Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Бацькоўскі кут

У край бацькоў, у кут свой родны
Сцяпан прыехаў раніцой,
Калі сады і агароды
Яшчэ свяціліся расой.

Напэўна, згледзеў хтось увішны
I абвясціў, што едзе госць,
Бо сустракаць да весніц выйшлі
I Лёдзя з Вінькам, і Антось,

I Анця з гуртам белабрысых
Малых сваіх "тамашанят"
(Як па ўнаследаваных рысах назваў іх
Лёкса, бабін брат).

А ўсіх паперадзе - матуля,
З хусцінкай - слёзы выціраць.
- А мой сыночак! Сэрцам чула,
Што ты прыедзеш гэты раз!..

Расцалаваўшыся з усімі,
Госць зноў да маці падышоў,
У вочы глянуў, што расілі
I вымаўлялі ўсё без слоў.

I сам заморгаў неспадзеўкі,
I пад руку пяшчотна ўзяў.
- Вядзіце ў хату, хлопцы-дзеўкі!-
Малечы весела сказаў.

У хаце ўбачыў і Мікіту -
Сядзеў пры пляшцы за сталом
I Тамашову "акавіту"
Пускаў па поўнай - сакалом.

Крыху сумеўся пры Сцяпане:
- Я тут... авансам, напярод! -
Прагуў, нібыта ў апраўданне,
I пульхным блінам выцер рот.

Пагаварыўшы цёпла з маці,
З братамі, з Лёдзяй і раднёй,
Сцяпан не стаў тырчэць у хаце,
Таміцца тлумнай мітуснёй.

Каб не ўшчуваць сябе дакорам,
Рашыў на могілкі схадзіць -
У той сасняк, на той пагорак,
Дзе многа ўжо з іх роду спіць.

Яшчэ прапрадзедаў вадзіла
Дарожка бітая туды,
Каб разумелі, што радзіма -
Не толькі дом, а і клады.

Па просьбе брата, Лёдзя спрытна
Зайшла ў гародчык пад акном -
Букет вяргінь яму настрыгла,
Што палымнеліся агнём.

I ён падаўся загуменнем,
Цераз аселіцу, кусты,-
Туды, дзе ў сонечных праменнях
Сасняк кудлаціўся густы.

Сцяпан ішоў няспешным крокам
Ускрай высокай збажыны.
Наўкол стаяў вясёлы строкат -
Купалле гралі цвыркуны.

А што ж замоўклі ўраз? Над полем
Нястрымны вецер шугануў.
Сцяпан спыніўся: неспакоем
Віхурна-рэзкі шквал дыхнуў.

Раптоўна моцна пацямнела,
Патухла далеч перад ім.
Як азірнуўся - на паўнеба
Сцяной нясецца буры дым.

"Пажар! - кальнула зразу ў сэрца.-
Лясы? Ці хаты? Штось гарыць!.."
I - зразумеў: не дым нясецца -
Тарфяны пыл сцяной ляціць!

Ў твар ударыла, як прыскам,
I вочы засціла імглой.
Да неба сёмага вятрыска
Зямлю уздыбіў над зямлёй.

Сцяпан стаяў, працяты болем,
Глядзеў, бяссільны, хоць заплач,
Як грозны дух нясе над полем
Сарваны з долаў плодны пласт.

Зямля ляціць у небе пылам,
Ляціць, імчыцца ўдалячынь,
Дзесь ападзе за небасхілам -
I не вярнуць яе нічым!

За сотні год на гэтым месцы
Не нарасце яна цяпер,
I ўжо ніхто тут не наесца -
Ні чалавек, ні птах, ні звер!

Пясок аголіцца ды камень -
Бясплодны, мёртвы мінерал.
"Зямля! Твой люд цябе вякамі
Бярог, любіў - не памірай!

Жыві, карміцелька-зямліца!
Радзі! Пладзі! Святкуй жніво!
I дзень і ноч гатоў маліцца
Я за здароўе за тваё.

Ды што малітва! Тут патрэбен
Разумны, рупны гаспадар,
Каб не ляцеў, не слаўся небам,
Як дым, жыцця прыродны дар.

Калі так весці асушэнне -
Пустыняй зробіцца разлог!.."
Сцяпан ішоў - і суцяшэння
Для горкіх дум знайсці не мог.

