Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Гамана ў застоллі

Народ, што праўда, быў застольны,
I гэта трэба разумець:
Ён і на слоўца болей вольны
I болей здольны пашумець.

Яму душу адкрыць ахвота -
Наросхрыст,
насцеж,
нарасхляб,
Каб выйшла вон уся згрызота -
На суд людскі і на разгляд.

I ён гаворыць! Хто - з суседам,
Што каля боку, хто - праз стол,
Хто - сам з сабой, хто - з цэлым светам...
Усе - гавораць! А пра што?

Пра што? Давай, чытач, хоць трохі
Мы іх паслухаем з табой:
Ці ўловім дух і стыль эпохі
У гамане па кругавой?

З каго пачнём? З дзядоў, канечне.
Старым пашану аддадзім.
Ці ёсць у мудрасці запечнай
Для нас што-небудзь - паглядзім.

- Калісь да гэтай самай "рускай",-
Пачаў разважна дзед Сівец,-
Быў селядзец у нас закускай -
Салёны, з бочкі, селядзец!

Ляжаў і керчанскі, бывала,
I астраханскі - на выбор!
Цяпер ніякага не стала.
Гавораць: звёўся, перамёр!

- А як яму не перамёрці,-
Прадоўжыў гучна дзед Сакол,
Пры чалавечай нашай корці
Усё паскудзіць навакол?

Якая толькі смерць-атрута
У нашы рэкі не бяжыць,
А з рэк - у мора, па маршруту.
Дзе ж селядзец той будзе жыць?..

I тут Вінцусь "уторкнуў шпільку" -
Прытворным тонам мудраца:
- Народ усмак цярэбіць кільку!
Народ не просіць селядца!

- Цяпер прызнаны і ўхвалёны,-
Яму ў адказ загуў Сівец,-
Марынаваны ці салёны,
Як след прыпраўлены, грыбец!

Баравічок марынаваны
Не ўступіць закусі любой!
А рыжык! Пане мой каханы!
Адно падхоплівай губой!

Салёны рыжык - гэта, братка,
Табе не нейкі чорны грузд:
Усю талерку зменціш гладка,
Калі, вядома, маеш густ!..

I зноў Вінцусь - ну дай ты рады! -
Гукнуў - аж рэха на дварэ:
- Народ любому грыбу рады!
Народ і порхаўкі бярэ!

- Вось тут, шаноўны, ты ўжо хлусіш!
Народ якраз наадварот -
Прынамсі, ў нас, у Беларусі -
Не ўсякі грыб піхае ў рот.

- Антось казаў: паэта знае,
Здаецца, прозвішча на -ок,
Той, праўда, порхаўкі збірае,
Пакуль яны - як тваражок.

- Дык што за дзіва! Свенты Езус!
Адзін з заезджых грыбнікоў
Браў тыя ў нас, што з долу лезуць
Каля сухіх каравякоў!

Насіўся полем як шалёны;
Калі ж я жарт пусціў з губы -
Ён крыкнуў: "Гэта ж - чампіёны!
Найсаладзейшыя грыбы!"

Я не здзіўлюся, калі скора
Аб'явіць нейкі балантэс,
Што запяканка з мухамора -
Найдарагі далікатэс!

- Вось ты смяешся, а тым часам
Усё да гэтага ідзе:
Так, скора ўбачыш вокам ласым
I мухамор на скаўрадзе!

У грыбаварні вунь загрузка
Штогод змяншаецца ўдвая.
"Неперспектыўная закуска!" -
Вось так, браткі, скажу вам я.

Мы лёс грыбоў тады рашылі -
I многіх ягад, зёлак, траў,-
Калі магутны плуг машынны
У грунце вены перарваў.

Ці ж будзе лес грыбной кладоўкай,
Калі ў яго аж страх зайсці:
Нідзе - і ў цені нават - долках
Зялёнай плямы не знайсці!

Усохла ўсё і перасохла,
Трашчыць, як порах, пад нагой.
Не дастае карэнне сокаў -
Спажыўнай вільгаці зямной...

Ага! Няспешна, па-старэчы,
Пачаўшы з закусі, з яды,
Усё ж узбіліся нарэшце
На тэму важную дзяды.

Ну што ж, няхай памітынгуюць,
Хай на здароўе пабурчаць,
А мы кампанійку другую
З табой паслухаем, чытач.

