напісана каля васьмідзесяці кніг. На першым месцы ў гэтым творчым набытку паэзія: і лірычная, і эпічная, і сатырычна-гумарыстычная.

У творах зборнікаў "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959) і "Неспакой" (1961) выявіліся эскізы асноўных сюжэтаў і вобразаў, якія пазней сталі паэтычнай дамінантай Ніла Гілевіча: матывы маці і роднай матчынай мовы прыпадабняюцца да малой Радзімы, да Маці-Беларусі, беларускай народнай песні, што сімвалізавала душу нацыі, яе самабытную культуру. Загаловак трэцяга лірычнага зборніка "Неспакой" дакладна засведчыў пра духоўнае сталенне аўтара. Неспакойна на душы ў паэта ад таго, что былыя вяскоўцы, пабыўшы год-другі ў горадзе, саромеюцца спрадвечнага бацькоўскага слова. "Бальшак" (1965) - адна з самых інтымных, шмат у чым біяграфічных кніжак. Складаецца з лірычных гімнаў, малітваў у гонар роднай Лагойшчыны, вершаў-накцюрнаў, літаратурна-музыкальных рэмінісцэнцый і лірычных эцюдаў біяграфічнага зместу. Урэшце, лірычным "магістралам" да ўсяго цыкла стала песня "Вы шуміце, бярозы…". У кнізе "Перазовы" (1967) паэт стварыў вянок санетаў "Нарач", прысвечаны М. Танку. У зборніку "А дзе ж тая крынічанька?" (1972) медытатыўныя васьмірадковікі суседнічаюць з "вершамі беларускага складу" (М. Багдановіч), лірыка-эпічнымі паэмамі-ўспамінамі. Яны - пра вытокі нашай паэзіі і песні, пра яе стваральнікаў і захавальнікаў.

Кнігу "Актавы" (1976) віталі знаўцы паэтыкі. Ніл Гілевіч здзейсніў другую мару М. Багдановіча, далучыўшы наш верш да класічнай традыцыі шляхам набліжэння да музыкі. Пазней вобразныя вершы ў памеры актаў-васьмірадковікаў склалі зборнік "Святлынь" (1984), змест паэтычных шэдэўраў якога можна перадаць хіба што музычнымі санатамі, накцюрнамі і фугамі. Лірыка, сатыра і гумар, аб'яднаныя пад вокладкай кнігі "У добрай згодзе" (1979), адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы 1980. Раману ў вершах "Родныя дзеці" (1985) паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнёнай і рупнай працы. Твор рыхтаваўся спакваля, яго вобразы, матывы і фрагменты ёсць у папярэдніх кнігах. Публіцыстычны пафас, скіраваны супраць бездухоўнасці, спалучаецца на старонках рамана з іроніяй, калючым, з'едлівым смехам, здаровым народным гумарам, што дае падставы для параўнання твора Ніла Гілевіча з "Новай зямлёй" Я. Коласа.

Калі гаварыць пра надзённасць праблематыкі твораў Ніла Сымонавіча, то на пярэднім краі барацьбы з рознымі грамадскімі хібамі і заганамі, безумоўна, яго сатыра. Яго пяру належаць вершы, фельетоны, байкі, замовы, жарты, эпіграмы, шаржы, уключаныя ў зборнікі "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963), "Ці грэх, ці два" (1970), "Русалка на Нарачы" (1974), "Як я вучыўся жыць" (1974), "Кантора" (1989).

Шматжанравая творчасць Ніла Гілевіча 1980-1990-х гадоў развівалася ў кірунку набліжэння да новых праблем беларускай рэчаіснасці, радыкальнай адмовы ад рэліктаў савецкіх ідэалаў, да мастацкага спасціжэння драматызму постчарнобыльскага жыцця народа. Паэт умее востра бачыць не толькі рай, але і пекла. І ўсё ж ён не хоча пакінуць свайго чытача ля пякельнага бяздоння, прапануе пераадоленне трагічнага ў жыцці праз каханне. Кніга "Повязь" (1987) завяршаецца папулярнай на Беларусі песняй-заклінаннем "Мой лёс - каханне". Па гарачых слядах беларускай дзяржаватворчасці, змагання за мову, культуру, гісторыю Бацькаўшчыны ствараліся зборнікі "Незалежнасць" (1991), "Жыта, сосны і валуны" (1992), "Талісман" (1994; вершы, артыкулы, выступленні і інтэрв'ю 1992-1994 гг.). Кнігі-роздумы "На высокім алтары" (1994) і "Любоў прасветлая" (1996) склалі вершы і публіцыстыка, прысвечаныя роднай мове, нацыянальнай свядомасці і культуры.

Іншая іпастась творчай асобы Ніла Гілевіча - гэта яго навуковая дзейнасць у галінах літаратуразнаўства і фалькларыстыкі: "Акрыленая рэвалюцыяй: (паэзія "Маладняка")" (1962), "Наша родная песня" (1968), "З клопатам пра песні народа" (1970), "Паэтыка беларускай народнай лірыкі" (1975), "Паэтыка беларускіх загадак" (1976) і інш. Ён - укладальнік і навуковы рэдактар пяці тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Асобна трэба сказаць пра Ніла Гілевіча як пра перакладчыка, ці, дакладней, перастваральніка паэзіі славянскіх народаў на беларускую мову. За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры ён атрымаў ордэн Кірылы і Мяфодзія 1-й ступені. Урад Югаславіі ўзнагародзіў паэта ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Ніл Гілевіч - лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986; прысуджаецца ўрадам Балгарыі раз у пяць гадоў за паэзію і публіцыстыку). Творы народнага паэта Беларусі таксама перакладзены на многія мовы свету.

Аўтар невядомы