Успомніў гутаркі і спрэчкі
З меліяратарам адным -
Не з тым, што сам раўняе рэчкі,
А - што загад дае другім.

"Таму ты працу нашу хаіш,-
Кіпеў вучоны-інжынер,-
Што па натуры сам архаік
I непапраўны старавер!

Твая бяда, што ты не здольны
Пераступіць якісь парог,
Каб навізну прыняць бязбольна,
I мне шкада цябе, дальбог!.."

Сцяпан на момант прыпыніўся,
Абвёў паглядам шыр-прастор.
"Эгэй, мой кут, як ты змяніўся!
Стаў роўны й гладкі - нібы стол.

Дзе хмыз кусціўся нізкарослы,
Ляжаў-гібеў гадзючы рай,-
Там бульбы цягнуцца барозны
Амаль па самы небакрай.

Дзе буй гарбеў, капыццем збіты,
Як бубен, голы,- там наўсцяж,
Бы хвалі мора, ходзіць жыта
Напорнай сілаю жыцця.

Архаік? Я? Ды не, шаноўны!
I ты не вер яму, зямля!
Мне проста вельмі не ўсё роўна,
Што потым будзе тут - пасля!

Пасля мяне - праз трыццаць - сорак,
Праз сто і тысячу гадоў:
Ці не дагоніць ганьба-сорам
I там - пакладзенага ў дол?

Не вер, што марна ў спрэчку лезу,
I не спяшайся асудзіць:
Маўляў, таварыш ад прагрэсу
Рашыў цябе адгарадзіць.

Ты рвешся ў сонечнае заўтра,
Каб больш дрыгвою не драмаць,
А нейкі скептык-кансерватар
Разгон твой сіліцца стрымаць.

Ну, што ты, родная! Не рушу
Павек з жыццём наперакос.
Але каб жыць - я ведаць мушу:
Які далей твой будзе лёс?

Ніхто так, можа, не жадае,
Як я - каб гожай ты была,
Каб, як нявеста маладая,
Вясновай квеценню цвіла.

Таму й гляджу, амаль са страхам,
Тваіх улонняў кроўны сын,
Як ты нясешся пылам-прахам,
Да неба ўзнятая з нізін.

Яшчэ ж я думаю з трывогай:
А ці не выветрыцца так
З тваёй душы, як торф з аблогаў,
Уласнай долі вечны знак?

Няўжо! Няўжо, змяніўшы воблік,
Ты гэтак зменішся душой,
Што гэтых самых змен паводле
Мне станеш цёткаю чужой?

Не! Я ў тваёй шчаслівай долі
Знайшоў свой лёс - і для мяне
Чужой не будзеш ты ніколі:
I ў самай новай навізне!

Усё, за што табе пашану
Складаюць людзі пакрысе,-
Яшчэ мацней цаніць я стану,
На службе праўдзе і красе!.."

У гэткіх думках, непаспешна,
Ён узышоў на верх гары,
Дзе колісь леглі ўпобач, цесна,
Магілы брата і сястры.

Дух перавёўшы, парасторкаў
Вяргіні ў слоікі з вадой
I, нібы сцень, замёр Вячорка -
Сам-насам з горкаю журбой.

Глядзеў на ўпраўленыя ў мармур
Авалы з воблікамі тых,
З кім столькі год - з калыскі, змалу -
Хадзіў па сцежачках адных.

З кім разам рос і гадаваўся,
З адной агульнай міскі еў,
Адною коўдрай накрываўся,
Адны і тыя ж песні пеў.

Сястра Крыстына, Крыся, Крысця,
Была пяршаначка ў сям'і.
I ў горад першая калісьцi
Пайшла - на хлеб не ад зямлі.

Пайшла - каб дома гурт паменшаў
Хоць на адзін галодны рот.
Быў недаяду час. Быў першы
Пасляваенны, мірны год.

Яшчэ ў дварэ іх - пуста й гола.
Зямлянка ў плеснях. Рызманы.
I - голад, голад, люты голад -
Як самы страшны след вайны.

Той год ва ўдовае Анэлі,
Суседкі іхняй, дзве дачкі -
Блізняткі - спухлі, пасінелі
I згаслі ўраз, як светлячкі.