Вунь - штось мурлыкаюць інтымна
Сяброўкі даўнішнія дзве.
Ці не аб тым яны, што стыдна
Сказаць услых пры грамадзе?

- Цяпер з нас кожны сам сабою -
У шлюбе больш "не састаім".
Ад жаніхоў - няма адбою!
А ты як - з дзедам са сваім?

- Жыву... Ты ж ведаеш Ямполя:
Не я пры ім, а ён пры мне.
Адной і ўцехі, што ніколі
I словам колкім не кране.

Са мной ён пурхацца не можа:
Я ж кожны дзень пры барышы...
- Дык вельмі добра! Дай вам божа!
А ёсць хто-небудзь... для душы?

- Ну, калі хочаш ты ўжо ведаць -
I для душы таксама... ёсць.
А што? Варочаючы дзеда,
Намарна страціць маладосць?

Каб я была якой нягеглай
Або дурной - ні даць ні ўзяць...
Вось, ад'язджаючы, забегла
Касцюм свой новы паказаць.

Якраз купіла ў нашым ЦУМе.
I знаеш, што ён мне сказаў?
"Ты хараша ў любым касцюме!"
I яшчэ больш за сэрца ўзяў!..

Не, гэта слухаць нецікава!
Здзівіла б болей навіна,
Каб маладуха не ўцякала
Ад дзедугана-гругана.

Мы гэткіх шлюбаў многа знаем:
На кветках жэняцца карчы,
I тым карчам мы спачуваем,
Але не можам памагчы.

Мы нават чулі пра здарэнне,
Калі нямоглы корч адзін
На разагрэтую патэльню
Ад злосці жонку пасадзіў.

А што падняў там за праблему
Перад суседам тамада?
- Мне сын купіў касцюм з крышплену -
Дык братка мой: адна бяда!

Якой мне радасці, што модны?
Прайдуся ў ім туды-сюды -
Дамоў вяртаюся аж мокры,
Як быццам вылезшы з вады!

Што не камечыцца - я знаю,
Ды толькі ён не для мяне:
Пацею, млею і канаю
У гэтым штучным палатне.

А мы пытаемся ў вучоных
I самі ў думках моршчым лоб,
Адкуль усякіх незлічоных
На нас звалілася хвароб?

I дурню ясна, дзе прычыны:
Не трэба хіміяй фарсіць,
А трэба з лёну ды аўчыны
На целе вопратку насіць!..

Катэгарычны дзядзька вельмі.
Ды, як мы ўпэўнімся вось-вось,
Тут сэнс пытання не ў крымплене,
Нашмат шырэйшы сэнс тут ёсць.

- Дык, значыць, ты супроць прагрэсу? -
Спытаў уедліва сусед.
- Э, не! Хоць родам я і з лесу -
Мяне на мушку браць не след!

Я - за прагрэс! I ўвесь мой клопат
У тым, што мы, мясцовы люд,
Не беражом, не цэнім вопыт,
Які ў вяках капіўся тут.

Давай, каб больш было канкрэтна,
Сабе ж пытанне зададзім:
Чаму з табой мы гэтак рэдка
Бліны-грачанікі ядзім?

- Таму, што мала сеем грэчкі.
- Ну, а чаму? - пытанне зноў.
- Ды абыходжуся я, зрэшты,
I без грачанікаў-бліноў!

- Ты абыходзішся - то добра:
Да іншых, значыцца, прывык.
А ў Тамаша, у хлебароба,
Спытаў? Ці ён ўжо не ў лік?

У нас жа грэчка слаўна родзіць!
Мы можам мець яе ў адвал!
Чаму ж не маем? Што нам шкодзіць?
Стандарт і вал. Агульны вал.

Раней мужык, хоць жыў і бедна
I цёмны быў, а ведаў ён:
Да жыта й бульбы адпаведна
Патрэбен грэчачкі загон!

Дык вось прагрэс я мыслю гэтак,
А ты на вус матаць сызволь:
Засеем грэчкаю палетак -
"Дзе боб?", спытаю, "дзе фасоль?"...

Ну, што, чытач? Бадай, даволі
Нам слухаць Лёксу-тамаду,-
Іначай я цябе ніколі
Наўкруг стала не абвяду.

