Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Разлад

За ўсё жыццё падобнай ганьбы -
Перад самім сабой - не знаў
Сцяпан Вячорка. "Лепш няхай бы
Я ў гэны вечар там сканаў!.."

Яго з агіды калаціла,
Што ў гэткі пляснуўся ён бруд.
Аднак жа духу не хапіла
Пачуць Альжбецін суд-прысуд.

Яна спытала пры сустрэчы:
"Ці добра з'ездзіў? Раскажы!"
I ёй здалося, быццам нечым
Сцяпан прыгнечаны ў душы.

Адкрыты, шчыры па натуры
Зрабіўся штось негаваркі,
Якісь разгублены, пануры,
Наогул - "нейкі не такі".

Не без трывогі падступала
Яна да хлопца - раз і два:
- З табою, Сцёпа, нешта стала?
Маўчыш парою, як трава...

- Не выдумляй! - ён буркаў ціха,
А сам - і ў сне трымцеў адным:
Ці пранясецца тое ліха,
Ці перуном праб'е над ім?

Быў кожны дзень яму, як момант -
Як той замёрлы страшны міг
Між бліскавіцаю і громам,
Калі ты ўвесь - напяты слых.

Але міналі дні і тыдні -
Яго ніхто не выклікаў,
Каб суд вяршыць над ім агідны,
Што ён дзяўчыну ашукаў.

Сцяпан патроху стаў вяртацца
У свой ранейшы стан-настрой:
У педвучылішчы на танцах
Ізноў дзяўчат здзіўляць ігрой,

Хадзіць з Альжбетай у любімы
Садок ля Свіслачы-ракі,
Дзе ў вечар шыза-галубіны
Рука не просіцца з рукі...

Адно, што кепска: з той падзеі,
З тых дат, адносіны між ім
I Бэнсем рэзка ўхаладзелі -
Сцяпан адчуў яго чужым.

Ён успрыняў тады як здраду
Яго параду "не ўцякаць".
А здраду.... здраду нават брату
Сцяпан не змог бы дараваць.

I ён сказаў без далікацтва:
"Прадаў мяне ты з галавой -
I я прашу не заікацца,
Што мы сябры былі з табой..."

А тут яшчэ, на зайздрасць Бэнсю,
Які чарнеў ад "творчых мук",
Вячорка склаў такую песню,
Што нават выдрукаваў друк.

Амбітны Юзік ад здзіўлення
Не мог ачомацца ніяк.
Яго душу пачаў з карэння
Тачыць суперніцтва чарвяк.

Самаўлюбёнага без меры
Азлобіў сябраў поспех-плён.
Не, Бэнсь ніколі не паверыць,
Што нехта здольны больш, чым ён.

* * *

Альжбета ў ноч на схіле мая
Ад шчасця плакала ажно.
А ўранку з пошты атрымала
За смерць страшнейшае пісьмо.

Якісьці аўтар ананімны
У трох радках паведамляў:
"Разіня! Сцёпа твой любімы
Гілене пуза нагуляў!

Калі не верыш, то праедзься
У вёску Доўгія Брады,
Дзе выступаў ён у канцэрце
I волю даў сабе тады..."

Як непрытомная чытала
Яна забойчыя радкі.
"Дык вось чаму ён,- прыгадала,-
Вярнуўся нейкі не такі!.."

Пасля схапілася за сэрца
I, закрычаўшы нема "о-ой!",
Нібы падсечанае дрэўца,
Упала ніц на ложак свой.

I ні адной душы ў пакоі -
Ані адной з яе дзяўчат,
Каб хоць бы словам супакоіць
Ці хоць бы побач памаўчаць.

Яна нямела, абмірала
I, як у трызненні, у сне,
Адно бясконца паўтарала:
"Забіў ты, Сцёпачка, мяне!.."

Слоў не знаходзіла Альжбета.
Пераціналі спазмы дых.
"Як мог... як мог зрабіць ты гэта?
Ты - мой свяцейшы за святых?

А тое ўсё, што мы... што потым
Павінна быць было між нас?..
Пра што так марыла я ўпотай -
Аж калацілася не раз?..

Дык тое ўсё было няпраўдай?
Ты прытвараўся і хлусіў?..
У сэрцы, высцюдзеным здрадай,
Гадзюку чорную насіў?.."

Зусім знясіленая горам,
Ад слёз знямогшыся, ад мук,
Яна ляжала дзіцем хворым
I - не азвалася на стук.

Хаця на гэты стук заўсёды
Улёт ляцела да дзвярэй,
Каб родны твар, пагляд вясёлы
За імі ўбачыць найскарэй.

Цяпер "не-не!" - шапталі губы.
"Не-не! - круціла галавой.-
Ён здраднік, здраднік, а не любы!
Хай прэч ідзе, а не ў пакой!.."

А ён яшчэ пастукаў тройчы.
Счакаў. Паслухаў - цішыня.
На дзверыну націснуў трохі,
I - адчынілася яна.

Спытаўся голасна: - Хто дома?
Маўчанне. Хмыкнуў: "Можа, спіць?"
Зайшоў і ўбачыў: нерухома
Альжбета страшная ляжыць.

