Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Згадкі ў дарозе

Вячорка, стомлены мільганнем
Карцін-малюнкаў за акном,
Павекі звёў без намагання
I перанёсся ў родны дом.

Перш-наперш маці твар убачыў:
Маршчынкі дробныя ля губ
I вочы ў крапінках табачных,
Што аніколі не ілгуць.

Ля маці дзеці: Лёдзя з мужам,
Антось, Мікіта і Тамаш -
На гэты раз, напэўна, дружна
Збяруцца ўсе, як на кірмаш.

Ну, Тамашу збірацца ўласна
Няма чаго - ён там жыве,
Ён - гаспадар, ён у саўгасе
На працы ўдарнікам слыве.

Адзін з усіх застаўся дома.
Што самы меншы, можа быць?
Смяяўся: "Доля, братцы, доля!
Павінен хтось і хлеб рабіць!.."

Ён жонку Анцю (Антуніну)
Настроіў так на боскі строй,
Што меў дзяцей амаль асьміну.
Смяяўся: "Я - айцец-герой!.."

Хоць скончыў колісь толькі восьмы -
Адстаў ён мала ад братоў,-
Смяяўся: "Я - у дзядзькі Лёксы
Дзве акадэміі прайшоў!.."

Што тычыць Лёдзі - як зазвычай,
Яна прыедзе з Вінцусём.
Калісьці ў робе будаўнічай
Ён стаў Сцяпану швагрусём.

Вячорка ў тым далёкім годзе
Кансерваторыю канчаў,
Калі дазнаўся, што да Лёдзі
Якісь жаніх хадзіць пачаў.

Іх Лёдзя ў Мінску на будоўлі
Тады падсобніцай была
I аб сваёй дзявочай долі
Не турбавацца не магла.

Жыла ў рабочым інтэрнаце,
З гурмою гэткіх жа нявест,
I добра помніла, як маці
Засцерагала на ад'езд:

"Хаця ж не слухай кавалераў
Культурных гэных, гаваркіх.
Няхай іх выкаціць халера -
Тых ашуканцаў гарадскіх!.."

Ва ўсіх нявест безабаронных
З тых інтэрнацкіх катухоў
Жыў недавер да ім не роўных
Інтэлігентных жаніхоў.

"Хіба ён гэткі возьме замуж
Мяне - з будоўлі галату?
Адно ў душы пакіне замуць,
Пасее ў сэрцы гаркату..."

Ды вось у клубе іх на танец
Аднойчы Лёдзю запрасіў,
Па ўсім відаць, не "ашуканец",
Бядняк, мяркуючы па ўсім.

Сказаў дзяўчыне, што рабочы.
Праводзіў позна ў інтэрнат -
За разам раз глядзеў у вочы
I сыпаў досціпы - як град.

Хоць жартаваў замыславата -
Было прыемна ўсё адно.
Праз дзень - прыйшоў да інтэрната
З двума білетамі ў кіно.

Далей - амаль што кожны вечар,
Пасля работы - тут як тут.
I сімпатычны быў ёй нечым,
I нечым дзіўны, Вінька Шкут.

Найбольш сумелася дзяўчына,
Калі адкрыла незнарок,
Што не бядняк ён, як лічыла,
Што ён - прафесарскі сынок!

Аж не паверыла спачатку
I машынальна перш за ўсё
Паглядам змерала апратку:
На ім было амаль рыззё!

А ён сказаў: - Давацца дзіву
Няма чаго. Зірні-паглянь:
Народ не носіць габардзіну,
Народ апрануты ў паркаль!

I нейк паблажліва ўсміхнуўся: -
Не зразумела ты пакуль.
Не думай кепскае. Клянуся:
Я не басяк і не куркуль!..

Не зразумела, гэта праўда.
I напісала брату ліст,
Каб што параіў... Неадкладна
Сцяпан прыехаў к ёй у Мінск.

Калі пачуў, хто з ёй "на роўных"
Пачаў дружыць - скрывіўся ўраз:
- Ты бач яго, які "народнік"!
Напэўна, хітры лавелас!

Каб ачмурыць з будоўлі дзеўку -
Маўляў, і я - такі ж, як ты,-
Адзене світку ці паддзеўку,
Ну, і канечне ж - у кусты!

- Мяне? Павек таго не стане!
Хай паспрабуе, хоць у жарт!..
- Ну, што ж: іду з ім на спатканне.
Пабачу сам, чаго ён варт.

Не да канца спасціг загадку,
Правёўшы розведы, Сцяпан:
- Развесяліў мяне спачатку,
Калі ішлі паўз рэстаран.

Пытаю: "Можа быць, заглянем?
Прапусцім сціпла па адной?"
"Народ не мокне ў рэстаране!
Народ сілкуецца ў чайной!"

Вось так і ўрэзаў мне твой Вінька.
Як абухом - па галаве!
Хаця хваліўся, што крывінка
Патомнай шляхты ў ім жыве.

Магчыма. Хлопец дзіўны нейкі.
З бацькамі ў контры - і ўсур'ёз.
Ён не бярэ ў іх ні капейкі.
Ну, і таму не ў пудры нос,

Сказаў: не возьме нізавошта.
Жыве на ўласныя грашы.
Працуе. Вучыцца завочна.
Мне - самастойнасць па душы.