Хадзем са мной далей застоллем.
Вунь - бачыш гэных двух мужчын?
Давай ля іх крыху прыстоім -
Удумна гутараць! Аб чым?

- У нас падобных сем'яў многа,
Дзе ён - мужчына без заган:
Па ўсіх стаццях узяў ад бога -
Іван-царэвіч - як ні глянь!

А жонка - чорт ляпіў, напэўна!
Супроць яго - як ноч і дзень!
Такая, братачка, царэўна -
Хоць ты аброць на морду ўздзень!

Ну, сапраўды: якая ж пара?
Асілак, волат, багатыр -
I - сухарэбрая гаргара,
Яшчэ й гундосая прытым!

Або такая малюпашка,
Што меншай нельга і ўявіць,
Што і ў пасцелі нават цяжка
Пад коўдрай граблямі злавіць!

А ў той жа час плюгаваморды
I віслазады бегемот -
Глядзіш - вядзе пад ручку, горды,
Такую жонку - божа мой!

Ну рыхтык - з казкі Васіліса!
Нашто ж ёй гэны вымяед?
Ды на яе ж гатоў маліцца
Найлепшы, можа быць, паэт!

Не знаю, лёс тут неабачны?
Ці так само пайшло здаўна?
Найлепшы яблык - самы смачны
I самы спелы - есць свіння!..

Ну, вось, культурныя нібыта,
А зноў - пра жонак і мужоў.
Не, гэта тэма страшна збіта
I намі вычарпана ўжо.

Далей пакруцім круг сябрынны!
Чаго, напрыклад, хмурыць лоб
Ля боку ўласнай палавіны
Пляменнік Сохвіі Пракоп?

- Схадзі, як вылезем, на пошту
I ў Мінск дачушкам пазвані,
Каб пакупалі ў тазе кошку,
Як прыйдзе вечарам з гульні.

А то яшчэ якой заразы
Дзе набярэцца ля вуглоў.
Ты чуў?.. Чаго ж, як ад абразы,

Ты ад маіх скрывіўся слоў?

- А ты цішэй бы гаварыла,
Магла б і ведаць, што не ўсім
Пра нашу кошку слухаць міла! -
I ён пагляд наўзбоч скасіў.

На Вінцуся? Ну, зразумела:
Пачуў, напэўна, што сваяк
Якраз узяўся пляжыць смела
Кармільцаў кошак і сабак.

- Нам пачалі давацца ў знакі
Як звышбюджэтныя раты -
Дэкаратыўныя сабакі,
Дэкаратыўныя каты,

Што не бягуць на паляванне
I што не ловяць пацукоў.
Таму - законнае пытанне:
А хто гадуе тых псюкоў?

Нядаўна ў нашым магазіне
Я назіраў - быў сведкай сам,
Як выбірала мяса псіне
Адна фуфырная мадам.

Перабарляла ўвесь прылавак
I ўрэшце кажа: "Прадавец!
Знайдзіце выразкі кавалак -
Наш цюцік гэткага не есць!"

"Ядры ж тваю раскачарэжку!" -
Я ціха вылаяўся ўсмак.
Дык значыць я, на здзек-насмешку,
Ем, што не годна для сабак?

Не, вы задумайцеся толькі:
Выходзіць так, што ў кабяля
I густ на мяса болей тонкі?
Танчэй на цэлага рубля!

Ну, прадавец ёй рэзнуў прама
I нават пальцам пагразіў:
"Вы не туды прыйшлі, мадама!
Тут не сабачы магазін!.."

Вінцусь замоўк - чакаў, напэўна,
Што зараз нехта ў грамадзе
Яго дапоўніць так жа гнеўна
I тэме рысу падвядзе.

Але апроч "так, так, і варта",
Нічога болей не пачуў
I нават неяк вінавата
Прымружыў посмех уваччу.

Каб не цягнулася няёмкасць -
Наліў суседу леваруч
I, крутануўшы на ўсю громкасць,
У іншы бок даў слову рух.

- Ты што раскіс, мой мілы Зэлік?
Што глюгу звесіў над губой?
Давай, брат,- келіхам аб келіх!
Ці ж мы не родзічы з табой?

- Э-э, братка-братачка, каб мог я
Заразу гэтую глытаць -
Я б за здароўе бабы Зохвы
Быў рад і ў бутлі дна дастаць!