Вячорка помніў тое ранне,
Як маці з ім за край сяла,
Аж за крыжацкае курганне
Крыстыну з дому правяла.

Цвірчэлі жаўраначкі ў высі,
Адталым дыхала зямля.
А маці ўсё ўнушала Крысі:
- Цярпі - і звыкнешся пасля.

Старайся быць у дружбе з цёткай.
I не пярэч ні ў чым, глядзі.
Ну, мы ўжо вернемся са Сцёпкам,
А ты, дачушачка, ідзі!..

Крыстыну к сэрцу прыгарнула,
Абцалавала шчокі, лоб,
На добры час - перажагнула,
А слёзы - сыпяцца, як боб...

I горад бедна жыў, а ўсё-ткі
Меў хлеба кус на едака.
Спярша з паўгода Крыся ў цёткі
За харч глядзела хлапчука.

Пасля, прыблізна год з паловай,
Пакуль наелася ў адвал,
Яна ў бальніцы, у сталовай,
Цягала з кашай "катафалк".

Паднос цягала на калёсцах,
А "катафалкам" абазваў
Прыдумшчык смеху дзядзька Лёкса,
Калі ў бальніцы пабываў.

За дабрыню, што ў вочы біла,
За спрыт-старанне памагчы -
Бальніца Крысцю палюбіла:
I ўся абслуга, і ўрачы.

Тады ж якаясьці дакторка,
Спагаду ўмеючы цаніць,
Рашыла з Крысцяю Вячоркай
Свайго пляменніка жаніць.

Пляменнік гэны, Зэлік Лазнер,
Ужо не надта малады,
Рабіў цырульнікам пры лазні
У тыя бедныя гады.

Быў вельмі сціплым чалавекам,
Нячысты грош не ліп к яму,
I цётка Роха недарэкам
Лічыла Зэліка таму.

Ён жыў з пакутна хворай маці
Ва ўласным доміку старым.
Ці шмат памог там цётчын націск -
Але сышлася Крысця з ім.

I дваццаць год жылі бязбедна,
З дзіцячай верай у дабро,
Пакуль хвароба непрыкметна
Не падтачыла ёй нутро.

Сцяпан успомніў, як ён крочыў
У дзень расстання за труной,
Як засцілала з жалю вочы
Гарачай ліпкаю імглой.

Мароз быў - вейкі ледзянелі.
Дзень стыў у срэбраным сяйве.
Адно лісточкі зелянелі
На плацці крэпавым яе.

Грузавічок на сцёртых колах
Пад горку браўся ледзьве-ледзь.
Хоць ёй не страшны ўжо быў холад -
Без слёз няўсцерп было глядзець.

Пасля Сцяпану тройчы запар
Адзін і той жа сніўся сон:
Пад гэтай вось сасной разгатай
Наўзрыд галосіць-плача ён.

Галосіць ён, а голас нейкі -
Як незнаёмы, як не свой:
- А мой лісточак ты драбненькі,
А зелянюсенькі ты мой!..

На гэтым голас абрываўся -
Як бы стрыманы пры людзях,
I ўсякі раз ён прачынаўся
З цяжарам страшным у грудзях.

Садзіўся ў ложку ці на лаве
I, як малы ў былыя дні,
Ужо не ў сне, а ў шчырай яве
Ад плачу тросся ў цішыні...

А цераз год не стала й брата -
Яго найлюбага з братоў.
Была такой жахлівай страта -
Што злёг, вярнуўшыся з кладоў.

I зноўку сон... I зноў - пакутны.
I зноў - не раз сасніў, не два...
Ставок за вёскай цёплы, мутны,
I ў ім - шчаслівая дзятва.

I Лёнік, брат, крыху старэйшы,
З усімі цешыцца ў вадзе.
А ён - каменьчыкамі, жэўжык,
Абстрэл іх з берага вядзе.

Вядома - толькі каб спалохаць.
Ды, на бяду, зрабіў пралік:
Каменьчык трапіў брату ў локаць,
I ён пачуў нямоцны ўскрык.

Магла б услед настаць адплата,
А брат не выйшаў і з вады,
Стаіць на водмелі і плача -
Як храпак, белы і худы.

