Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

На ўзвеях часу

Сцяпан удзень хадзіў цяслярыць -
Дамы цаліннікам стаўляць,
А вечарамі, каб памарыць,
Вымаў баян, садзіўся граць.

I з першай нотай, як на крылах,
Ён пераносіўся туды,
Адкуль яго пагнала крыўда -
Як птушку ў вырай халады.

Ад смутку-горычы, бывала,
Шаптаў: "Пашлю я ўсё ж пісьмо!.."
Ды крыўда мову адымала,
Сціскала дых, нібы ярмо.

"Калі яна цяпер не можа
Мне веры даць, як чалавек,-
Куды ж пускацца ў падарожжа
На ўсё жыццё, на цэлы век?

Ах, хай пакрые зелень бросні
Усё, што марна ўспамінаць!
Не першы я і не апошні,
Каму з такога пачынаць..."

А йграў ён так, што досыць скора
Яго прызванню "далі ход":
Ён маладым саўгасным хорам
Стаў кіраваць у той жа год.

I хор аднойчы, каб паднесці
Тутэйшай публіцы сюрпрыз,
Пачаў канцэрт з "Цаліннай песні"
Кіраўніка. I спеў на "біс!".

Такі быў поспех неспадзеўны,
Такі грымеў авацый шквал,
Што кампазітар самадзейны
Пачуўся п'яным без пітва.

I ўпершыню падумаў: шчасця
На свеце большага няма,
Чым да людской душы дапасці,
Каб засвяцілася яна.

Тым часам песня-навасёлка
Пайшла гуляць па цаліне.
I схамянуўся нейк Вячорка:
"А ўсё ж вучыцца трэба мне!.."

Адпрацаваўшы год як цесля -
Сякеркай, гэблікам, пілой,
Сказаў: "Давай, таварыш песня,
Да справы вернемся былой:

Ізноў засядзем за вучобу -
Каб не ўпусціць урочны час.
А дзе? Даверымся на спробу
Маскве: авось ды прыме нас!.."

* * *
Праз шмат гадоў з Масквы-сталіцы
Сцяпан вярнуўся ў стольны Мінск.
Не сам сабой - а з маладзіцай:
Як паўнапраўны сем'янін.

Музфонд кватэркай забяспечыў -
Жыві ды радуйся, маўляў!
На жаль, у шчасці чалавечым
Ён усё больш і больш губляў.

Яго прыгожанькая Феня,
Якую ён лічыў, сляпак,
Сваёй чароўнай, добрай феяй,-
Да грошай выявіла смак.

Пакуль не стала "палавінай",
Не бачыў ён за дымкай чар,
Як прагна Фенечка лавіла
Усякі сказ пра ганарар.

Датуль - зусім другое пела,
Пад ручку ходзячы ў кіно:
Усё пра Баха ды Шапэна,
Усё пра Грыга ды Гуно.

Цяпер адкрылася: ад Фені
Нямнога можа ён чакаць.
Ва ўсякім разе - аб натхненні
Забыцца трэба і маўчаць.

Яго турбот, пакут і болю,
Яго трывог, надзей і мар
Ёй не прыняць душой
Ніколі: Не дадзен гэтакі ёй дар.

А больш за ўсё ёй грызла сэрца -
Ніяк уцяміць не магла:
Чаго ён так у Мінск ірвецца
З яе сталічнага жытла?

Ніякі довад, што для творцы
Навек пакінуць родны край -
Усё адно што і памёрці,-
Не пераконваў - хоць канай!

З вялікім лямантам-скандалам
Усё ж паехала за ім -
I яшчэ больш увішна стала
Яго жыццё драбніць сваім.

I пацягнуўся быт бясконцы!
Сцяпан мірыўся, колькі мог,
Што аднадумца-друга ў жонцы
Яму не даў скупеча-бог.

Цяжэй было змірыцца з іншым:
Ён учарнеў ад адкрыцця,
Што Феня нават з усявышнім
Прыдбаць не здолее дзіця.

Прысуд быў болей чым жахлівы:
"Ну вось і ўсё! Да скону дзён -
I ў шчасці будзеш нешчаслівы,
I ў славе будзеш не славён..."

Тым часам шмат і ўчэпна вельмі
Пачаў ён думаць тут аб тым,
Як трэба мужна і сумленна
Шукаць свой голас, свой матыў.