- Ты не зважай, што трохі шлакам
Ці дрывясінаю смярдзіць.
Народ не гоніцца за смакам!
Народ на градусы глядзіць!

Ты ж ад прыроды мудрамыслы
I энергічны чалавек,
А вось не п'еш - таму і кіслы,
Як нечым скрыўджаны навек.

Эх, Зэля, Зэля, мілы Зэля!
Ты б лепшы быў з усіх сяброў,
Каб не баяўся гэта зелле
Пускаць сабе хоць трохі ў кроў!

- Хоць трохі я пусціў, хоць трохі!
Праз не магу, праз калаццё,
Глынуў у гонар бабы Зохвы -
Каб ёй на доўгае жыццё!..

- Ах, значыць, выжлукціў кілішак?
Дык ты герой, брат, упаўне!
Запомнім гэта і запішам
Хоць качаргою на сцяне!..

Аднак жа годзе пра "глытанне"
I годзе ўвагі Вінцусю.
Тым больш што побач між братамі
Ідзе дыскусія ваўсю.

Антось-філосаф і Мікіта
За штось счапіліся не ў жарт.
Ну-ну! Чыё з іх будзе біта
I хто пакажа большы гарт?

Ого, на чым так не па-брацку
Яны скрыжоўваюць мячы:
Літаратуры і мастацтва
Іх сутыкнулі дзеячы!

- Аб іхняй творчасці я ў курсе,
I я далжон табе сказаць:
Ты брось! Тут дзела не ва ўкусе!
За жабры нада іх узяць!

Даволі ўжо качаць Машэку!
Даволі смех пускаць з пяра
I ўрэд прыносіць чалавеку -
Замест здароўя і дабра!

У наша ўрэмя, калі спутнік
Над светам космас бараздзіць -
Сатырапісцаў баламутных
Пазорам нада прыгваздзіць!

- За што ж, Мікіта? Праўда ў творах,
Якой бы горкай ні была -
Яна ніколі нам не вораг,
Не зло для нас і не бяда.

Як той папутны ў моры вецер,
Яна ўсёй сутнасцю сваёй
За нас - і больш за ўсіх на свеце
Мы зацікаўленыя ў ёй!..

Ну, што, чытач? Відаць, філосаф
У ім абранай галіне -
Як той казаў - не з голых-босых
I нешта мае ў галаве?

Мікіту б лепей не спрачацца,
Ды хіба ён уступіць верх?
Калі не тут - то дзесь пры чарцы
Яшчэ свой пусціць "фэерверк"!

Але мы спрэчку іх пакінем,
А лепш паслухаем крыху,
Як запрашае гаспадыня
Гасцей адведаць смакату.

- Ты ж піражка вазьмі, Барбарка!
Ой, крыўдзіш, кумка, даліпан!
Хоць пакаштуй, чаго ён варты -
Ці ўдаўся гэты марцыпан?

- Маўчы, кума, і не кажы ты!
Ну як вазьму я піражка?
Ці мой трыбух з трох полак сшыты?
Ці паўтара мяшка - кішка?

- На гэткі смачненькі кусочак -
Ты паглядзі: у мёдзе ўвесь! -
Яшчэ там знойдзецца куточак,
Бо застанецца - хто ж паесь?

А ты, Рыгор? Ну - колькі змогі!
- Не, я мучнога не хачу:
Я ж не жанчына - я ж хоць трохі
Яшчэ за таліяй сачу!

- Каб ты з сваёю таляй спёкся!
Яшчэ і дражніць баб!
Ты еш, Пакуль, як кажа дзядзька Лёкса,
Стол жыватом не адапхнеш!

Ты б сам сябе акінуў вокам:
Усмяг і высах у сцябле -
Як тычка! Зломішся няўрокам -
То пасмяёмся мы з цябе!

- А хіба лепш, калі здаровы
I малады дзяцюк ідзе,
А той жывот - нібы ў каровы,
Што вось-вось двойню прывядзе?

Па-мойму, гэта непамысна -
Таўсцець ад лішняе яды.
I прымушаць гасцей да місы -
Як і жадаць ім зла-бяды!

- О, бачна - рос далёка дзесьці!
А ў нас судзіла так сяло:
"Было ўсяго - і піць, і есці,
Але - прымусу не было!.."