Дагэтуль плача несціхана
У снах ягоных па начах -
I гэта мучае Сцяпана,
I на душу наводзіць страх.

"Няўжо я мог так правініцца,
Так нечым скрыўдзіць у бядзе,
Што іншы мне ён не прысніцца,
А толькі - плачучы ў вадзе?

Няхай бы ён тады пагнаўся,
Злавіў і добра мне натоўк!
Чаму, чаму навек застаўся
Неадквітаным гэны доўг?.."

Стаяў Вячорка пад сасною
I скрушна-горка шкадаваў,
Што рэдка бачыўся з сястрою,
Гадамі ў брата не бываў.

Не з роднай хаты адляцелі
Іх душы - з клетак гарадскіх,
Яны ж абое захацелі,
Каб тут у дол паклалі іх.

Сцяпан акінуў вокам далі -
Бары, палі, лугі, сады...
"А мелі розум, што абралі
На супачын свае клады!

Мясціна - слаўная на зайздрасць.
Сюды - не сорам з "кірмашу"...
Ну, што ж, вярнуся ў хату зараз -
Скажу таксама Тамашу:

Калі памру - абавязкова
Вязі мяне ў бацькоўскі край
I тут, на могілках вясковых,
У родным доле пахавай.

Скажу: уваж і не пакрыўдзі -
Не пахавай, браточак, там,
Куды на свежы насып прыйдзе
Украсці кветкі п'яны хам.

Тут не рабуюць марадзёры
Слязамі зрошаных магіл.
Паклон прынёсшы ў смутку-горы,
Тут не надломваюць вяргінь..."

- Ці не Стафан, каб не змыліцца,
Прыйшоў з памінкам на пагост?..
Вячорка ўздрыгнуў: на сцяжынцы -
Стары з кійком. Валента Дрозд!

Ну, так, той самы Дрозд Валента -
Сухенькі, згорблены дзядок,
Што кожны год, як прыйдзе лета,
Малечу кліча ў свой садок.

I надзяляе ўсіх удоваль
Духмяна-спелай смакатой.
Яго ў суровы час нядоля
Навек зрабіла сіратой.

Сыноў абодвух, лейтэнантаў,
Не дачакаўся дзед з вайны.
Ніхто сказаць не можа нават,
Дзе пахаваныя яны.

Старую ў час блакады ў лесе
Схапілі злыдні - і на здзек
За белы свет у рабства звезлі,-
Там ад пакут і згасла дзесь.

Дачку з грудным яшчэ дзіцяцем
Тут расстралялі, у барку.
У тыя ж дні не стала й зяця -
Склаў галаву на Паліку...

Адзін застаўся дзед, каб скруху
Гадамі няньчыць пад страхой.
Сватоў і сваццяў - не паслухаў,
Сказаў: "Як-небудзь сам сабой..."

Сцяпан узрадваўся старому,
Як згадцы светлай у жыцці.
- Прыйшоў... Наведаўшыся дому,
Сюды няможна не прыйсці...

- Так, так, няможна! Род звядзецца,
Калі магіл не шанаваць...
Стары падняў з травы вядзерца:
- А я во - з хварбай, маляваць.

Дачку ж маю ты знаў, Мальвіну?
З дзіцяткам тут іх вечны сон.
Вось і прыходжу на магілу.
Унь - агарожа між сасон.

Сцяпан зазначыў: так маліцца
Ідуць у храм дзяды ў гадах:
У чыстых чорных нагавіцах,
У чаравіках на шнурках,

Кашуля сіняя навыпуск,
I паясок - па жываце...
Што ж, не карэнне драць на выспу...
- А як вы, дзядзька, жывяце?

- Пакуль што бога не турбую.
Жыву... Магілу во гляджу:
Прыйду - дзе трохі пахварбую,
Папраўлю, кветкі пасаджу.

Прасілі ў дом перастарэлых.
А што ў тым доме мне рабіць -
Сярод такіх, як сам, згрыбелых?
За што там вока зачапіць?

Я ж тут яшчэ пры дзеле нават:
Вяроўкі ўю, пляту кашы.
Які б ні быў для рук занятак -
Усё ж палёгка для душы.

От за адно перажываю,
Гнятуся думкаю адной:
Што калі дойдзе ўжо да краю -
Дам людзям клопату сабой...