Аднак... ужо і зараз бачна:
З такімі думкамі - наўрад
Ці зробіць ён цябе багачкай,-
Падсумаваў з усмешкай брат.

- Я не ганюся за багаццем,
Адно б душы не знаць пакут...
I неўзабаве стаў ім зяцем
Дзівакаваты Вінька Шкут.

Амаль што два дзесяцігоддзі
Крылом галубіць іх анёл,
Але раскошы ў доме Лёдзі
Не адшукаць і ўдзень з агнём.

Вінцусь праз грані той жа прызмы
На свет пражорлівы глядзіць
I ў тым жа духу афарызмы
Не перастаў пуляць-пладзіць.

I часта Лёдзя: "Ну, народнік! -
Крычыць нязлосна на яго.-
Дальбог, куплю табе наморднік,
Каб не брахаў абы-чаго!.."

Сцяпан у думках спасміхнуўся,
Як уявіў славесны шторм,
Што ўздымуць дома немінуча
Антось з Мікітам і Шкутом.

Антось на слова быў заядлы
I апанента ў спрэчцы браў
Што называецца "за яблык" -
Дыхнуць секунды не даваў.

Ён быў філосаф-сацыёлаг,
Дацэнт сталічнай ВНУ.
З натур дасціпных і вясёлых.
I клаў за праўду галаву.

Таму Антося шанавалі
Адзінаверцы і сябры,
Ды часта ў пене бушавалі
Акадэмічныя "зубры".

Ён мог бы век не знаць дакукі,
Каб на ражон не пёрся сам.
"Аб эфектыўнасці навукі"
Аднойчы працу напісаў.

Сацыялогіі айчыннай
Наважыў трохі памагчы:
Як цесна ў сувязі прычыннай
Стаяць Навука і Харчы?

Грунтоўна вывучыў, даследваў
I сцвердзіў з жарам у крыві:
Якая процьма дармаедаў
Пасецца ў многіх НДІ!

У пераказе дзядзькі Лёксы
Карціна выглядзела так:
Антось рашыў зімой у вёсцы,
У цішыні, пісаць трактат.

Падсунуў стол да самай грубкі -
Каб ногі ў цёплае ўпіраць,
Паклаў канспекты, картак грудкі,
Паперы чыстай пачак пяць.

Ну, за работу, Анцік! З богам!
А маці строга наказаў:
"Вары мне толькі груцу з бобам -
Штодзень каб поўненькі казан!.."

За месяц, седзячы на груцы,
Зрабіў трактат лістоў на сто:
"Ці трэба заткалы ў навуцы,
А калі трэба - дык нашто?"

I выйшла: заткалы патрэбны!
Дарэмна скрыва хтось глядзіць:
Ніколькі нават не ганебна
Сягоння ў заткалах хадзіць!

I больш таго: у тым і штука,
Што калі недзе ёсць уздым
I мае поспехі навука,-
Дык гэта дзякуючы ім!

На працы заткала шчыруе -
Шукае, доследы вядзе!
А той, хто заткалам кіруе,
Сваё імя паўзверх кладзе.

"Тады наш Анцік чуць не спёкся -
Шаноўных шмат увёў у злосць..." -
Так разабраўся дзядзька Лёкса
У тым, што высветліў Антось.

Наогул, дзядзька ўмеў надзіва
Адчуць турботы племяшоў.
З Антосем ладзіў асабліва -
Сваю натуру ў ім знайшоў.

Меў дар маўлення смехатворац,
I ўсе браты сябе не раз
На тым лавілі, што гавораць
"Нутром" ягоных слоў і фраз.

Як антыпод і выключэнне
У іх гурбе - Мікіта быў.
"З ім гаварыць - адно мучэнне",-
Мікіту дзядзька не любіў.

На свяце ж будзе і Мікіта -
Старэйшы самы, зводны брат.
Хоць нос трымае самавіта -
Прыедзе к маці ў акурат.

Аддаць належнае тут трэба:
Не забывае родны дом.
Ягоны бацька Зміцер Рэпа
Пакінуў Зосю маладой.

Той год быў "годам пералому",
I Рэпа, сельскі актывіст,
Па прапанове выканкому
Старшыняваць пайшоў кудысь.

Ён заглядаў дамоў наездам
I ўсё радзей - пакуль здаля
Не дапаўзла да Зосі вестка:
Другая ўжо з ім спіць, змяя!

Пакінуў Зміцер жонку з сынам -
Пяцігадовым хлапчанём.
Ото ж яна і ўгаласіла,
Калі збіраў пажыткі ён!

Крычма крычала паратунку,
Мікітку трэсла з усіх сіл: -
Прасі, сынок, прасі татульку,
Каб ён цябе не сіраціў!

I сын прасіў - услед за маткай
Крычаў: "Татулечка, не едзь!
Забі змяю, забі, мой татка,
А то змяя цябе заесць!.."

Не апрытомнеў Рэпа Зміцер
На слёзны лямант хлапчука.
На развітанне воч не выцер -
Не абрасілася шчака.