Папраўдзе, гэтаму спрыяла
Сяброўства з дзедам Гарбылём,
Што ў ціхай хатцы бліз вакзала
Век дажываў свой бабылём.

Стары скрыпач і кампазітар
Быў не пусты - ідэйны дзед,
I праз ідэйнасць, як праз сіта,
Перасяваў мастацкі свет.

Людзей ён ведаў адмыслова,
I бачыў кожнага наскрозь,
I вызначаў беспамылкова,
Чаго ты варт і што ты ёсць.

Ці ты музыка з ласкі божай
I для цябе твой дар - твой крыж,
Ці - дзеля сытасці і грошай
Людзей забаўкамі чмурыш?

Ці ты турбуешся, каб песня
Ішла з глыбокай глыбіні,
Ці як мага падрэзаць пнешся
Яе жывыя карані?

На гэты конт было карысна
Сцяпану браць у дзеда ўрок.
"Або - або!" - катэгарычна
Сціскаў ён востры кулачок.

"Каб песню, вартую народа,
На поўны голас шчыра спець -
Што трэба творцу? Вельмі многа!
Радзіму ў сэрцы трэба мець!

Каб кожны дзень твой быў узлётам
Увысь, за звыклы небакрай -
З яе высокім ладам-лёсам
Ты ўласнай песні лад звярай!

Памры - не дай сабе пад крылы
Падвесіць фальшу страшны груз,
Што з-пад нябёс на дол абрыне
Тваю душу - у гразь і бруд!.."

Так гаварыў стары музыка,
Яго з увагай слухаў госць,
I пакрысе між імі ўзнікла
Накшталт ідэйнай змычкі штось.

Сцяпан любіў бываць у дзеда.
Гарбыль звычайна даставаў
Набор фарфоравы з буфета
I госця кавай частаваў.

У знак павагі, для вітання.
Перад гаворкай - на зачын.
Аднойчы дзед неспадзявана
Ушчаў размову пра жанчын.

Вячорка здзіўлены быў трохі,
Што жонак шмат каго з калег
Гарбыль пад суд падводзіў строгі
За іх адзін вялікі грэх.

"Да грошай прагныя страшэнна.
Штодзень тармосяць мужыкоў:
Давай! Давай! - і з іх кішэняў
Грабуць усё - да медзякоў.

Паўвека ўжо я назіраю
(Пра гэта зло не піша друк!),
Як лепшых хлопцаў прыбірае
Мяшчанства хцівае да рук!

Абы хто з іх успыхнуў ярка
Свячэннем ноты ці радка -
Ураз падлезе хітраванка
I забрытае прастака!

Ён ні спагады, ні падмогі
Не будзе мець да скону дзён.
Каму кладзе свой дар пад ногі -
Не разумее, ахламон!..

I не заўважыць, не адчуе,
Як з небам повязь абарве -
Пад дудку злыдня затанцуе,
У дружбе з д'яблам зажыве..."

Сцяпан тым разам ад старога
Пайшоў з цяжарам у грудзях.
"Ну, а які мяне самога
Чакае ў будучыні шлях?

I чым закончу я нарэшце?
Няўжо вось гэта мой і лёс -
Да скону з Фенечкай ва ўпрэжцы
Цягнуць паныла грузны воз?

I дзесь на рытвінах-калдобах,
Як той знямоглы конь стары,
Аднойчы рухнуць у аглоблях -
Задраць капыцце без пары?.."

Тым часам цешча, мама Фені,
Раптоўна сталася ўдавой,
I Феня ў моцным задуменні
Ізноў затрызніла Масквой.

Трохпакаёвая кватэра
Каля Садовага кальца -
Жыла ў яе душы, як вера,
Якой не здрадзіць да канца.

"Паеду,- Феня заявіла,-
Пабуду ў мамы нейкі час..."
Праз дзень, аднак жа, прыкаціла
З рашэннем цвёрдым, як указ.

"Дык вось табе, Сцяпан, умова:
Або - пярэбары ў Маскву,
Або - развод. I тэрмінова.
Бо ўсё вісіць на валаску..."

Ён зразумеў без тлумачэння
Яе жаданых думак ход.
Сабе сказаў: "Канец мучэння!"
А ёй: "Развод,- сказаў,- развод!"