Сцяпан жахнуўся, крыкнуў: - Аля!
Падбег да ложка: - Што з табой?..
Не зварухнулася. Не ўстала.
Адно смыкнуўся ў вуснах боль.

Глядзіць, не міргаючы нават.
А што ў вачах - не зразумець:
Пагарда? Крыўда? Ці нянавісць?
Ці зразу ўсё? Ці, можа, смерць?

- Ты захварэла? Аля? Аля!
Ты што маўчыш? Кажы хутчэй!..
Адчуў: па целе ўсім, як хваля,
Трывога - жарам да вачэй.

Яго здагадка паласнула -
Аж адступіў назад на крок.
Альжбета моўчкі працягнула
Яму скамечаны лісток.

Ён прачытаў, і горкі посмех
Скрывіў яго прыгожы твар.
"Ну, вось і ў Бэнся творчы поспех!
Якраз у дыхавіцу ўдар!.."

Шпурнуў на стол лісток паскудны,
Прысеў на ложак, у нагах.
- Глядзіш, як быццам я - падсудны...
Ну й гад жа - Юзік, ну і гад!

Яго пісьмо - паклёп, не болей,
А ты паверыла яму...
Альжбета выдавіла з болем:
- Калі паклёп, тады чаму...

Чаму ты быў... пасля паездкі...
Нібы апушчаны ў ваду?..
- Чаму? Настрой быў вельмі кепскі:
Я ледзь не трапіў у бяду...

Яна глядзіць - жывая ледзьве:
"Ну, гавары ж ты, гавары!.."
- Там баба - хітрая, як ведзьма,
I ёй да пары - псюк стары.

Ну, і дачка... такая ж выжла!
Хацелі з ёю... ажаніць.
Нічога з гэтага не выйшла -
Мяне ў пятлю не заманіць.

Але ў душу наклалі бруду -
Такога бруду, што, відаць,
Усё жыццё выплёўваць буду.
I ўсё жыццё сябе караць.

Яна глядзела і чакала:
"А што далей? А што далей?.."
- Мяне наіўнасць ашукала:
Я дрэнна ведаю людзей.

У іх там, знаеш, самагонка -
Як звер: кладуць у брагу штось.
А я ў напітку гэтым тонка
Не разбіраюся... Ну й вось!

Мяне ўпаілі там... Сумысля.
Так, што і памяць адняло...
Яна глядзіць - нібы завісла
Над прорвай: "Потым... што было?"

- Прачнуўся ўранку, ну, а збоку -
Пачвара гэная... сапе...
Альжбета ўпрогалас глыбока
Паветра ўхліпнула ў сябе.

I закрычала: - Значыць, праўда!
Дык праўда ўсё ж, а не паклёп!..
- Якая праўда? Ёй бы варта
Пусціць за гэта кулю ў лоб!

Каб я - і з ёй?.. Ды ты вар'ятка,
Калі паверыла ў абман!..
- Ты з ёю спаў! Мне гадка, гадка!
Ты брыдкі мне! Ідзі, Сцяпан!

Ты і пачаў, відаць, з памылкі,
Калі ўнушыў сабе, што я...
Не, кошка брудная з памыйкі -
Вось муза творчая твая!..

Сцяпан, бы ўджалены, адразу
Падскочыў з ложка. Губы сцяў.
Такой зняважлівай абразы
Ён ад Альжбеты не чакаў.

- Вось нават як? Тады - нічому
Не веру й я... Тады - бывай!..
Праз месяц, кінуўшы вучобу,
Вячорка з'ехаў на Алтай.

Магчыма б, ён свой пыл і ўмерыў,
Калі б не ўбачыў неяк сам,
Як з Аляй вечарам па скверы
Хадзіў-гуляў якісь курсант.

А да таго ж камсорг Асьмінка
Сказаў, па дружбе, пад сакрэт,
Што паступіла ананімка
У камсамольскі камітэт.

Нібыта ён, Сцяпан Вячорка,
Дзяўчыну ў вёсцы збэсціў дзесь,
I будзе шумная "праборка" -
На калектыў студэнцкі ўвесь!

Вось толькі вернецца аднекуль
З камандзіроўкі сакратар...
"Не, я цярпець не стану здзеку,
Памру - не дам пляваць у твар!

Пачнём свой лёс каваць нанова.
Пасля - пабачым, паглядзім.
Урэшце, з гэткай установай
На свеце горад не адзін.

Часова прыйдзецца расстацца
З гарачай мараю сваёй..."
А што рабіць? Куды падацца?
Жыццё паўсюдна б'е бруёй.

Сама рэальнасць падказала:
Быў пяцьдзесят чацвёрты год -
I моладзь з мінскага вакзала
Штотыдзень брала шлях на ўсход,

У край аблогаў нечапаных,
У Казахстан і на Алтай -
Каб небывалы, нечуваны
Спячы цалінны каравай.

Туды, туды - увага, сіла,
I грошы-сродкі ўсе - туды,
Каб цаліна ускаласіла
На незлічоныя пуды.

Уся, здавалася, краіна
Надзеяй новай зажыла,-
На ўсе лады загаманіла,
На ўсе акорды загула,

Ад уяўлення, што за зерне
У свірны прыйдзе, хлеб які! -
Яшчэ глыбей Нечарназем'е
Туліла твар у хмызнякі.