Душы ж дзіцячай неакрэплай
Ён рану страшную нанёс.
На ўсё жыццё Мікіта Рэпа
Застаўся з крыўдаю на лёс...

А Зося выйшла за Якуба
I - да някліканых нягод -
Жыла з ім проста міла-люба:
Спраўлялі хрэсьбіны штогод.

Мікітку - горача любіла,
Ад крыўды чуйна берагла.
З праклятай даты - не набіла
Яго ні разу: не магла.

I калі ўсё-такі ён вырас
Непамяркоўным, грубым, злым,-
Быў вінават, відаць, той вырак,
Грымаса здрады над малым.

На ўласны хлеб пайшоў ён рана
I рана ўлады зведаў смак.
Да ўсякай мэты крочыў прама.
Амбіцый меў ажно зашмат.

Каб не ўніжаць аўтарытэту,
Ён Рэпу справіў на Рэппо,-
Хоць землякі замену гэту
Не прынялі, яму назло.

У вочы звалі "паважаным",
За вочы - тыя ж языкі
Маглі назваць і "Абіззянам",
Ого, як могуць землякі!

Мянушку гэту меў ён змалку.
А праз каго? Чыя віна?
Ды ўсё праз тую поскудзь-малпу,
Каб тройчы выдахла яна!

Калісь настаўніца Марыніч
Свой падапечны шосты клас
Павезла ў горад, каб звярынец
Ім паказаць: гасціў якраз.

Усё агледзелі: мо дзвесце
Звяроў і птушак - па чарзе.
I прыпыніліся нарэшце
Ля клеткі з рослым шымпанзе.

Касмач стаяў і чухаў брыдка
Даўжэзнай лапаю жывот.
Такое ўбачыўшы, Мікітка
Аж да вушэй разявіў рот.

Ад дзіва пырснуў смехам хлопец
I ўцехай-радасцю заззяў:
- Вы гляньце, гляньце, што ён робіць -
Вялізны гэны абіззян!

- Не "абіззян", а "обезьяна"
Па-руску трэба гаварыць,-
Марыніч ціхенька сказала,
Каб перад дзецьмі не журыць.

Але Мікітка тут жа ўспыхнуў
I ёй без бою не ўступіў
(Ужо тады ішло на пыху -
Заўваг крытычных не любіў!):

- Дык абіззяна - калі маці,
А калі бацька - дык жа як? -
I нават з крыўдай патлумачыў:
- Чаму ж ёсць гуска і гусак?..

Малыя тут жа падхапілі
Няўдалы моўны наватвор
I да Мікіткі прыляпілі:
Ты - аўтар, значыць, гонар - твой.

У вёсцы так было адвеку:
Калі дасціпнае імя
Прышпіліць нехта чалавеку -
То не здзярэ і смерць сама.

I дзеці вырастуць і ўнукі
Пад гэтым імем - цэлы род
Яго без крыўды, без дакукі
Адносіць сто гадоў і год!..

Вось так, пад роўны гул матора,
Сцяпан, схіліўшы галаву,
Успамінаў, каго ён скора
Пабачыць дома наяву.

А найчасцей перад вачыма
З'яўляўся даўні эпізод:
Ушчэнт шчаслівая дзяўчына
На вулку выбегла з варот.

У белай кофтачцы шаўковай,
I валасы - святлісты шоўк.
Глядзіць разгублена наўкола:
Няма! Спазніўся! Не прыйшоў!

Ні на дарожцы пешаходнай,
Ні на брусчатай маставой...
А ён знарок стаіўся воддаль
За тоўстай ліпай векавой.

Ах, тая ліпа-медавуха!
Як часта ў сэрцы ён пасля,
Калі даймала горыч-скруха,
Чуў весні шум яе галля!

I бачыў трэшчыны-маршчыны,
Што ўверх віліся па кары.
I - чысты, юны твар дзяўчыны -
Нібы лілея на зары...

"Ого! Яна вось-вось гатова
Заплакаць! К чорту гэты жарт!" -
Я тут! - гукнуў Сцяпан са схову
I выйшаў к ёй, на тратуар.

Не раззлавалася - ні трохі.
Ізноў імгненна расцвіла,
Прабегла тры-чатыры крокі
I - крылы-рукі развяла.

А ты?.. Дзівак! Нясмелы дурань!
Ці ж можна з гэткім паляцець?..
Успамінай цяпер і думай -
Пра заўтра думай, целяпень!

Напэўна ж прыйдзецца спаткацца,
Сустрэць... Праз дваццаць два гады!
Пра што пытацца? Як трымацца?
Ці засталіся хоць сляды -

Таго, што колісь хвалявала?
А што карысці, калі й так?
Тваё што сэрца захавала?
Які ў цябё застаўся знак?

Астаткі крыўды, шкадавання,
Ды думка скрушная, з якой
Даўно змірыўся ты: вяртання
Няма да ліпы векавой.

Няма вяртання і не будзе.
I вы ўдваіх, сабе ж назло,
Не варушыце, не турбуйце
Таго, што зеллем парасло.