Сцяпан з Валентам развітаўся
I, з пачуццём якойсь віны,
Зноў па сцяжынцы ўніз падаўся -
Ускрай той самай збажыны.

Зноў гралі конікі штосілы,
Ды ён не чуў - быў повен дум:
"Чаго мы ходзім на магілы?
Што нас вядзе пад сосен шум?

Ці жаль? Ці страх? Ці проста звычай?
Ці неўсвядомлены абрад?
Ці нейкай сілай таямнічай
Жыве ў нас памяць цяжкіх страт?

Чаго ідзём? Паплакаць горка?
Паспавядацца? Клятву даць?
Ці, можа, з гэтакіх пагоркаў
Сваё жыццё нам лепш відаць?

Свой шлях - у пошуках і ўдачах,
У заблуджэннях і грахах?
Ці ў гэткі час ясней мы бачым
Радзімы-Бацькаўшчыны шлях?

Ужо даўно і косці стлелі,
Зямлёй зрабіліся даўно,
А мы ідзём у прасвятленні
Аддаць пашану ўсё адно.

А мы ідзём і садзім кветкі
I з болем думаем падчас:
Ці будуць так нашчадкі-дзеткі
Прыходзіць некалі да нас?

Чаму ж нам ведаць гэта важна?
Таму, што ў вечны супакой
Нам не з жыцця сыходзіць страшна,
А з добрай памяці людской?

Калі б ды так! Калі б ды кожны
З маленства думаў, з першых лет:
Які - ці светлы, ці прыгожы -
Пакіне ў памяці ён след!

Дык дзе там! Вучымся з пагардай
На сэнс жыцця глядзець - няўцям,
Што жыць адно тады і варта,
Калі рабіць дабро людзям.

Рабі дабро! Хоць нават коштам
Апошніх сіл, апошніх мук.
I не пытай: каму? завошта?
Рабі - без просьбаў і прынук!

I не турбуйся сам, ці глуха
Закончыш ты свой круг зямны,
Ці - па значэнню і заслугах -
З аб'явай: "Доступ да труны..."

Чаму ж, таварыш Ненаежац,
Так не па-людску ты жывеш?
Што семярым спажыць належыць -
Адзін бярэш, грабеш, ірвеш?

Усё, чым грудзі ты азвончыў,
Што нахапаў ты за жыццё,-
Усё абсыпецца аднойчы,
Як з дрэва восенню лісцё!

I толькі неба гляне сумна
На "плён" нікчэмнай мітусні,
Якой ты гэтак неразумна
Ахвяраваў гады і дні.

А застанецца што? Маўклівы
Граніт на нейкай там вярсце...
Чаго ж мы ходзім на магілы?
Чаго душа баліць няўсцерп?.."

Сцяпан, углыбіўшыся ў думкі,
Ішоў па сцежцы, нібы ў сне,
I не заўважыў, як ля пунькі
Зноў апынуўся на гумне.

Глядзіць - Тамаш насустрач раптам.
Відаць, ён толькі што з касьбы:
У пыле ўся яшчэ апратка
I твар ад поту - аж рабы.

- Ну, ашчаслівіў ты, брат, маці!
Здароў, Сцяпан! - Здароў, Тамаш!
- Са мной не вельмі абдымайся:
Глядзі, касцюм свой не замаж.

- А ліха з ім, маім касцюмам!
Ну, як ты тут, браток, кажы!
- Убачыш сам, як пагасцюеш...
Усяк: і хлеб ем, і каржы.

- Ты што - і сёння на рабоце?
Адгулу нават не прасіў?
- Грэх пры такой гуляць пагодзе:
Хоць да паўдня - а пакасіў.

Дырэктар з просьбай палічыўся б -
Я сам... Ты знаеш... не магу:
Сабе сылгаць бы навучыўся,
Зімой каровам - не салгу.

- Ты бач яго! Не можа ўзімку
Сылгаць каровіным вачам!
Прысядзем, можа, на хвілінку?
Ці ты патрэбен вельмі - там?

- Не я, а ты: там муліць многім
З табой пабачыцца. Хадзем!
А мы - паспеем, пагамонім:
Ты ж мо прыехаў не на дзень?..